Найбуйнейшы нафтатрэйдар свету прадае свае актывы ў Расіі
Швейцарская кампанія Gunvor, якая з’яўляецца найбуйнейшым нафтавым трэйдарам свету, вырашыла прадаць свае актывы ў Расіі, паведамляе The Financial Times. Гаворка ідзе аб продажы тэрмінала па перавалцы нафтапрадуктаў у балтыйскім порце Усць-Луга, долі ў ТАА «Наварасійскі мазутны тэрмінал» і вуглездабыўнай кампаніі «Колмар», якая працуе ў Якуціі.

На такі крок Gunvor быў вымушаны пайсці з-за палітычнай сітуацыі вакол Украіны і заходніх санкцый супраць Расіі. Нафтатрэйдар разлічвае знізіць рызыкі ў вачах крэдытораў і вылучыць сродкі для куплі актываў у іншых краінах свету. «Расія для Gunvor — гэта мінулае, а не будучыня», — заявіла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
У заяве Gunvor гаворыцца, што кампанія вывучае магчымасць выбарачнага продажу часткі сваіх актываў у Расіі. «Мы не чакаем, што гэта акажа ўплыў на нашу цяперашнюю гандлёвую дзейнасць у Расіі», — сказана ў заяве.