Каталонія рыхтуецца да паўстання
Іспанскім журналістам сталі вядомыя планы радыкальных каталонскіх нацыяналістаў, якія збіраюцца адкрыта выступіць супраць «рэпрэсіўнай іспанскай дзяржавы».
Канчатковае рашэнне пра паўстанне было прынята яшчэ 28 студзеня на пасяджэнні фракцыі партыі «Кандыдаты народнага адзінства» (CUP) у каталонскім парламенце. План заключаецца ў тым, каб змяніць фармат руху за незалежнасць — трансфармаваць яго ў адкрыты антыдзяржаўны выступ. «Для левых незалежнікаў і народнага руху надышоў час, калі мы павінны захапіць вуліцы замест таго, каб ускладаць надзеі на рашэнне канфлікту інстытуцыянальнымі сродкамі», — гаворыцца ў студзеньскіх тэзісах.
Час для бунту абраны сапраўды някепскі. Край імкліва набліжаецца да «кропкі невяртання». На пачатку жніўня, паводле плана, прынятага яшчэ папярэднім урадам Артура Маса, павінны пачаць працу першыя органы будучай незалежнай каталонскай дзяржавы — рэгіянальная падатковая, міністэрства юстыцыі і тутэйшая сістэма сацыяльнага забеспячэння. Пасля павінен адбыцца рэферэндум пра незалежнасць. Няма сумневу, што цэнтр, які не даваў санкцыю на ўсё, апісанае вышэй, будзе ўсяляк замінаць працэсу. Адным словам, канфлікт непазбежны.
Між тым, атмасфера ў лагеры незалежнікаў невясёлая. Ужо згаданага Артура Маса, які запусціў працэс атрымання незалежнасці, прыцягнулі да судовай адказнасці. Аднак судзяць яго не за сепаратызм. Падатковая высветліла некаторыя забаўныя дэталі фінансавання ў 2014-м плебісцыту наконт незалежнасці каталонскага краю. Нагадаем, што ў апытанні тады прыняла ўдзел трэцяя частка насельніцтва аўтаноміі, якая мае права голасу, больш за 80% падтрымалі поўны суверэнітэт Каталоніі ад Іспаніі. Сёння стала вядома, што бюджэтныя сродкі былі выкарыстаныя нямэтава. Напрыклад, на рэкламу рэферэндуму ў міжнародных медыя ўрад Маса выдаткаваў каля 127 тысяч бюджэтных еўра.
Цяпер за бюджэтныя махінацыі пракурор патрабуе асудзіць Маса на дзесяць гадоў турмы. Тое, што адзін аўтараў праекту вольнай Каталоніі апынуўся казнакрадам, не спрыяе папулярнасці незалежніцкай праграмы. Другі пракол іспанскага ўраду заключаецца ў дэманстратыўным ігнараванні рэвалюцыйных заяў і рэзалюцый, якія гучаць з трыбуны цяперашняга каталонскага парламента.
У выніку аматараў незалежнасці пачынаюць успрымаць як фанатаў славутага клубу «Барселона», што да хрыпаты скандуюць незалежніцкія крычалкі, ад якіх, па сутнасці, нікому ні холадна, ні горача. У выніку мы назіраем цугцванг, які, як сведчыць сацыялогія, яўна грае на карысць Мадрыда. Шмат хто ўсе больш успрымае незалежнасць Каталоніі як недасяжны ідэал, які палітыкі абяцаюць, каб атрымаць мандаты.
Выхад з сітуацыі радыкалам з CUP бачыцца ў выглядзе масавага вулічнага пратэсту. Плануецца вывесці народ на вуліцы і праз вулічную агітацыю дамагацца ад парламенту прыняцця аднабаковай дэкларацыі каталонскай незалежнай дзяржавы. Ужо зараз, быццам бы, вядуцца кансультацыі з радыкальнымі лявацкімі і нацыяналістычным групоўкамі ў іншых рэгіёнах Іспаніі. Калі CUP заклікае да паўстання, радыкалы ва ўсіх кропках краіны павінны таксама пачаць будаваць барыкады. Мэта — не даць Мадрыду кансалідаваць свае сілы на каталонскім фронце.
Наколькі рэалістычны план, паводле якога праз тры месяцы Каталонію павінен ахапіць сапраўдны мяцеж? На думку шмат каго, такі праект немагчыма рэалізаваць без падтрымкі іншых партый, якія ўваходзяць ва ўрадавую кааліцыю левых нацыяналістаў. Апошнія, хутчэй, будуць сабатаваць паўстанне — і не толькі таму, што бачаць у CUP канкурэнта. Справа ў тым, што CUP таксама крытыкуе звыклыя канцэпты каталонскай незалежнасці як звычайнай дэмакратычнай дзяржавы. На думку ідэолагаў CUP, незалежнасць павінна абапірацца не на права, а на перманентны нізавы рух, так званы «el procesismo».
Менавіта з гэтага, дарэчы, сыходзіць і прынцып дзейнасці CUP. Партыя паўстала пасля падзення дыктатуры Франка як сетка лакальных экасацыяльных ініцыятыў, якія намагаюцца перш за ўсё ўплываць на муніцыпалітэты. Дэпутатаў муніцыпальных саветаў выбаршчыкам лягчэй кантраляваць, чым дэпутатаў рэгіянальнага і нацыянальнага парламентаў. CUP увогуле цураўся парламенцкіх выбарчых кампаній, пакуль не пачаўся апошні крызіс класічных нацыяналістычных і левых партый. На хвалі расчаравання партыямі істэблішменту CUP прарвалася ў рэгіянальны парламент, а цяпер увогуле марыць пра рэвалюцыю. «Без акцыі масавага непадпарадкавання мы не маем шанцаў парваць з іспанскай легітымнасцю», — кажуць лідары партыі.
Хаця шанцы ў анансаванага паўстання вельмі спрэчныя, іспанская прэса трактуе планы рэвалюцыянераў вельмі сур’ёзна. Пры цяперашніх раскладах альтэрнатывай паўстанню зноў будзе працяг старога серыялу, калі цэнтр і каталонскі ўрад бясконца судзяцца наконт межаў кампетэнцый аўтаноміі. Гэта вельмі надакучыла нацыяналістычнаму базісу. На днях аўтарытэтная грамадзянская арганізацыя Нацыянальная Асамблея Каталоніі (ANC) прызналася, што «без канфрантацыі каталонскай і іспанскай легітымнасці працэс незалежнасці немагчымы». Праўда, ANC заклікала рабіць гэтую канфрантацыю, якую, дарэчы, ужо завочна называюць «рэвалюцыя ўсмешак», мірным шляхам.
Не выключана, што сігнал да «рэвалюцыі ўсмешак» дасць Брусэль, які раней баяўся, што незалежнасць Каталоніі паставіць пад пагрозу стабільнасць Еўрасаюза. Сёння ж кіраўніцтва ЕС усё відавочней сімпатызуе шатландцам, якія жадаюць застацца ў Еўрасаюзе ў якасці асобнай ад англічан дзяржавы. Такім чынам, змяняецца агульнаеўрапейскі дыскурс адносна іншых еўрапейскіх рэгіёнаў, які прагнуць незалежнасці.