Ва Украіне партыі, у спісах якіх будзе менш за 40% жанчын, не зарэгіструюць на выбарах
На мясцовых выбарах 2020 года ЦВК будзе ўпершыню адмаўляць партыям у рэгістрацыі ў выпадку невыканання гендарных квот.
У кожнай пяцёрцы партыйнага выбарчага спісу павінна быць не менш як два кандыдаты кожнага полу. Гэта значыць гендарны мінімум для жанчын і мужчын складае 40%. Пра гэта гаворыцца ў Выбарчым кодэксе Украіны, які нардэпы прынялі напярэдадні Новага года. Партыйная сістэма абавязкова будзе дзейнічаць на выбарах ва ўсе саветы, дзе колькасць выбаршчыкаў перавышае 90 тысяч. У гэты пералік трапляюць усе аблсаветы і 30 гарадскіх саветаў.
На мясцовых выбарах гендарную квоту ўпершыню ўвялі ў 2015 годзе, але тады санкцый за яе невыкананне не было, як і адсутнічалі дадатковыя бонусы за захаванне гэтай квоты. Цяпер жа ЦВК упершыню ў гісторыі Украіны не зарэгіструе спіс партыі, калі выявіць парушэнні квотнага прынцыпу.
Калі на выбарах 2015 года можна было стаць кандыдатам ад партыі адразу ў саветы некалькіх узроўняў, то зараз дзейнічае новае правіла: адзін кандыдат — адно балатаванне. Гэта азначае, што калі раней адны і тыя ж кандыдаткі маглі дапаўняць гендарную квоту, то цяпер партыі павінны ўзмоцнена шукаць кандыдатак-жанчын, каб падаць спіс у розныя саветы.
«У выпадку невыканання арганізацыяй палітычнага партыі пры вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты адпаведных саветаў патрабаванняў Выбарчага кодэкса Украіны па забеспячэнні пэўнага ўзроўню прысутнасці ў выбарчых спісах і пераліках кандыдатаў — жанчын і мужчын — тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй будзе прымацца рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі ўсіх кандыдатаў», — каментуе член ЦВК Украіны Вікторыя Глушчанка.
Для партый, якія вылучаюць кандыдатаў у саветы населеных пунктаў з колькасцю выбаршчыкаў менш за 90 тысяч, гендарная квота засталася на ўзроўні 30% без ўказання парадку ў спісе.
Парламенцкая гендарная квота для наступных выбараў таксама вызначана на ўзроўні 40% і цяпер з'яўляецца абавязковай для выканання. На выбарах 2019-га яна дасягала 30% і не была абавязковай. Калі ж партыя, якая прайшла ў парламент, яе прытрымлівалася, то яна дадаткова атрымае 10% да сумы гадавога дзяржфінансавання.
Паводле censor.net.ua