Яны пра нас. Замежная прэса пра Беларусь: 23–30 верасня

На радыкальныя захады Лукашэнка пайсці не рызыкне, але працягне лаяцца з Масквой. Не выпадковы і выбар суразмоўцы. Рапота кіруе апаратам Саюзнай дзяржавы, і ў гэтай якасці, вядома, мае пастаянны доступ да першых асоб Расіі. Яму выразна далі зразумець, што калі рашэнне балючых для Беларусі пытанняў не зрушыцца з месца — чакайце дробных паскудстваў.«Капітал» (Украіна)

inosmi.ru

inosmi.ru


Крэмль пакуль афіцыйна не адрэагаваў на цяперашнія эскапады беларускага саюзніка. Як, зрэшты, і раней, Масква і асабіста Пуцін імкнуліся не адказваць на перыядычныя прыступы незадаволенасці бацькі эфектыўнасцю «інтэграцыйных працэсаў» (чытай, расійскімі датацыямі). Крамлёўскі змагар з «галоўнай геапалітычнай катастрофай ХХ стагоддзя» выдатна ведае цану незалежнасці і суверэнітэту Мінска, а таксама рэцэпт палітычнага доўгажыхарства свайго беларускага калегі. Пажыццёвага калегі, які спрабуе супрацьстаяць формуле расійскага прэм’ера Мядзведзева «грошай няма, але вы трымайцеся». З іншага боку, былы зампаліт Лукашэнка ўпэўнены, што са стратай Украіны, Крамлю патрэбны стратэгічны плацдарм на мяжы з Еўропай, і гэта, маўляў, дае яму козыры ў гандлі з заклятым саюзнікам па еўразійскай інтэграцыі.

«Главком» (Украіна)


Нельга забываць, што афіцыйны Мінск заўсёды імкнецца атрымаць як мінімум двайную выгаду як ад расійскіх партнёраў, так і ад Захаду. А таму цалкам лагічна, што даволі рэзкія выказванні беларускага прэзідэнта прагучалі менавіта тады, калі прайшлі парламенцкія выбары, якія не атрымалі негатыўнай ацэнкі з боку ЕС, а ў краіну прыехала місія МВФ. Проста кажучы, Лукашэнка ўсё ж такі вырашыў прастымуляваць сваіх новых заходніх сяброў антырасійскай рыторыкай у надзеі на тое, што яны нарэшце дадуць яму грошай. І такое імкненне беларусаў любымі спосабамі выбіць з Брусэля фінансаванне, на самай справе, выглядае смешна.

«Regnum» (Расія)


Мы тут нярэдка выпускаем крытычныя стрэлы на адрас самога Аляксандра Лукашэнкі, кажучы пра тое, што цесная інтэграцыя спускаецца на тармазах менавіта ім, каб не страціць статус «Бацька». Аднак Лукашэнка недвухсэнсоўна дае зразумець, што карані праблемы варта пашукаць у іншым месцы. Адкрытым тэкстам беларускі прэзідэнт кажа пра тое, што асобныя прадстаўнікі свету расійскіх грашовых мяшкоў тармозяць інтэграцыйны працэс проста таму, што ім невыгодны сам факт кансалідацыі на постсавецкай прасторы. Гэтую заяву складана пакінуць па-за ўвагай.

«Военное обозрение» (Расія)


Эканамічная сітуацыя ў Беларусі зараз вельмі цяжкая. Фактычна краіна стаіць на парозе суверэннага дэфолту, і таму Лукашэнка імкнецца пазбегнуць гэтага ўсімі сродкамі, прыцягваючы грошы адкуль толькі можна. Таму намёкі беларускага прэзідэнта на паслабленне інтэграцыйных сувязяў з Масквой ёсць проста тактыкай па выбіванні большага аб’ёму датацый для Мінска. Але тут праблема ў іншым. А менавіта ў тым, што магчымасці самой Расіі змяншаюцца. І наколькі Расія ў стане задаволіць патрэбы Беларусі — гэта адкрытае пытанне. Пасля смерці Карымава спатрэбяцца вялікія сродкі для пераарыентацыі Узбекістана ў бок Расіі. Толькі, на жаль, у Мінску гэтага не ўлічваюць.

«Voice of America» (ЗША)


Крэмль будзе ціснуць на Лукашэнку, патрабуючы павышэння цаны на нафту і газ. Мэта Масквы — распрануць беларусаў. Цяпер ім будзе вельмі складана. Пры гэтым ужо і часу няма, каб падрыхтавацца да супрацьстаяння агрэсіі з боку Расіі. Складаная там сітуацыя і ў інфармацыйным плане. Калі ў Крыме палова войскаў перайшла на бок ворага, то ў Беларусі толькі адзінкі ваенных стануць на абарону сваёй краіны ад РФ. Не сакрэт, што Генштаб у Мінску будзе выконваць указанні Крамля.

Gordon.ua (Украіна)


Беларускі лідар прыгразіў сур’ёзна разгледзець пытанне аб выхадзе з ЕАЭС. Але кансенсус у выніку дасягнуты, вядома, будзе, паколькі гэта не першы капрыз Бацькі. У беларускага кіраўніцтва такое меркаванне, што, калі ўжо ў нас Еўразійскі саюз, то цяпер да Беларусі і да беларускай прадукцыі на расійскім рынку трэба ставіцца так жа, як у расійскіх рэгіёнах. Хаця Лукашэнка і заяўляе, што Мінск мае намер скараціць колькасць сваіх прадстаўнікоў у ЕАЭС, але гэта не азначае, што будуць згорнутыя інтэграцыйныя працэсы.

«Inforeactor» (Расія)


Напярэдадні выбараў Лукашэнка заявіў пра тое, што «ніякія багатыя людзі сваіх дэпутатаў не прасунуць у беларускі парламент». Перамогу Канапацкай, якая артыкулюе неаліберальны падыход, можна лічыць часовым кампрамісам паміж страхам улады перад кааперацыяй з бізнесам і неабходнасцю заручыцца яго падтрымкай. Несумненна, што і самой Канапацкай прыйдзецца ўдзельнічаць у гэтым кампрамісе.

«Открытая левая» (Расія)


Ва Украіне шмат казалі пра вынас расійскага сцяга сябрам беларускай дэлегацыі на Паралімпійскіх гульнях. Але абышлі ўвагай іншы факт — новыя маштабныя вучэнні. Займальным выглядае сцэнар вучэнняў — супрацьстаянне гібрыднай агрэсіі. Вам нічога не нагадвае гэты сцэнар? Вучэнні, якія прайшлі ў Беларусі, можна смела называць «Славянск–2016». Тым больш што і месца дзеяння для вучэнняў было характэрным — палігон каля горада Лепель у Віцебскай вобласці. Той самай вобласці, дзе дзейнічала (і дзейнічае) досыць шмат прарасійскіх арганізацый. У асноўным пад крылом РПЦ ці «нацыянальнага зямляцтва», па сутнасці — сепаратысцкіх арганізацый. (...) Лукашэнка рыхтуецца да нападу Расіі, які, мяркуючы па яго дзеяннях у апошнія два гады, ён лічыць цалкам верагодным.

ТСН (Украіна)