На Кубе працягваюцца пратэсты. Учора затрымалі каля 100 актывістаў

У краіне арыштоўваюць палітычных актывістаў пасля таго, як урад абвінаваціў ЗША ва ўмяшанні ў справы краіны.

o7fbxivafrpfdieousdyionnpq.jpg

Палітычнае кіраўніцтва Кубы абвінаваціла Злучаныя Штаты ў спробе «эканамічнага здушэння», каля 100 актывістаў затрымалі пасля найбуйнейшых за апошнія гады акцый пратэсту, у той час як адміністрацыя Джо Байдэна заявіла, што падтрымлівае права кубінскага народа на дэманстрацыю, піша «Reuters».

Сярод затрыманых Хасэ Даніэль — лідар найбуйнейшай апазіцыйнай арганізацыі — Патрыятычнага саюзу Кубы (UNPACU). Даніэля схапілі 12 ліпеня, калі той выходзіў з дому, каб далучыцца да пратэсту ў Санцьяга-дэ-Куба на ўсходзе краіны. Яго месцазнаходжанне дагэтуль невядомае. Таксама затрымалі актыўных ўдзельнікаў пратэстаў, мастакоў-дысідэнтаў Луіса Мануэля Атэру Алькантара і Амаўры Пачэка.

Тысячы кубінцаў у нядзелю далучыліся да акцый пратэсту ад Гаваны да Санцьяга. Спачатку людзі пратэставалі супраць страшнага эканамічнага крызісу ў краіне і захадаў барацьбы з пандэміяй, але затым загучалі заклікі скончыць камуністычную эру. Куба ад сярэдзіны ХХ ст. жыве пры камуністычнай уладзе. Кубінскія эмігранты, якія масава пражываюць у Маямі, выйшлі на акцыю салідарнасці з суайчыннікамі, заклікаючы іх пратэставаць далей.

Падчас чатырохгадзіннага звароту да нацыі прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль заявіў, што напружанасць на акцыях пратэсту распальвала «контрарэвалюцыйная меншасць», а міністар замежных спраў Бруна Радрыгес абвінаваціў у арганізацыі дэманстрацый «наймітаў, якія фінансуюцца ЗША».

Кампанія сеткавага маніторынгу «Kentik» паведаміла, што на Кубе перад і падчас акцый пратэсту актыўна адключалі інтэрнэт, былі істотныя перабоі ў працы.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заявіла, што сочыць за пратэстамі, і заклікала паважаць права на свабоду слова і мірных сходаў.

Злучаныя Штаты пры кіраванні экс-прэзідэнта Дональда Трампа ўзмацнілі санкцыі супраць Кубы — у прыватнасці, у банкаўскім сектары. Наступнік Трампа Джо Байдэн абяцаў змякчыць некаторыя абмежавальныя захады, але пакуль не зрабіў гэтага.

На Кубе востра бракуе лекаў і перабоі з харчамі. Улады вінавацяць у гэтым ЗША, якія, на іх думку, робяць усё дзеля знішчэння кубінскай эканомікі. Пратэстоўцы лічаць вінаватымі ў пашырэнні эканамічнага крызісу камуністычныя ўлады сваёй краіны.
Паводле «Свабоды».