Марыю Калеснікаву ўзнагародзілі Прэміяй Магніцкага як «выбітную апазіцыйную дзяячку»
Уручэнне прэміі прайшло 19 лістапада ў Лондане. Адной з лаўрэатак стала былая кіраўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава, паведамляе ў сваім тэлеграм-канале арт-дырэктар «Беларускага Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін.
У лісце да ўзнагароды гаворыцца: «Мы ўшаноўваем яе за прынцыповую і смелую пазіцыю, якую яна заняла ў абарону сваёй краіны, выступаючы супраць рэжыму Лукашэнкі. Той факт, што яна магла з’ехаць, але аказалася такой моцнай, што засталася і заплаціла такую драматычную цану, крануў усіх сябраў камітэта па ўзнагародах; мы адчулі, што яе моц і яе ахвяра мусяць быць прызнаныя і ўшанаваныя».
Марыю Калеснікаву на цырымоніі ўзнагароджання прадстаўлялі Наталля Каляда і «Беларускі Свабодны тэатр», якія атрымалі Прэмію Магніцкага ў 2020 годзе ў намінацыі «Мужнасць пад агнём». Узнагароду Калеснікавай уручыў старшыня Фонду Барыса Нямцова, журналіст Уладзімір Кара-Мурза.
Марыя Калеснікава была затрыманая 7 верасня 2020 года. Яе судзілі разам з юрыстам Максімам Знакам. 6 верасня 2021 года суддзя Мінскага абласнога суда Сяргей Епіхаў прызнаў іх вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі»), ч. 1 арт. 357 («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім»). Калеснікава была пакараная 11 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
Прэмію імя Магніцкага ўручаюць з 2015 года за заслугі ў галіне журналісцкіх расследаванняў і за дзейнасць па барацьбе за правы чалавека. Узнагарода названая ў гонар юрыста і аўдытара кампаніі Firestone DuncanСяргея Магніцкага, які выкрыў і спрабаваў расследаваць крадзеж буйной сумы з бюджэту Расіі, што, імаверна, здзейснілі высокапастаўленыя чыноўнікі і супрацоўнікі сілавых структур. За сваю дзейнасць Магніцкі быў арыштаваны расійскімі ўладамі і памёр у турме.