Латвія мае намер пабудаваць АЭС непадалёк ад дзяржаўнай мяжы з Беларуссю і Літвой. Што вядома?

 Не паспела Літва адысці ад адкрыцця «парахавой бочкі» пад Астраўцом — і вось паўночныя суседзі абвяшчаюць планы пабудаваць АЭС нізкай магутнасці ў сябе ў краіне! Высветлілі, навошта латвійцам патрэбны такі тып энергіі і дзе могуць збудаваць новую электрастанцыю.

Ілюстрацыя «Чай з малінавым варэннем»

Ілюстрацыя «Чай з малінавым варэннем»

Міністэрства клімату і энергетыкі Латвіі паведамляе, што краіна ў паскораных тэрмінах даследуе новыя магчымасці атрымання электраэнергіі, каб задаволіць свае патрэбы ў будучыні. Галоўная мэта пошуку буйной уласнай крыніцы энергіі — спыніць павелічэнне залежнасці Латвіі ад імпарту электраэнергіі з іншых краін.

Відавочна, пад патрэбамі будучыні ў першую чаргу маецца на ўвазе невядомы рэзультат адключэння ад расійскага энергакола БРЭЛЛ, пра якое ў студзені казаў міністр клімату і энергетыкі Каспар Мелніс.

БелАЭС

БелАЭС

Адключэнне ад БРЭЛЛ (Беларусь, Расія, Эстонія, Латвія, Літва) палітык назваў адным з найбольш сур’ёзных выклікаў для краіны. Паводле яго слоў, цяпер у Латвіі ідзе работа над міжсеткавымі злучэннямі, а таксама будуецца першая ў рэспубліцы сінхронна-кампенсаторная станцыя, неабходная для сінхранізацыі з еўрапейскай энергасеткай.

Краіны Балтыі павінны злучыць з ёй свае электрасеткі ў 2025 годзе. Гэта можа прывесці да значнага падвышэння коштаў на электраэнергію, але дакладныя лічбы міністэрства пакуль не прыводзіць.

 З такой нагоды Латвія разглядае магчымасць развіцця ядзернай энергетыкі ў якасці аднаго з прыярытэтных напрамкаў. У справаздачы па першапачатковых варыянтах будаўніцтва АЭС згадваецца шэсць месцаў, з якіх у будучыні можна было б абраць найбольш прыдатнае для будаўніцтва малога атамнага рэактара. Адна з прапанаваных лакацый, якая выклікала найбольшую крытыку сярод экспертаў і супольства ў сацыяльных сетках — бераг возера Разна.

 Возера Разна

 Возера Разна

Разна знаходзіцца ў Рэзэкнэнскім краі, адлегласць да мяжы з Беларуссю складае 33 кіламетры, да Расіі — 40 кіламетраў, да Літвы — 90.

Каментатары выказалі незадаволенасць патэнцыйнай пляцоўкай для АЭС, заявіўшы, што возера ў Разненскім нацыянальным парку з'яўляецца месцам адпачынку. Ды і ўвогуле, нацыянальны парк — найбольш ахаваная прыродная тэрыторыя з найвялікшай колькасцю забарон і абмежаванняў на карысць флоры, фауны і экалогіі.

 «Я ўвогуле ў шоку ад гэтага. Тут забаронена ўсё: катацца на квадрацыклах, гідрацыклах вакол Разны, таму што «эка-эка», і раптам тут збіраюцца будаваць АЭС?» — напісала мясцовая жыхарка Санта Віша-Гайсіня, сям’я якой валодае турыстычнай арганізацыяй на беразе возера ў Рэзэкнэнскім краі.

У Дэпартаменце аховы прыроды, што кіруе нацыянальным паркам, заявілі, што інфармацыі пра планы будаўніцтва інстанцыя пакуль не атрымлівала, але падкрэслілі, што будаваць АЭС на ахоўнай прыроднай тэрыторыі — ідэя вар’яцкая.

Узбярэжжа возера Разна. Фота: Eduards Medvedevs

Узбярэжжа возера Разна. Фота: Eduards Medvedevs

З гэтым пагадзіўся і старшыня Рэзэкнэнскай павятовай Рады Монвід Шварц:

«Абсалютна непрыдатнае месца з пункта гледжання аховы прыроды — гэта ахоўная прыродная тэрыторыя. Таксама з тэхнічнага пункту гледжання, прынамсі ў свеце, такія электрастанцыі ставяцца там, дзе непасрэдна ёсць калектар энергіі або побач транзітныя дарогі да буйных злучэнняў», — дадаў ён.

Разна ж знаходзіцца фактычна пасярод глушы: пад’яздных дарог рэгіянальнага значэння вакол возера ўвогуле няма, а кіламетры вакол вадаёма займае багна і балоты, што ўласціва суседскай  Віцебскай вобласці.

Дарэчы, менавіта ж з гэтай прычыны спыненая Ігналінская АЭС была пабудавана на літоўскім баку возера Дрысвяты. Першапачаткова яе ўзвядзенне планавалася на тэрыторыі БССР, ля аднайменнай вёскі, але праз неўстойлівасць глебы было перанесена на супрацьлеглы бераг, дзе адначасова ўзвялі горад-атамшчык Вісагінас.

Спыненая Ігналінская АЭС у Вісагінасе

Спыненая Ігналінская АЭС у Вісагінасе

Паводле «Latvenergo», мапа магчымых пляцовак для будаўніцтва АЭС з улікам ліній электраперадачы, дарожнай інфраструктуры, геалогіі і блізкасці вадаёмаў для ахалоджвання была створана яшчэ 10 гадоў таму. Але, як вынікае цяпер, з пералічанага спісу патрэбам не адпавядае нават вадаём — тады гэтая прыродная зона нават не была вызнана нацыянальным паркам.

Акрамя Разны, на мапе таксама адзначаны Аконе каля Рыгі, Павілоста на Балтыйскім моры ды іншыя варыянты.

 Што да графікаў, міністр Мелніс адзначае, што гаворка можа ісці пра далёкі 2035 год, але ў такім крытычным пытанні перш за ўсё важна пачуць меркаванне латвійцаў. У міністэрстве тлумачаць, што калі краіна прыступіць на будаўніцтва АЭС, выкарыстаныя тэхналогіі не будуць нагадваць аналагі савецкіх часоў ні па надзвычайнай магутнасці, ні па абыякавасці да бяспекі. Агулам, гэта будзе «міні-атамка», створаная выключна для забеспячэння энергіяй сваёй дзяржавы.

 Падкрэслім, што магчымае будаўніцтва АЭС — толькі адзін са сцэнарыяў развіцця атамнай энергетыкі, прапанаваных міністэрствам. У якасці падобнага варыянту разглядаецца і супрацоўніцтва з Эстоніяй, што вырашыла б праблему захоўвання ядзерных адкідаў, якая хвалюе латвійскіх экалагічных актывістаў. Эстонія таксама плануе ўзвядзенне найноўшай атамнай электрастанцыі нізкай магутнасці разам са сховішчам ядзерных адходаў, якія будуць гатовыя меркавана да 2040 года.

Праект АЭС найноўшага тыпу ў Эстоніі

Праект АЭС найноўшага тыпу ў Эстоніі

Будаўніцтва асобнай АЭС у Латвіі запатрабавала б больш за мільярд еўра, а таксама падрыхтоўку канкрэтных спецыялістаў на працягу некалькіх гадоў. Таму цалкам верагодна, што будаўніцтва АЭС ці то на возеры Разна, ці то ў іншых месцах, можа разцягнуцца на некалькіх дзесяцігоддзяў. 

***

Пытанне, якім расійцы заўсёды спрабуюць абразіць жыхароў краін Балтыі, набывае лагічныя абрысы: «І вось варта было спыняць Ігналінскую АЭС, калі цяпер вы хочаце будаваць новую?»

— Так, варта.

Кіраўнік праекта па ядзернай бяспецы Эдвін Лайман адказвае на яго адной ісцінай:

«Гарантаваць бяспеку савецкага рэактара РБМК, які выкарыстоўваюць расійцы, проста немагчыма». Таму краіна, якая клапоціцца пра сваю бяспеку, лепей пяць разоў перабудуе АЭС, чым паставіць на кон сваё існаванне.