Германія. Ці перагледзець Меркель свае абяцанні?

У пачатку гэтага года амаль усе думалі, што цяперашні чацвёрты тэрмін прэм’ерства канцлера Германіі Ангелы Меркель з 2005 года будзе для яе апошнім.

20181101183818_2226.jpg

Таксама лічылася, што разам з сыходам Меркель страціць пазіцыі і яе партыя — кансерватыўны Хрысціянска-Дэмакратычны саюз (CDU).

Аднак эпідэмія нечакана ўнесла карэктывы ў гэтыя разлікі. Апошнія апытанні паказваюць, што хрысціянскія дэмакраты змаглі вярнуць сімпатыі грамадзян дзякуючы стратэгіі стрымлівання эпідэміі каронавіруса і дапамогі насельніцтву. Калі ў канцы 2019 года рэйтынг партыі кансерватараў не дацягваў да 30 працэнтаў, то цяпер яе падтрымліваюць прыкладна 40 працэнтаў рэспандэнтаў. 

Рэйтынг Меркель за апошнія месяцы рос яшчэ імклівей, дасягнуўшы ў красавіку 79%. На гэтай хвалі немцы сталі нават падумваць, каб Меркель пайшла на пяты тэрмін.

Праўда, ці захоча застацца палітык ва ўладзе яшчэ на некалькі гадоў — вялікае пытанне. Раней яна сказала: «Чацвёрты тэрмін канцлера — мой апошні. Кажу для пратаколу — я ўвогуле больш не буду займаць пасадаў у палітыцы». 

Зрэшты, сітуацыя ў свеце такая, што ў Меркель ёсць алібі перагледзець свае абяцанні. Між тым, рэнесанс сімпатый да Меркель агаліў важную праблему: за час яе праўлення вырасла цэлае пакаленне немцаў, у якіх фігура канцлера асацыюецца толькі з Меркель. Гэты комплекс пагражае сур’ёзным крызісам, калі яна сапраўды сыйдзе на пенсію.