На ЧАЭС абвясцілі аб пераходзе да этапу зняцця з эксплуатацыі
Першым этапам зняцця з эксплуатацыі з'яўляецца "канчатковае закрыццё і кансервацыя", ён зойме больш за 10 гадоў.
"Дзяржаўная інспекцыя ядзернага рэгулявання Украіны выдала асобны дазвол на рэалізацыю работ у адпаведнасці з Праграмай этапу канчатковага закрыцця і кансервацыі. Гэта азначае, што Чарнобыльская АЭС завяршае дзейнасць па спыненні эксплуатацыі і афіцыйна пераходзіць да этапу зняцця з эксплуатацыі", — гаворыцца ў паведамленні на сайце станцыі.
Падчас выканання работ па Праекту на этапе канчатковага закрыцця і кансервацыі блокаў ЧАЭС дадатковае радыяцыйнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе будзе значна ніжэй радыяцыйна-гігіенічных рэгламентаў і з'яўляецца прымальным з пункту гледжання забеспячэння экалагічнай бяспекі, адзначылі на станцыі.
Этап канчатковага закрыцця і кансервацыі энергаблокаў Чарнобыльскай АЭС будзе працягвацца да 2028 года, дзейнасць у асноўным будзе тычыцца рэактараў, контураў шматразовай прымусовай цыркуляцыі і сумежнага абсталявання блокаў 1, 2 і 3.
Раней паведамлялася, што ўрад Германіі мае намер вылучыць дадаткова каля 18 млн еўра на завяршэнне будаўніцтва новага саркафага над чацвёртым энергаблокам Чарнобыльскай АЭС.
Аварыя на ЧАЭС расцэньваецца як найбуйнейшая ў сваім родзе за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі, як па ацэначнай колькасці загінулых і пацярпелых ад яе наступстваў людзей, так і па эканамічных стратах. У адрозненне ад бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, выбух нагадваў вельмі магутную «брудную бомбу» — асноўным паражальным фактарам стала радыеактыўнае заражэнне. Воблака, якое ўтварылася ад палаючага рэактара, разнесла розныя радыеактыўныя матэрыялы, і перш за ўсё радыёнукліды ёду і цэзію, па большай частцы тэрыторыі Еўропы. Найбольшыя выпадзенні былі на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Расіі.
Пра жыццё на забруджаных тэрыторыях можна прачытаць ТУТ.