Казахстан — гэта Еўропа? У краіне агучылі намер уступіць у ЕС

Упершыню на дастаткова высокім узроўні казахстанскім кіраўніцтвам агучана ідэя атрымання краінай членства ў Еўрапейскім саюзе.

63da1acb3defe63da1acb3deff167523809163da1acb3defa63da1acb3defc.jpg


Ідэя далучэння Казахстана да Еўрапейскага саюза далёка не новая. Але раней яна гучала трошкі па-вар’яцку. Так, у 2009 годзе пасол рэспублікі ў Маскве Адзільбек Джаксыбекаў казаў: «Мы(Казахстан) хацелі б у будучыні ўступіць у ЕС, але не як Эстонія і Латвія, а як «раўнапраўны партнёр» і як «самадастатковы рэгіён». 
Адначасова ён удакладніў, што гэта значыць на практыцы: «Пасля таго, як Казахстан уступіць у Еўрапейскі саюз, апошні можа быць перайменаваны ў «Еўразійскі саюз».
Увогуле «еўрафільскія» эскапады часцей чуліся з вуснаў казахстанскіх чыноўнікаў, а не мясцовай апазіцыі. Падаецца, дэмакратычная супольнасць ставілася да ідэі еўраінтэграцыі як да прыгожай утопіі. Адна з апазіцыйных фракцый патрабавала, каб палітычныя інстытуты ў краіне адпавядалі еўрапейскім стандартам, аднак акцэнт на геапалітыцы не рабіўся.
Другая група арыентавалася на турэцкую мадэль, якая дапускае адносную палітычную канкурэнцыю і свабодныя выбары. Уласна кажучы, прыклад Турцыі, якая ўжо амаль паўстагоддзя з'яўляецца кандыдатам на ўступленне ў ЕС без якіх-небудзь перспектыў, і ахалоджваў праеўрапейскі кураж казахстанскіх дэмакратаў. У гэтым плане характэрна іх рэакцыя на артыкул «Казахстан у Еўропе: Чаму б не?», размешчаны на сайце блізкага да кіраўніцтва ЕС Інстытута Палітыкі за Бяспеку і Развіццё ў 2017-м. Аўтары тэксту задаваліся пытаннем «Ці з'яўляецца Казахстан еўрапейскай дзяржавай?» і самі на яго адказвалі: «Казахстан, безумоўна, з'яўляецца еўрапейскай дзяржавай. Ён, безумоўна, адпавядае двум (базавым) крытэрыям Рады Еўропы, паводле якіх краіна павінна быць «цалкам або часткова размешчана ў Еўропе» і мець такую «культуру, якая цесна звязана з еўрапейскай культурай».
Як ні дзіўна, апазіцыйны сектар успрыняў такія тэзісы вельмі насцярожана. Узнікла падазрэнне, што тэма Казахстана як без пяці хвілін магчымага чальца ў ЕС — гэта частка нейкай маштабнай гульні для таго, каб атрымаць доступ да прыродных багаццяў краіны або ўцягнуць апазіцыйны актыў у нейкую авантуру.
І вось цяпер лозунг «Казахстан у Еўропу» зноў нечакана актуалізаваўся. 1 лютага на з'ездзе партыі «Ак жол» яе лідар Азат Перуашаў заявіў, што Казахстан «павінен укараняць еўрапейскі шлях развіцця, еўрапейскія падыходы ў дачыненні да дзяржавы і грамадства, еўрапейскія стандарты якасці жыцця». «Больш за тое, партыя «Ак жол» у якасці далёкай перспектывы разглядае не толькі адаптацыю еўрапейскіх падыходаў, але і пастаноўку некалі ў будучыні пытання ўступлення Казахстана ў Еўрапейскі саюз», — заявіў Перуашаў.
Трэба сказаць, што словы Перуашава многія як у Казахстане, так і за мяжой успрынялі як шчыры папулізм. Партыя «Ак жол» — адна з трох партый, якія прайшлі ў парламент пасля апошніх выбараў дэпутатаў у студзені 2021 года. Хаця «Ак Жол» любіць амаль на кожным кроку называць сябе «парламенцкай апазіцыяй», усе разумеюць, што ў казахстанскую «палатку» іх пускаюць не за прыгожыя вочы.
Эксперты ставяцца да «Ак Жол» як да праўладнай структуры, указваючы на тое, што партыя заўсёды падтрымлівала палітыку былога прэзідэнта краіны Назарбаева, а зараз не менш актыўна падтрымлівае дзеючага прэзідэнта Такаева. Можна дапусціць, што «Ак Жол» за кошт падобных заяў проста спрабуе ствараць гучныя медыянагоды для росту пазнавальнасці напярэдадні блізкіх парламенцкіх выбараў.
Так ці інакш, дэмарш Перуашава выклікаў прыкметную негатыўную рэакцыю ў Маскве. Сябра Рады па міжнацыянальных адносінах пры прэзідэнце РФ Багдан Бязпалька эмацыйна заявіў, што «ў вуснах кіраўніка партыі Казахстана «Ак жол» гэта (план наконт далучэння краіны да ЕС) гучыць некалькі дзіўна і нават парадаксальна, таму што ўсё ж Казахстан не знаходзіцца на тэрыторыі Еўропы. Гэта краіна, якая магла б дазволіць сабе добрыя адносіны з Еўропай, супрацоўніцтва, нават прыярытэты ў адносінах з ёй. Але ўступаць Казахстану ў Еўрасаюз — абсурдна», — эмацыйна падкрэсліў чыноўнік.
Хутчэй за ўсё, спадар Бязпалька памыліўся з дыягназам. Тое, што гаворыць Перуашаў — гэта не абсурд, а маркер агульнага руху казахстанскіх эліт на Захад.