Яны не прайшлі

За паўтара месяцы да выбараў у нямецкі парламент вызначылася партыя-лузер. Гэта — неанацысты. Па выніках сённяшніх сацапытанняў, нават не верыцца, што ў свой час Гітлер вырваўся з асяроддзя маргіналаў і дарваўся да ўлады менавіта дзякуючы дэпрэсіі.



227951_photo.jpeg

Быццам, зараз на двары таксама крызіс, аднак папулярнасць цяперашніх праварадыкалаў не здольная пераадолець рубеж нават у адзін працэнт.

Больш таго, нацыянал-дэмакраты (NРD) — вядучая правая радыкальная партыя ФРГ — не здольныя нават выканаць фармальнасці, неабходныя для ўдзелу ў выбарах у баварскі зямельны парламент, якія прызначаныя на 12 верасня. Партыйны актыў не здолеў сабраць патрэбную колькасць подпісаў, неабходных для балаціроўкі. Не дапамагло нават тое, што баварскія правыя вырашылі даваць за кожны подпіс фінансавы бонус памерам у 5 еўра. Прычына правалу з подпісамі да іроніі банальная — большасць баварскіх апаратчыкаў NРD у жніўні адправілася ў адпачынак.

Для нацдэмаў падобныя навіны гучаць як рэквіем па партыі. Галоўнай крыніцай фінансавання карычневага праекту былі грошы, якія партыя атрымлівала з дзяржаўнага бюджэту. Паводле нямецкіх законаў, разлічваць на такія субсідыі можа толькі тая партыйная структура, якая збярэ ў выніку галасавання больш за 1 працэнт.

Такая ж сітуацыя і на федэральным узроўні. Палітычныя сатырыкі вылічылі, што рэйтынг нацдэмаў роўны «нуль цэлых і нуль дзясятых». Ужо зараз кіраўніцтва партыі пачынае рыхтаваць партайгеносе да факту правалу. Лідар партыі Хольгер Апфель (Holger Apfel) заявіў, што ва ўсім вінаваты вельмі высокі прахадны бар’ер памерам у пяць працэнтаў. Ён таксама дадаў, што задачай NРD быў уплыў на выбарчыя дэбаты, а не фармальная перамога.

Фіяска нацыянал-дэмакратаў на выбарах 2013 года мае важны аспект. Федэральныя выбары 2013-га — гэта першыя выбары, якія партыя праводзіць пад кіраўніцтвам абранага ў 2011 годзе фюрэра. Два гады таму прыход у кіраўніцтва 38-гадовага маладога палітыка Хольгера Апфеля шмат кім разглядаўся як пачатак новай эры ў гісторыі нямецкіх ультраправых. Хольгер заклікаў правых радыкалаў быць не проста радыкаламі, а «сур’ёзнымі радыкаламі».

Стаўка павінна была рабіцца на выхад з субкультуры скінхэдаў і пашырэнне сацыяльнай базы. Перш за ўсё гаворка ішла пра разрыў адносін з т. зв. Kameradschaften — лакальнай нефармальнай тусоўкай неанацыстаў, якая выкарыстоўвала NРD у якасці даху. У сваю чаргу, партыя выкарыстоўвала іх у якасці масоўкі альбо для збору тых жа подпісаў для выбараў. Паколькі сябры Kameradschaften часта траплялі ў крымінальныя хронікі, партыя ў вачах бюргераў выглядала як збор хуліганаў.

Апошнім часам NРD сапраўды пачала займацца папулісцкімі акцыямі, накшталт дапамогі ахвярам нядаўняга наваднення. У партыйных агітацыйных матэрыялах практычна няма ідэалагічных забабонаў і заклікаў да рэваншу за пройгрыш у Другой сусветнай вайне. Аўтары буклетаў NРD эксплуатуюць тэму пагрозы эміграцыі, і перш за ўсё з ісламскіх краін. Цяперашняя кампанія ў Бундэстаг пабудавана на тых жа прынцыпах. Яна называецца «Natürlich Deutsch» (натуральны немец), а яе сімвалам ёсць эфектная нямецкая бландзінка. Ніякіх агрэсіўных лозунгаў, выяваў свастык, настальгіі па Трэцяму рэйху і г.д. Стаўка робіцца хутчэй на гумар, накшталт: «Марыя, а не Шарыя» (Шарыя — папулярная назва Шарыяту). Яшчэ адзін канёк — гульня на масавых антыпатыях да палітычнай эліты. «Ob Rot-Grün oder Schwarz-Gelb — alle vergeuden unser Geld («Што чырвона-зялёная кааліцыя, што чорна-жоўтая — усе яны ядуць нашы грошы»), — сцвярджае выбарчы плакат NРD.

Здавалася, стаўка зроблена слушна. Тым больш, што неанацыстам фантастычна пашанцавала з гістарычным фонам. З-за фінансавых праблем Грэцыі, якія вырашаюцца таксама за кошт нямецкага бюджэту, у нямецкім грамадстве пашырыліся нацыяналістычныя настроі. Узнікла сталая група прыхільнікаў вяртання нямецкай маркі і ўвогуле выхаду Германіі са складу Еўрасаюзу.

Аднак, дзіўным чынам, еўраскептыкі ў NРD не ідуць. Яны хутчэй аддаюць перавагу «Партыі піратаў» і выбарчай ініцыятыве «Альтэрнатыва для Германіі», якая была створаная на пачатку гэтага года. Рэйтынг той жа «Альтэрнатывы для Германіі» складае зараз каля 2,5 працэнта.

Можна шукаць шмат прычын, чаму прыярытэт надаецца менавіта «Альтэрнатыве для Германіі», аднак відавочна адно: нацыянал-дэмакраты страцілі стары электарат і не знайшлі новы. Прычым вярнуць Kameradschaften у сваё лона нацдэмам будзе вельмі цяжка. Пасля таго, як Хольгер раскрытыкаваў нефармалаў, сярод апошніх папулярная тэма, што функцыянеры NРD іх проста эксплуатуюць. Дарэчы, баварскія Kameradschaften свядома адмовіліся дапамагаць нацдэмам збіраць подпісы.

Тое, што стратэгія «сур’ёзнага радыкалізму» Хольгера Апфеля не вытрымала першы сур’ёзны іспыт у выглядзе выбараў, адразу рэанімавала ўнутрапартыйную апазіцыю. Незадаволеныя аб’ядналіся вакол былога старшыні Уга Войгта, пры якім партыя сістэмна працавала з Kameradschaften. У дадатак, канкурэнцыю нацдэмам складае новая партыя «Правыя», якая паўстала гэтай вясной. «Правыя» падкрэсліваюць неабходнасць працы з т. зв. «Вольнымі сіламі» (моладзевымі правымі субкультурамі). Увогуле, ва ўсёй партыі «Правыя» на момант рэгістрацыі было не больш за 400 чалавек (нацыянал-дэмакратаў каля 11 тысяч), аднак яны адчувальна дастаюць нацдэмаў крытыкай на адрас кіраўніцтва.

У выніку нацыянал-дэмакраты вымушаны значную частку часу губляць на барацьбу з канкурэнтамі на правым флангу. Напрыклад, пры партыі створана цэлая аналітычная група, якая займаецца аналізам таго, што робіць «Альтэрнатыва для Германіі». Галоўным чынам, карычневыя атакуюць «Альтэрнатыву для Германіі» за тое, што яе партыйныя пасланні мала чым адрозніваюцца ад паводзін партыі істэблішменту. Адзін з кіраўнікоў нацдэмаў нават называў сябраў «Альтэрнатывы для Германіі» — «псеўдаеўракрытыкі».

Лідары «Альтэрнатывы для Германіі» сапраўды, як гаворыцца, «фільтруюць базар». На этапе стварэння ініцыятывы туды прыйшло шмат неанацыстаў, і цяпер партыя спрабуе давесці сваю палітычную лаяльнасць ідэям дэмакратыі і рэспублікі. Праўда, стаўленне да гэтага праекту ў нямецкім соцыуме дасюль вельмі асцярожнае. Прынамсі, рэйтынгі «Альтэрнатывы для Германіі» не такія вялікія, якія былі на старце праекту.

Падсумоўваючы сітуацыю, можна сказаць, што карычневыя на восеньскіх выбарах Германіі не пагражаюць. Праўда, гэта не значыць, што агрэсіўны нацыяналізм згубіў сацыяльную глебу. Хутчэй за ўсё, ён будзе мімікрыраваць і шукаць новыя палітычныя формы, накшталт той жа «Альтэрнатывы для Германіі».