Карычневыя пярэваратні

Няма сумневаў, што 75 гадоў таму большасць немцаў успрыняла Акт аб капітуляцыі без жалю да нацысцкага рэжыму, што давёў краіну да катастрофы. Аднак былі тады і тыя, хто сыходзіў у нацысцкае падполле.

werwolf.jpg


На што яны спадзяваліся? Ці маглі дзесяць тысяч чалавек (прыкладна столькі чальцоў налічвала арганізаванае карычневае падполле) усур’ёз цягацца з мільёнамі жаўнераў антыгітлераўскай кааліцыі, якія знаходзіліся на той час у Германіі? Тым больш, што падпольная сетка нацыстаў была вельмі кволай. Па сутнасці, ствараць яе пачалі толькі ўвосень 1944-га. Да таго часу агучаная на публіцы думка пра тое, што праціўнік можа перакрочыць межы святога Рэйха, цягнула на дзяржаўную здраду.

Але нейкая логіка ў стратэгіі нацысцкіх падпольшчыкаў усё ж была. Напрыклад, часткова стаўка рабілася на тое, каб спрыяць стварэнню ў пасляваеннай Германіі грамадскай атмасферы часоў Веймарскай рэспублікі. У палітычнай дыскусіі Веймара заўжды прысутнічала ідэя-фікс узяць рэванш за правал у Першай сусветнай вайне. У такой атмасферы ўздым нацыянал-радыкалаў у прынцыпе быў лагічным. Стварэнню Веймара–2, які павінен быў у выніку нарадзіць новы нацысцкі рэжым, планавалася дапамагчы штучна за кошт забойстваў дэмакратаў і пацыфістаў, дыверсій і гэтак далей. Зрэшты, былі ў падполлі і такія, хто верыў, што Адольф Гітлер жывы і вось-вось выйдзе са свайго бункеру, узброены ў дадатак атамным фугасам.

Напэўна, некаторыя ўласныя планы мелі і куратары падполля. Інфармацыю пра канспіратыўную сетку можна было прапанаваць акупацыйнай уладзе ў абмен на амністыю. Інакш цяжка зразумець, чаму за права стварыць падпольныя арганізацыі ў атачэнні Гітлера развярнулася моцная канкурэнцыя. Ледзь не кожны бонза Рэйху (Борман, Гімлер, Лей, Кальтэнбрунер) прапаноўваў фюрэру свае паслугі. У выніку адзінай структуры так і не паўстала. Калі саюзнікі зайшлі на тэрыторыю Германіі, як мінімум тры фарміраванні намагаліся чыніць супраціў.

Найбольш падрыхтаваным і, адпаведна, эфектыўным сярод іх быў праект Werwolf (пярэварацень). У яго шэрагі рэкрутавалі сяброў Hitlerjungend — моладзевай секцыі партыі нацыстаў. Для 15–16-гадовых хлопцаў былі створаныя адукацыйныя цэнтры, слухачы якіх у тым ліку актыўна вывучалі савецкі вопыт.

Скончыць курсы яны не паспелі з-за пературбацый на фронце. З Захаду і Усходу на нямецкую тэрыторыю заходзілі часткі антыгітлераўскай кааліцыі. Пры гэтым стаўка нацыстаў на тое, што немцы, якія апынуліся ў тыле ворага, актыўна зоймуцца канспірацыяй, не апраўдалася. Больш за тое, у акупаваных зонах пачалі ўзнікаць правобразы грамадзянскіх адміністрацый. Раз’юшаны Гітлер зрабіў атачэнню такі ператрах, што Гебельс паабяцаў у хуткім часе разгарнуць сапраўдную герылью.

З лютага 1945-га ў Берліне пачала працаваць радыёстанцыя Werwolf, якая намагалася ўзняць аўдыторыю на супраціў. «Толькі шляхам няспынных баёў мы можам даказаць ворагу, што бессэнсоўна спрабаваць гадамі ўтрымліваць нас за кошт акупацыйнай арміі», — вяшчаў дыктар. Паводле гісторыкаў, такі мазахісцкі пафас не столькі мабілізоўваў, колькі палохаў падлеткаў.

Адначасова была актываваная агентура Werwolf у тыле ворага. У Ахене яе чальцы дапамаглі падрыхтаваць аперацыю, якая лічыцца самай паспяховай у гісторыі карычневага падполля. 25 сакавіка 1945 года быў забіты мясцовы бургамістр Франц Апенхоф, якога амерыканцы прызначылі кіраўніком вызваленага ад гітлераўцаў горада. Сапраўды, гэты тэракт меў грамадскі рэзананс і напалохаў тых немцаў, якія прыхільна ставіліся да супрацоўніцтва з тымі ж амерыканцамі.

Але поспех у Ахене развіць не атрымалася. У красавіку Чырвоная Армія пачала штурм Берліна. У выніку баёў 23 красавіка станцыя Werwolf спыніла працу. А 21 траўня ў палоне наклаў на сябе рукі Ганс Прутцман — непасрэдны стваральнік структуры. Па сутнасці, асяродкі карычневага падполля згубілі агульную каардынацыю і пачалі дзейнічаць аўтаномна, у рамках асабістай ініцыятывы. Адначасова брэнд Werwolf пачаў выкарыстоўваць любы, незадаволены новымі парадкамі. Напрыклад, ва Усходняй Германіі апазіцыйныя маладыя сацыял-дэмакраты дасылалі жонкам камуністаў лісты з пагрозамі за подпісам Werwolf.

Акрамя тых лістоў падпольшчыкі займаліся агітацыяй, акцыямі сабатажу або спробамі атруціць жаўнераў. Найбольш небяспечнымі былі замахі на адзінокія патрулі або функцыянераў акупацыйных адміністрацый. Таксама час ад часу падкладаліся бомбы і міны. У чэрвені 1946-га выбухнула бомба ўнутры берлінскай мэрыі, забіўшы і параніўшы 16 чалавек. Напэўна, гэта апошняя буйная акцыя, ахвярамі якой агулам сталі каля тысячы чалавек. Апошнія вылазкі Werwolf датуюцца 1948 годам. На гэты час ужо было цяжка сказаць, дзе мяжа паміж падполлем і нейкай формай моладзевай субкультуры.

Тое, што нацысцкае падполле адносна хутка сканала, гісторыкі тлумачаць шэрагам прычынаў. Немцы ў масе сваёй былі стомленыя вайной, і менш за ўсё цікавіліся неанацысцкімі авантурамі. Акрамя таго, акупацыйныя ўлады намагаліся як мага хутчэй стварыць грамадзянскую адміністрацыю і паліцыю, якая непасрэдна займалася палітычным крыміналам. Быў яшчэ адзін чыннік правалу Werwolf. Ва ўмовах кадравага голаду саюзнікам (прынамсі, на Захадзе) давялося прыцягваць на службу былых нацыстаў, якія дзеля кар’еры цураліся кантактаў з падполлем. Некаторыя аўтары сцвярджаюць, што ЦРУ завербавала нават сяброў Werwolf. Фліртавалі з ветэранамі Рэйху і на Усходзе, дазволіўшы ім стварыць асобную партыю.

Хаця былі месцы, дзе нацысцкае падполле атрымала пасля траўня 1945-га другое дыханне. Гаворка пра тэрыторыі з этнічным нямецкім насельніцтвам, якія, паводле Патсдаму, пераходзілі ў склад СССР, Чэхаславакіі або Польшчы. Прымусовая дэпартацыя абарыгенаў лагічна выклікала пратэст, асабліва з боку моладзі. Паводле Wikipedia, савецкая акупацыйная адміністрацыя адправіла за ўдзел у фарміраваннях а-ля Werwolf у працоўныя лагеры СССР каля 10 тысяч нямецкіх падлеткаў. Зрэшты, у заходніх акупацыйных зонах з тынэйджарамі таксама не цырымоніліся. Сёння правая нямецкая прэса носіцца з трагічным выпадкам у гарадку Трэзебург, што ў Саксоніі-Анхальт. Там у красавіку 1945-га пасля нападу невядомых на камендатуру амерыканцы без усялякага следства паставілі да сценкі дзевяць падлеткаў 15–16 гадоў.

Апошні раз падпольшчыкі Гітлера нагадалі пра сябе ў Паўднёвым Тыролі (Італія). Мясцовыя этнічныя немцы, якія ў 50–60-я гады мінулага стагоддзя змагаліся за аўтаномію, часам пускалі ў ход зброю. Ёсць версія, што гэты арсенал яны атрымалі ад былых аўстрыйскіх сяброў Werwolf.