Як мы вывучалі зялёную кнігу

Разам з крахам рэжыму Кадафі, здаецца, знік Рух рэвалюцыйных камітэтаў (РРК) — інтэрнацыянал аматараў “Зялёнай кнігі. Прапаную вашай увазе нататкі заснавальніка беларускай секцыі РКК.



2cc73b24083105c3d488cc61b606d4f0.jpg

Разам з крахам рэжыму Кадафі, здаецца, знік Рух рэвалюцыйных камітэтаў (РРК) — інтэрнацыянал аматараў “Зялёнай кнігі. Прапаную вашай увазе нататкі заснавальніка беларускай секцыі РКК.
Упершыню з Зялёнай Кнігай мне давялося сустрэцца ў пачатку 1990-х. Па інтэрнатах БДУ гуляў анекдот пра нейкага студэнта-прайдзісвета, які давёў лівійскаму ўраду пра тое, што беларусы з ранку да ночы прагнуць рэалізаваць на практыцы канцэпцыі Трэцяй сусветнай тэорыі. Адзінага ім быццам не хапае — дарожнай кнігі ў выглядзе публікацыі той самай “Зялёнай кнігі па-беларуску. Лівійцы далі таму беларускаму Бэндэру грант на пераклад і друк.
Існаваў матэрыяльны доказ праўдзівасці гэтай аферы (калі яна сапраўды мела месца). У шапіку ТБМ, які знаходзіўся каля цэнтральных чыгуначных кас, сапраўды прадавалася “Зялёная кніга на беларускай мове. Дзіўна, як дырэктар ТБМ Алег Трусаў дазволіў уключыць твор Муамара ў наменклатуру тавараў. Фаліянт, які заклікаў знішчыць прадстаўнічую дэмакратыю, быў выкладзены па суседству з мемуарамі вязняў ГУЛАГу і інструкцыямі “Што павінен рабіць сапраўдны беларус.
Прыкладна праз 7–8 гадоў тэма “Зялёнай кнігі зноў вярнулася. Адзін вядомы кіеўскі трацкіст прапанаваў важную сустрэчу. У нейкай кулінарыі каля станцыі метро “Політэхнічная ён раскрыў карты: трэба стварыць беларускую секцыю РКК у абмен на халяўныя семінары па вывучэнню “Зялёнай кнігі ў Крыму. Толькі б дурань адмовіўся ад такой прапановы. Хутка на гістфаку БДУ нарадзілася група фанатаў “Зялёнай кнігі.
Праз нейкі час нас сапраўды павезлі ў Крым семінарыць. Фармат семінараў, якія праводзіліся ў актавай зале нейкай школы, быў просты. Спачатку лекцыі пра змест “Зялёнай кнігі. Пасля адказы на пытанні аўдыторыі. Лекцыі чыталі лівійскія прафесары з дыпломамі акадэміі па вывучэнню “Зялёнай кнігі. На пытанні адказвалі кіеўскія трацкісты, якія касілі пад знаўцаў вучэння Кадафі. Інакш было нельга. Пытанні былі вельмі каверзныя: як у Лівіі лечаць гомасэксуалістаў або чаму Кадафі забараніў жаночы спорт.
Семінары нам спадабаліся, паколькі лекцыі цягнуліся максімум пару гадзін. Астатні час мы валяліся на крымскіх пляжах. Больш таго, па выніках мерапрыемства нам падаравалі гадзіннікі з выявай палкоўніка. Чуткі пра халяву ў Крыму радыкальна пашырылі кола аматараў “Зялёнай кнігі ў Беларусі.
І тут раптам прыйшла кепская навіна — у нас адчыняецца пасольства Лівіі. Негатыўны момант палягаў у тым, што па штату пры кожным пасольстве ёсць супрацоўнік, які адказвае за стан вывучэння “Зялёнай кнігі ў краіне. Перспектыва кантролю нашай дзейнасці нас мала цешыла. Аднак куратарам да беларускага РКК прыставілі нейкага Ахмеда. Ён быў вясёлы чалавек, які любіў пасядзець з намі ў кампаніі і паглядзець футбол.
Менавіта Ахмед прынёс нам радасную навіну — беларусаў запрасілі ў Лівію. І мы паехалі. Першае, што ўразіла ў аэрапорце Трыпалі, інтэр’ер прыбіральняў. Замест паперы ўжываўся шланг, з якога ўвесь час цякла вада. Як след, іх WC нагадвалі кватэру, якую заліў п’яны сусед зверху. Другі цывілізацыйны шок выклікала татальная забарона на алкаголь. Зялёнакніжнікі з былога СССР кампенсавалі недахоп паленнем кальяну і беспаспяховымі спробамі выйсці на чорны алкагольны рынак. Распавядалі, што некаторыя нават спрабавалі рабіць брагу з кавуноў.
Што тычыцца самой Лівіі, то яна выглядала дастаткова спакойнай краінай з малой сацыяльнай дыферэнцыяцыяй. Складалася ўражанне, што тутэйшыя ўвогуле не цікавяцца палітыкай. Яны ў лепшым выпадку гундосілі пра тое, што ў краіне зашмат гастарбайтэраў з Егіпту і чорнай Афрыкі. (Кадафі надаў ім права працаваць у краіне без працоўнай візы). Кадафі сапраўды насіўся з Афрыкай. Секцыі РКК у афрыканскіх краінах нагадвалі не тусоўкі студэнтаў і анархістаў, а сур’ёзныя партыі, якія маглі пазмагацца за ўладу.
Беларуская РКК, натуральна, ні пра якую ўладу не думала. Перыядычна мы рабілі нейкія семінары. Квасілі з арабскімі студэнтамі. Рытуалам было святкаванне 1 верасня Дня зялёнай рэвалюцыі. У гэты дзень лівійскае пасольства рабіла вялікія фуршэты. Самым моцным напоем на такіх прыёмах быў нейкі журавінавы сок. Таму госці тайна праносілі ў залу пляшкі. Асабліва гучна гудзелі выкладчыкі вайсковай акадэміі. Памятаю, яны дасвяткаваліся да такой ступені, што нават зламалі стул.
Як правіла, фэсты на 1-га верасня адбываліся ў “Журавінцы. Аднак аднойчы нешта абламалася, і з нашай дапамогай прыём арганізавалі ў бары “Йо-Йо, дзе звычайна збіраліся гомасэксуалісты. Дыпламаты з Лівіі, дзе сэксуальныя меншасці, як было згадана вышэй, прымусова лечаць, падвоху не заўважылі. Беларуская група была на добрым рахунку ў Трыпалі. У 2008-м нашага прадстаўніка ўключылі ў склад дэлегацыі, якая асабіста сустракалася з Муамарам.
Так склалася, што актыўнасць беларускага РРК залежала ад асобы куратара. Пасля таго, як Ахмеда адклікалі ў Лівію, інтэнсіўнасць прапаганды Трэцяй сусветнай тэорыі ў краіне прытармазілася. Адказныя за працу з намі ўзгадвалі пра неабходнасць пашырэння вучэння Муамара вельмі рэдка, выключна тады, калі іх тармашылі з Трыпалі. Апошні раз у пасольстве прачнуліся прыкладна за тры месяца да пачатку арабскай вясны. Нас заклікалі рыхтавацца да правядзення відэа-мосту. Мы, беларускія фанаты “Зялёнай кнігі, павінны былі атрымаць ганаровую магчымасць размаўляць з палкоўнікам. Аднак, як і сотні падобных праектаў, тэлемост застаўся выключна на паперы.
Паўстанне ў Бенгазі, здавалася, на нейкі момант кансалідавала РКК па ўсім свеце. Расійская і ўкраінская РКК заклікалі да кампаніі салідарнасці з урадам у Трыпалі. А нехта Васіль Точкін, фанатычны прыхільнік Кадафі з Масквы, нават паехаў ваяваць у Лівію. Апошні раз ён адгукнуўся з Тунісу. Аднак самі лівійцы ў пасольствах, у тым ліку куратары, вельмі асцярожна ўспрынялі ініцыятывы наконт кампаній салідарнасці. Было відавочна, што большасць супрацоўнікаў МЗС Лівіі хочуць проста перачакаць. Калі ў канфлікт умяшалася NАТО, яны хутка забылі пра тое, што яшчэ ўчора называлі сябе вернымі кадафістамі і ўзнялі зялёна-чорна-чырвоны сцяг паўстанцаў.
Будучыня РКК у СНД і ў свеце цяпер выглядае дастаткова сумна. Аднак некаторыя лічаць, што не ўсё так кепска. Прынамсі таму, што залаты запас Лівіі зараз накіроўваецца ў Нігер, дзе Муамар Кадафі, па чутках, атрымаў палітычны прытулак.