Канада. Данія. Грэцыя

 

Канада. Ці можна кабетам скакаць на лыжах?
Суд канадскага горада Ванкувер — будучай сталіцы зімовых алімпійскіх гульняў — пачаў разгляд дзіўнай справы: дапускаць ці не жанчын на алімпійскія гульні ў катэгорыю “скокі на лыжах. Міжнародны саюз лыжнікаў (FIS) дасюль не даў адназначнага адказу на гэта пытанне і яшчэ два гады таму рэкамендаваў на будучай алімпіядзе не праводзіць спаборніцтваў у гэтым відзе спорту. У адказ жанчыны, якія ім займаюцца, падалі ў вярхоўны суд правінцыі Брытанская Калумбія скаргу з патрабаваннем дапусціць іх на лыжны трамплін. Цікавую матывацыю для абгрунтавання прыдумаў адвакат. Ён лічыць, што забарона жанчынам падчас алімпіяды скакаць на лыжах — парушэнне правоў канадскіх падаткаплацельшчыкаў, якія, па мясцовых законах, не могуць фінансаваць мерапрыемствы, што парушаюць роўнасць полаў. У сваю чаргу прадстаўнікі FIS кажуць, што ўжо позна мадэрнізаваць спартовыя аб’екты такім чынам, каб яны маглі гарантаваць лыжніцам поўную бяспеку. У якасці кампрамісу спартовыя функцыянеры прапанавалі незадаволеным спартсменкам гарантаваны ўдзел у зімовай алімпіядзе ў Сочы ў 2014 годзе.
Данія. Карыкатурны скандал: ход левых
Дацкія карыкатурысты маюць нейкую фантастычную здольнасць выклікаць сваімі графічнымі творамі палітычныя скандалы. Яшчэ не забыўся скандал трохгадовай даўніны, выкліканы публікацыяй карыкатур з выявай прарока Мухамеда ў правай газеце Jyllands-Posten. Яго наступствамі сталі пратэсты ў шматлікіх мусульманскіх краінах свету. І вось цяпер свой унёсак зрабілі левыя. Левае выданне Politiken апублікавала карыкатуру на тэму канфлікту ў сектары Газа. На малюнку ізраільскія салдаты канваіруюць маладога арабскага падлетка. Усе, хто ведае гісторыю, адразу канстатуюць, што малюнак зроблены на аснове вядомай фатаграфіі. Мова пра здымак, зроблены 19 красавіка 1943 года ў Варшаўскім гета, дзе яўрэйскага хлопчыка канваіруюць нацысты. Яўрэйская грамада Даніі вельмі жорстка адрэагавала на спробы параўнаць Халакост і цяперашнюю аперацыю ізраільскіх войскаў у сектары Газа. Рэдактар Politiken у сваю чаргу сцвярджае, што не перайшоў мяжу журналісцкай этыкі. У якасці доказу ён спасылаецца на карыкатуру ў нарвежскай газеце Dagbladet двухгадовай даўніны. Там кіраўніка Ізраіля намалявалі ў выглядзе нацысцкага афіцэра — героя фільма Спілберга “Спіс Шындлера, які прысвечаны трагедыі польскіх яўрэяў у часы другой сусветнай. Нягледзячы на відавочную спробу аўтара малюнка працягнуць асацыяцыю фашыстаў і сіяністаў, ізраільская амбасада ў Осла тую карыкатуру праігнаравала.
Грэцыя. Часам яны вяртаюцца
Амаль дзесяць гадоў Еўропа не ведала такога феномену, як левы тэрарызм. Сетка апошняй левай тэрарыстычнай арганізацыі “Рух 17 лістапада была раскрытая ў Грэцыі пару гадоў таму. І вось левы тэрарызм нечакана вяртаецца: у той жа Грэцыі невядомая групоўка “Рэвалюцыйная барацьба (ЕА) узяла на сябе адказнасць за нядаўнія напады на прадстаўнікоў сілавых органаў. У прыватнасці групоўка ў адкрытым лісце на адрас некаторых выданняў сцвярджае, што менавіта яе сябры ў снежні мінулага года абстралялі паліцэйскі аўтобус. Больш таго, аўтары ліста згадваюць яшчэ пару замахаў на прадстаўнікоў аховы парадку. Сваімі акцыямі ЕА, як гаворыцца ў лісце, збіраецца знішчыць дзяржаву, капіталізм і прадажных палітыкаў. Самае цікавае, што экстрэмісты і раней паведамлялі ў СМІ пра тое, што пачынаюць узброеную барацьбу супраць уладаў, аднак газетчыкі такія звесткі ўпарта ігнаравалі. Толькі выбух моладзевых пратэстаў, справакаваных забойствам у снежні мінулага года маладога анархіста, прымусіў рэдакцыі больш асцярожна ставіцца да такога кшталту заяў. Дарэчы, групоўка ЕА сцвярджае, што лічыць сябе паслядоўнікам згаданага вышэй “Руху 17 лістапада. Гэты рух нясе адказнасць за прыблізна сто тэрактаў і забойства як мінімум 23 асобы.