Die Welt: Пуцін пацярпеў паразу з курсам на запалохванне Украіны

Парламенцкія выбары ва Украіне паказваюць, наколькі пераважная большасць украінцаў імкнецца да заходніх каштоўнасцяў. Вынікі таксама, нарэшце, пакончылі з міфам расейскай прапаганды. Пра гэта піша Юлія Смірнова на сайце нямецкай газеты Die Welt



1401015989_3798_vyiboryi.jpg

Ніколі яшчэ парламенцкія выбары ва Украіне не праводзіліся пры такіх трагічных абставінах. Вайна на ўсходзе краіны яшчэ не скончылася, частка тэрыторыі анэксаваная Расіяй, і эканоміка моцна пацярпела.

Тым больш характэрным з’яўляецца рашэнне украінцаў падтрымаць праеўрапейскія сілы і іх курс на рэформы.

Згодна з першапачатковымі прагнозамі, блок прэзідэнта Пятра Парашэнкі набраў каля 23 працэнтаў галасоў. Дзіўна высокім з’яўляецца вынік партыі «Народны фронт» прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка, які з 21 адсоткам галасоў знаходзіцца на другім месцы.

Такім чынам, украінцы выказалі свайму ўраду давер. Яцанюк, хутчэй за ўсё, захавае пасаду прэм’ер-міністра.

Гэтыя дзве партыі, як належна, сфармуюць ўрадавую кааліцыю. Гэта добрая навіна, што блок Парашэнкі не зможа кіраваць самастойна.

Датэрміновыя парламенцкія выбары і іх вынікі з’яўляюцца лагічным працягам руху Майдана. Імкненне да абнаўлення, да вызвалення ад старой эліты, да вяршэнства права, як на Захадзе, стала яшчэ мацней.

Пуцін, як той, хто прайграў

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін не змог запалохаць украінцаў вайной і эканамічным ціскам. Наадварот, Пуцін спрыяў таму, што яны не бачаць іншага шляху для сваёй краіны, акрамя еўрапейскай інтэграцыі. Гэтыя выбары ва Украіне дэманструюць, што вяршэнства закона і дэмакратыі больш прывабна, чым грошы і ваенная моц.

Украінскія выбаршчыкі хочуць бачыць новых асобаў ў парламенце, палітыкаў, якія клапоцяцца не толькі аб сваіх уласных інтарэсах. Гэта пацвярджаецца поспехам новай партыі «Самадапамога» («Самопоміч») мэра Львова, Андрэя Садовага, які, згодна з першапачатковымі прагнозамі, атрымаў прыкладна 13%, і можа стаць членам урадавай кааліцыі.

Гэта пацвярджаецца таксама тым фактам, што партыя «Бацькаўшчына» былога прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі ледзь пераадолела пяціпрацэнтны бар’ер. Час Цімашэнкі мінуў, яна, напэўна, застанецца ў палітыцы, але наўрад ці будзе граць важную ролю.

Хоць у партыйных спісах, у тым ліку блока Парашэнкі, ёсць дэпутаты, якія прадстаўляюць старую эліту. Але гэта павінна быць знакам для іх: ім больш не дазволена гуляць па старых правілах.

Развітаннем з камуністычным мінулым здаецца нізкі вынік камуністычнай партыі, якая больш не будзе прадстаўлена ў парламенце. Прарасійскі «Апазіцыйны блок», які аб’яднаў рэшткі «Партыі рэгіёнаў» былога прэзідэнта Віктара Януковіча, дамогся прыкладна васьмі працэнтаў. Яны, вядома, будуць уплываць на палітыку, але яны будуць у меншасці.

Радыкальныя партыі таксама слабыя

Добрая навіна заключаецца ў тым, што папуліст Алег Ляшко са сваёй «Радыкальнай партыяй», не стаў, як многія асцерагаліся, другой сілай, а набраў толькі шэсць працэнтаў. Нацыяналістычная «Свабода» страціла большую частку сваёй падтрымкі.

І «Правы сектар» атрымаў крыху больш за два працэнты. Нягледзячы на вайну, правыя сілы зноў не атрымалі падтрымкі ад украінскага грамадства. Гэта павінна, нарэшце, знішчыць міф расійскай прапаганды пра «фашысцкую хунту ў Кіеве».

Украіну яшчэ чакаюць цяжкія часы. Украінская эліта і прэзідэнт Парашэнка не маюць права паўтараць памылкі, якія былі здзейсненыя пасля аранжавай рэвалюцыі. Яны павінны хутка ажыццявіць рэформы, мандат для гэтага яны атрымалі.

Годным захаплення ў Украіне з’яўляецца яе грамадзянская супольнасць, значна больш спелая, моцная і патрыятычныя, чым эліта. Добрая навіна таксама ў тым, што многія кандыдаты з грамадзянскай супольнасці будуць прадстаўлены ў новым парламенце, і, такім чынам, будуць уплываць на сістэму знутры.

Няма ніякіх сумневаў, што Пуцін не хоча адступаць. Ён будзе і далей дэстабілізаваць краіну і выкарыстоўваць яе ўнутраныя праблемы. Яго мэтай з’яўляецца крах дэмакратычнага руху ў суседняй краіне, якая ўяўляе небяспеку для яго ўласнай аўтарытарнай улады.

Сваёй прамовай у Сочы на сустрэчы валдайскага клуба, ён зноў даў зразумець, што ён разглядае канфлікт ва Украіне, як паўтарэнне распаду Савецкага Саюза, і гэта тоіць у сабе рызыку для іншых суседзяў Расіі.

У вайне за сваю незалежнасць Украіна змагаецца за свой еўрапейскі выбар і каштоўнасці. Таму, ЕС і далей павінен падтрымліваць Кіеў — у дыпламатычным і фінансавым планах. Украінцы ўжо заплацілі ў гэтым годзе за сваю свабоду і вяршэнства закона неверагодна высокую цану — некалькі тысяч чалавечых жыццяў. Яны заслужылі гэтую свабоду так, як ні адна іншая краіна ў Еўропе.