Le Figaro: Украіна сыходзіць з расійскай арбіты
Праеўрапейскі блок атрымлівае пераканаўчую перамогу на парламенцкіх выбарах на Украіне. Парламенцкія выбары на Украіне паказалі, што краіна ўсё больш аддаляецца ад Расіі, піша П'ер Аўрыль ў газеце Le Figaro.
«Украіна пацвярджае сваю прыхільнасць Захаду і ўсё больш сыходзіць з расійскай арбіты. Праз пяць месяцаў пасля абрання прэзідэнтам краіны Пётр Парашэнка абзавёўся законна абраным парламентам, якога яму так не хапала. Праеўрапейскі блок на выбарах набірае каля 70% месцаў», — піша аўтар артыкула, грунтуючыся на дадзеных экзіт-полаў, праведзеных пад час парламенцкіх выбараў ва Украіне.
«Прэзідэнт Парашэнка заявіў, што тры чвэрці выбаршчыкаў падтрымалі незваротную арыентацыю Украіны на еўрапейскі курс і ён бачыць у гэтым выбары народную падтрымку свайму «мірнаму плану». Ён заклікаў усіх празаходніх кандыдатаў сфармаваць парламенцкую кааліцыю. Прэзідэнцкі блок ўжо падрыхтаваў спіс задачаў да 2020 года, у ліку якіх вылучэнне кандыдатуры Украіны на ўступленне ў ЕС. Прадугледжаны рэформа судовай сістэмы і праграма барацьбы з карупцыяй. Парашэнка падчас учорашняга галасавання казаў пра тое, што Украіна павінна быць адзінай і непадзельнай, але пакуль што гэтая формула здаецца толькі добрым пажаданнем», — заўважае аўтар.
У зонах, якія кантралююцца сепаратыстамі, экзіт-полы наогул не праходзілі, адзначае Аўрыль. У Кіеве выбаршчыкі не мелі асаблівых ілюзіяў: большасць прагаласавалі за Парашэнку, але без энтузіязму. «Вядома, Януковіч нікому не падабаўся, але я не згодна з радыкаламі, якія прыйшлі на Майдан. Гэта не варта было чалавечых жыццяў», — кажа Вольга, якая служыць у прыватнай фірме. Насельніцтва канстатуе ўсё большую залежнасць ад заходняй дапамогі. Што тычыцца бяспекі, то воляй-няволяй людзі праяўляюць усё большую недобразычлівасць ці нават нянавісць да расійскай улады, канстатуе карэспандэнт.
З яркай перамогай празаходніх сілаў Масква губляе сваю ўладу над украінскім парламентам. Кампартыя Украіны не атрымае месцаў у парламенце. Толькі «Апазіцыйны блок» здолеў пераадолець 5-працэнтны бар’ер. З іншага боку, як лічыць эксперт з Украінскага цэнтра ваенных даследаванняў Сяргей Сгурэц, Крэмль можа прызнаць вынікі выбараў, якія запланаваны на 2 лістапада ў Данбасе, што толькі ўзмацніць канфлікт з Брусэлем і Вашынгтонам. На думку большасці украінцаў, Пуцін здольны зрабіць стаўку на незадаволенасць народа, якое праявіцца па меры нарастання эканамічнага крызісу, гаворыцца ў артыкуле.
Першым палітыкам, які адрэагаваў на вынікі парламенцкіх выбараў ва Украіне, стаў старшыня Камітэта па замежных справах Дзярждумы Аляксей Пушкоў. Ён заявіў, што «на Украіне нічога не зменіцца да лепшага», піша аўтар.