Як Гарбачоў зрынуў Чаўшэску

25-я гадавіна смерці румынскага дыктатара Чаўшэску папоўніла калекцыю канспіратыўных тэорый румынскай рэвалюцыі 1989 года. Паводле адной з іх, гэта "Горбі" загадаў КДБ разабрацца з Нікалае.



kmo_096855_03539_1_t218_105410.jpg

Афіцыйная версія падзей снежня 1989 года ў Румыніі, напэўна, больш-менш знаёмая кожнаму. Рэжым Чаўшэску быў зрынуты ў выніку рэвалюцыі, непасрэдным пралогам якой былі хваляванні венгерскай грамады ў горадзе Цімішаара, што пачаліся 16 снежня. На 21 снежня ў Бухарэсце быў прызначаны праўладны мітынг, які нечакана перарос у беспарадкі і захопы міністэрстваў. Натоўп, які падтрымалі сілавікі, раз’юшылі перш за ўсё стрэлы невядомых снайпераў з дахаў урадавых будынкаў. Чаўшэску ўдалося збегчы са сталіцы, аднак у выніку ён быў захоплены жаўнерамі, і разам са сваёй жонкай Аленай паўстаў перад трыбуналам. На судзе яму былі прад’яўленыя абвінавачванні ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе ўласнага народа, адкрыцці таемных рахункаў у замежных банках і «падрыве нацыянальнай эканомікі». Чаўшэску быў расстраляны 25 снежня 1989-га, праз некалькі гадзін пасля суда.

Аднак афіцыйная версія мае свае нестыкоўкі. Перш за ўсё, незразумела, хто і паводле якой інструкцыі страляў па натоўпу 21 снежня. Не дзіўна, што яшчэ ў снежні 1989-га пайшла гуляць легенда пра тое, што снайперамі былі палесцінскія тэрарысты. Да таго ж, нашто было спяшацца з судом над Чаўшэску і пасля так хутка выконваць вердыкт? Аўтаматычна нараджаецца думка, што гэта магла быць нейкая пастаноўка, рэжысёры якой пераследавалі мэту расправіцца з Нікалае Чаўшэску як мага хутчэй, каб пасля не ўсплылі некаторыя непажаданыя факты.

Усё гэта вельмі хутка заклала глебу для цэлага комплексу канспіратыўных тэорый. Самая папулярная з іх — замест Чаўшэску на Каляды 1989-га расстралялі яго двайніка (у мэтах бяспекі спецслужбы трымалі шэраг падобных на Чаўшэску асобаў). Праўдападобнасці такой версіі дадавалі інтэрв’ю некаторых родных Чаўшэску. Тыя кляліся, што на здымках пакарання Чаўшэску выяўлены не іх родны. 5 гадоў таму, каб развеяць міфы, целы Нікалае і Елены нават эксгумавалі.

Аднак гэта не паўплывала на трэнды. Сваю ролю ў стварэнні міфу пра чароўнае ўратаванне Нікалае рэгулярна робіць і жоўтая прэса. Так, на пачатку нашага стагоддзя ў прэсе з’явіліся выявы Ніку Чаўшэску — сына дыктатара, які лічыўся забітым у часы рэвалюцыі. На выявах «нябожчык» спакойна шпацыруе па вуліцах Вены. Адразу пачалі казаць, што сын дыктара жыве ў Аўстрыі разам з бацькам. Пасля смакавалі сенсацыю пра тое, што адзін з катаў Чаўшэску быў яго тайным прыхільнікам, які, быццам, падсунуў паўстанцам замест куміра нейкага бамжа, якога і паставілі да сценкі.

Інкубатарам падобных міфаў была, безумоўна, сацыяльна-эканамічная атмасфера ў Румыніі. Цяжкасці трансфармацыі адрадзілі ў шматлікіх румынаў настальгію па «залатым часе» — так у часы сацыялістычнай Румыніі называлася эпоха кіравання Чаўшэску.

Натуральна, фанаты канспіратыўных тэорый не маглі прайсці міма нядаўняга 25-гадовага юбілею перавароту. Напярэдадні ў прэсе з’явіліся новыя невядомыя падрабязнасці снежаньскіх падзей 1989-га, якія, калі верыць іх аўтарам, патрабуюць татальнай рэвізіі поглядаў на тыя працэсы.

Найбольш вялікі інтарэс і шмат каментараў выклікала тэорыя пра тое, што за румынскай рэвалюцыяй стаяў СССР. Галоўным рэчавым доказам тут служаць апублікаваныя ў жніўні мінулага года нататкі аднаго з сілавікоў, набліжаных да Чаўшэску. 17 снежня на сустрэчы з імі Чаўшэску забараніў пускаць у краіну турыстаў з СССР і іншых краін т. зв. савецкага блоку. Прычынай стала іх падазрона вялікая колькасць (на той час у Румыніі нечакана высадзіўся 30-тысячны дэсант «рускіх турыстаў»).  Акрамя таго, Чаўшэску, быццам, праінфармавалі, што некаторыя тыя турысты былі заўважаныя падчас хваляванняў венграў у Цімішаары. Адначасова на тым жа пасяджэнні 17 снежня перапужаны Чаўшэску, быццам, запрасіў у Румынію спецназ з саюзных яму Лівіі і Ірану.

img_533839_b4b147bc52.jpg

Гэты пазл з пасяджэннем Чаўшэску і сілавікоў, сапраўдны, цудоўна кладзецца ў версію пра савецкі след у румынскай рэвалюцыі, якая была ўпершыню агучана яшчэ ў 2012 годзе ў французскім часопісе «Le Point». Такім чынам, рэвалюцыі ў Румыніі папярэднічала разборка паміж Гарбачовым і Чаўшэску, які не жадаў падтрымліваць гарбачоўскую праграму перабудовы. У дадатак Румынія як сябра Варшаўскай дамовы і Савету ўзаемнай дапамогі ператваралася ў базу для незадаволеных гарбачоўскім курсам. Кансерватары, напрыклад, віталі выступ Чаўшэску ў 1988 годзе на візіт Андрэя Грамыкі, якога румынскі кіраўнік абвінаваціў у правым рэвізіянізме. У Крамлі таксама баяліся, што асабістая нелюбоў Чаўшэску да Венгрыі можа набыць нейкія маргінальныя формы. У тым жа 1988 годзе Чаўшэску, як бы звяртаючыся на адрас Будапешта, паабяцаў стварыць атамную бомбу.

Сякера вайны, праўда, была выкапаная раней, пасля скандальнага туру Гарбачова ў Румынію ў 1987 годзе. Выступ Міхаіла Сяргеевіча перад функцыянерамі румынскай кампартыі быў сарваны за кошт таго, што аўдыторыя ўвесь час апладзіравала госцю (на самай справе, гэта быў трук Чаўшэску).

У адказ Горбі загадаў КДБ разабрацца з Нікалае, што, быццам, і зрабілі чэкісты. Некаторыя гісторыкі знаходзяць гарбачоўскі след, аналізуючы курс Іона Іліеску — намесніка Чаўшэску, які ўзначаліў краіну пасля рэвалюцыі. Калі ў 1992 годзе на Днястры пачаўся канфлікт, Румынія адмовілася дапамагаць Малдове, і Прыднястроўе хутка перайшло пад кантроль прарасійскіх сепаратыстаў. Ёсць думка, што нейтралітэт Бухарэста быў абумоўлены тайнай дамовай Масквы і Іліеску, на якога чэкісты зрабілі стаўку пры падрыхтоўцы перавароту. Сапраўды, дасюль мала зразумела, чаму з усіх цэнтраў апазіцыі, якія існавалі падчас рэвалюцыі ў Румыніі, нечакана на сцэну выйшаў і распіярыўся Фронт нацыянальнага выратавання, што заснаваў Іліеску (дарэчы, ён разам з Гарбачовым вучыўся ў МГУ).

Вось такая тэорыя. Натуральна, яна не больш пераканаўчая за версіі, якія намагаецца абвергнуць. Крытыкі ідэі пра гарбачоўскі след указваюць на тое, што савецка-румынскія адносіны ў 1989 годзе, наадварот, палепшыліся. Абмяркоўваўся шэраг буйных індустрыяльных праектаў у тым ліку з удзелам Венгрыі. І ўвогуле цяжка ўявіць сябе Міхаіла Гарбачова ў іпастасі арганізатара перавароту, асабліва з улікам таго, як ён празяваў путч у жніўні 1991-га. Таму тэорыю пра руку Гарбачова можна пакінуць у катэгорыі гістарычных міфаў. Аднак гэта не значыць, што з румынскай рэвалюцыяй усё зразумела.