Кубамайдан на выспе Свабоды

Упершыню за шмат гадоў на Кубе пачаліся масавыя палітычныя пратэсты.

5_tn_1.jpg

Што зрабілі кубінскія ўлады, калі раптам даведаліся пра пратэставыя акцыі? Правільна: інстынктыўна, на аўтамаце, вырубілі інтэрнэт ва ўсёй краіне. Таму дакладнай і комплекснай карціны таго, што адбываецца на Кубе, няма ні ў каго. З масіву той інфармацыі, якая паспела прайсці, з нейкай доляй упэўненасці можна заключыць наступнае.

Выступы, эпіцэнтрам якіх стаў шэраг гарадоў на захадзе выспы, пачаліся 11 ліпеня. Верагодна, яны нейкім бокам былі звязаны з мінорнымі навінамі з эпідэміялагічнага фронту (у гэты дзень на Кубе была зафіксавана рэкордная колькасць новых выпадкаў заражэння каронавірусам).

Акрамя заклікаў забяспечыць народ медыкаментамі і вакцынамі, гучалі патрабаванні палітычнага характару. Дэманстранты патрабавалі свабодных выбараў і вырашэння сацыяльных праблем — у прыватнасці, прыняць захады супраць дрэннага забеспячэння прадуктамі. Агенцтва «Reuters» і AFP ацэньваюць колькасць удзельнікаў пратэстаў у некалькі тысяч.

Пакуль няма выразнага ўяўлення наконт ініцыятараў пратэстаў і іх спікераў, хоць глыбінныя прычыны выступаў відавочныя. Гэта ўзмоцненая ў апошнія гады эканамічная блакада з боку ЗША і пандэмія COVID, якая фактычна пазбавіла Кубу асноўнай крыніцы валюты — турызму. Па выніках гэта ўсё стварыла напружаную атмасферу, пачуццё адчаю, што і выклікала стыхійны бунт. Дзякуючы інтэрнэту навіна пра выступ хутка распаўсюдзілася, правакуючы ў іншых гарадах аналагічныя акцыі.

Зрэшты, не абышлося без канспіратыўных тэорый. У інтэрнэце таксама пішуць, што пратэстоўцы, быццам, працавалі паводле адной метадычкі. Выступы адначасова ўспыхнулі ў розных кропках выспы, усюды адбываліся напады на паліцыю і выкарыстанне сцягоў ЗША. Адсюль робіцца чаканая выснова: гэтыя «стыхійныя пратэсты» і іх інфармацыйнае асвятленне старанна планаваліся за мяжой. Орган кампартыі Granma нават называе канкрэтную суму — два з паловай мільёны долараў, якія апазіцыя нібыта атрымала па лініі USAID на «кубамайдан».

Праўда, незразумела, як тэхнічна можна арганізаваць і каардынаваць змову ў краіне, дзе даўно наладжаны апарат маніторынгу дзейнасці дысідэнтаў. Дапамагае гэтаму і рэдакцыя мясцовага Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае шэраг абвінавачанняў з размытымі фармулёўкамі, што могуць лёгка прымяняцца ў любы час для падаўлення іншадумства. Напрыклад: «грамадская небяспека», «варожая прапаганда», «непавага да ўлад», «паклёп на нацыянальныя інстытуты» і гэтак далей.

Так ці інакш, улада выклік вуліцы прыняла. У адказ на ўзрушэнні 11 ліпеня прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль заявіў пра гатоўнасць біцца і памерці за рэвалюцыю: «Мы гатовыя аддаць сваё жыццё. Ім трэба пераступіць праз нашы трупы, калі яны хочуць сустрэцца з рэвалюцыяй. Мы гатовыя да ўсяго і будзем змагацца на вуліцах», — сказаў гарант. Па яго загадзе лаяльныя грамадскія арганізацыі выводзяць свой актыў на вуліцы. Калі верыць афіцыёзу, у панядзелак улады цалкам аднавілі кантроль над сітуацыяй.

Апазіцыйныя СМІ накшталт «SOSCuba» прызнаюць, што «ўсе дэманстрацыі спыніліся і пратэстоўцы разышліся па хатах» — за выключэннем, магчыма, горада Сьега-дэ-Авіла. Тут у панядзелак нібыта была заўважаная нейкая вулічная актыўнасць. Таксама паведамляецца пра пачатак маштабнай зачысткі. Па начах сілавікі і сімпатызанты рэжыму ладзяць расправы і арышты ўдзельнікаў пратэстаў. Таксама экстрана прапрацоўваецца план паставак прадуктаў і вакцын з Кітая для хуткага купіравання праблем.

Цікава, што пры гэтым улады разумеюць: народ не задаволіцца вяртаннем да статус-кво. У рэдакцыйнай калонцы той жа Granma дапускаюць у будучыні нейкую лібералізацыю ў форме «разгортвання новых спосабаў сувязі паміж кіраўніцтвам і ўсімі пластамі насельніцтва праз абнаўленне і ўзмацненне інструментаў народнага кантролю». Калі такі сцэнар спрацуе, то цяперашні рэжым захаваецца з нейкімі касметычнымі папраўкамі. Праўда, праз нейкі час яго існаванне зноў, напэўна, будзе пад пытаннем, паколькі сістэмныя праблемы застаюцца нявырашанымі.

Прапануюцца і іншыя схемы развіцця падзей. Некаторыя спадзяюцца, што беспарадкі на Кубе ў выпадку працягу цалкам могуць справакаваць ЗША на ўмяшанне. Такое рашэнне можа паскорыць актыўнасць кубінскай дыяспары ў Фларыдзе, якая ўжо ладзіць дэманстрацыі з патрабаваннем да Байдэна пачаць вырашэнне кубінскага пытання.

Белы дом, у сваю чаргу, абмяжоўваецца заявамі агульнага характару. Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван заявіў, што ўлады Кубы не павінны выкарыстоўваць гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў, і паабяцаў «рашучым чынам асудзіць любы гвалт або дзеянні, накіраваныя супраць мірных пратэстоўцаў».

Як бачым, наступныя дзеянні гульцоў кубінскай партыі шмат у чым залежаць ад таго, ці працягнуцца выступленні кубінцаў і наколькі яны будуць масавымі. У бліжэйшыя некалькі тыдняў, думаецца, мы гэта пабачым.