«Вайна не скончылася ў траўні 1945-га». Рух Салідарнасці «Разам» выступіў з заявай

Рух Салідарнасці «Разам» у 75-ю гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе заклікаў шанаваць памяць усіх цывільных ахвяраў і палеглых жаўнераў краін-удельнікаў антыгітлераўскай кааліцыі ды сілаў падполля, якія разграмілі нацысцкі рэжым у траўні 1945 году.

690816ce_0463_49c0_b9ee_5d269464faf3_w1200_r1.jpg

«Па заканчэнні цяжкай і крывавай вайны заходнія краіны пачалі разбудову адзінай і свабоднай Еўропы, але, на жаль, Беларусь не апынулася ў іх шэрагах. Перамога ў траўні 1945 года не прынесла свабоды ані Беларусі, ані беларускай нацыі. Замест аднаго таталітарнага сацыялістычнага рэжыму пад чырвоным сцягам прыйшоў іншы», — сказана ў заяве Руха Салідарнасці «Разам».
«Дыктатары Гітлер і Сталін у 1939 годзе падзялілі Еўропу на сферы ўплыву, падпісаўшы ў Маскве сакрэтны пратакол да пакта Молатава-Рыбентропа. Тым самым, камуністычны рэжым Сталіна даў магчымасць нацысцкаму рэжыму Гітлера развязаць крывавую вайну.
Вайна для беларусаў пачалася не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 верасня 1939 года. І легендарную Берасцейскую крэпасць-герой немцы бралі двойчы. Акупацыя заходніх зямель Беларусі скончылася сумесным нацысцка-савецкім парадам у Берасці», — нагадваюць аўтары заявы.
«Беларускія жаўнеры адважна біліся ў складзе Войска Польскага, абараняючы Варшаву і Берасце. У складзе Чырвонай Арміі пад Масквой і Сталінградам. У складзе саюзных войскаў у Паўночнай Афрыцы і Італіі. Беларусы сталі часткай руху падпольшчыкаў Польшчы і Чэхаславакіі, Італіі і Францыі. Вялікі партызанскі рух на Беларусі, даваў адпор агрэсару. Беларускі нацыянальны рух не прыняў ідэй нацызму. Беларуская Незалежніцкая Партыя пайшла ў падполле, а яе лідар ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі быў забіты гітлераўскімі катамі.
Беларусь прыняла на сябе хвалю халакосту, ў якой загінулі 85% беларускіх габрэяў. Шмат беларусаў, рэзыкуючы жыццём, ратавалі сваіх габрэйскіх суседзяў», — узгадваюць аўтары заявы.
Рух Салідарнасці «Разам» таксама адзначае катастрафічныя наступствы савецкага рэжыму для Беларусі пасля заканчэння вайны:
«Для беларусаў, на жаль, вайна не скончылася ў траўні 1945 года. Савецкая акупацыя працягвалася да распаду Савецкага Саюза. Беларускі нацыянальны рух адказаў нацыянальнай партызанкай пад Бела-чырвона-белым сцягам. Да 1950 года працягвалася змаганне з акупантамі. А некаторыя атрады змагаліся аж да 60-х гадоў. Сёння імперская Расія і яе мясцовыя халуі нахабна выкарыстоўваюць памяць пра нашы ахвяры і нашых герояў для правядзення сваёй палітыкі экспансіі і акупацыі іншых краін. У тым ліку і Беларусі».
Рух Салідарнасці «Разам» заклікае памятаць гістарычныя памылкі і супраціўляцца пагрозе страты незалежнасці Беларусі:
«Нельга забываць трагічныя ўрокі мінулага. Трэба ведаць праўду аб гэтай жахлівай вайне. Трэба памятаць пра тыя гістарычныя падзеі, якія прывялі да Другой сусветнай вайны і падзелу Еўропы пасля вайны.
Толькі калі Беларусь зноў стане вольнай і вызваліцца ад прамаскоўскага рэжыму ўнутранай акупацыі, — толькі тады можна будзе казаць пра сапраўдную перамогу. Перамогу свабоды над дыктатурай. Дабра над злом. Беларусаў над акупантамі».
Паводле прэс-рэліза