Newsweek: Расія ўступае ў новую смяротную фазу гібрыднай вайны ва Украіне

Аўтар артыкула Максім Такер нагадвае пра падзеі 22 лютага, калі падчас маршу ў Харкаве прагучаў выбух. Артыкул пад назвай «Расія ўступае ў новую смяротную фазу гібрыднай вайны ва Украіне», апублікаваная ў часопісе Newsweek.



treror020415.jpg

Шпацыруючы з каляскай, у якой ляжала яго малая дачка, 37-гадовы Дзмітрый Камякоў спыніўся, калі дэманстранты выстраіліся вакол вялізнага ўкраінскага сцяга. У Харкаве, другім па велічыні горадзе Украіны, было цудоўнае надворъе. Добры дзень для таго, каб сотні людзей, якія прыйшлі на марш, маглі адзначыць гадавіну з дня звяржэння прэзідэнта Віктара Януковіча, якое адбылося ў выніку пратэстаў на Еўрамайдане.

Калі ўдзельнікі шэсця зноў пачалі ісці, у натоўпе прагрымеў выбух. Камякоў знаходзіўся даволі блізка, каб адчуць пал ад выбухны хвалі. Калі скрываўленыя ахвяры ўпалі на зямлю, ён пачаў шукаць сваю жонку і 12-гадовую дачку сярод панікуючых людзей. «Я бачыў, як кавалкі металу разляцеліся ў паветры, і людзі пачалі падаць», — кажа ён. «Спачатку я праверыў, ці не пацярпела маё дзіця, затым агледзеў сябе, азірнуўся і ўбачыў, што мая жонка і дачка бягуць да мяне». Цудоўным чынам ўся сям’я засталася цэлай. Але чатыры чалавекі, у тым ліку два падлетка, загінулі ў выніку гэтага выбуху, і яшчэ дзевяць чалавек былі цяжка параненыя.

У дзяржаўнай Службе бяспекі Украіны, СБУ, сказалі, што Расія ўступіла ў новую фазу сваёй кампаніі па дэстабілізацыі Украіны, пры гэтым атака, якая адбылася 22 лютага ў Харкаве, была ўсяго толькі адной з цэлай серыі выбухаў, арганізаваных расійскімі спецслужбамі, ФСБ і ГРУ. «Усё пачынаецца з 16-18 цэнтраў ФСБ, якія дзейнічаюць з Сколкава, Расія», — кажа Віталь Найда, начальнік Дэпартамента контрвыведкі ў сферы інфармацыйнай бяспекі СБУ. «Гэтыя цэнтры адказваюць за інфармацыйную вайну. Яны распаўсюджваюць прапаганду, ілжывую інфармацыю праз сацыяльныя сеткі. Пераназваныя фатаграфіі, зробленыя ў Сірыі, малюнкі ваенных злачынстваў у Сербіі — іх выкарыстоўваюць, каб радыкалізаваць, а затым вербаваць украінцаў».

У якасці прыкладу ён распавядае аб тэрарыстычнай ячэйцы з Днепрапятроўска, якая складалася з трох чалавек, якіх падазраюць у здзяйсненні тэракту, і якія зараз знаходзяцца пад следствам. Ён паказвае журналістам Newsweek доказы, у тым ліку фатаграфіі і відэа зброі з расійскімі серыйнымі нумарамі і перахопленыя размовы. Атрымаўшы інструкцыі і зброю праз схованкі, гэтыя трое падазраваных ніколі не сустракаліся са сваімі куратарамі.

treror020415_2.jpg

«Яны былі завербаваныя ФСБ. Інструкцыі спачатку яны атрымлівалі ў асабістых паведамленнях па інтэрнэце, і ў некаторых выпадках у сацсетцы Вконтакте», — кажа Найда. «Калі іх затрымалі і арыштавалі, у іх дамах мы знайшлі выбухоўку, гранаты, сродкі сувязі і раздрукаваныя паведамленні — дзе ўсталяваць выбухоўку, дзе яны павінны былі знаходзіцца, каб стварыць паніку». Дэпартамент Найды сочыць прыкладна за 600-мі «антыўкраінскімі» групамі ў сацыяльных сетках, у якія ўваходзяць сотні тысяч чалавек. На цяперашні час яны перахапілі размовы паміж 29 самымі актыўнімі адміністратарамі груп і асобамі, якія выкарыстоўваюць старонкі, звязаныя з расійскімі спецслужбамі.

Беглы пошук у інтэрнэце паказвае, што сепаратысцкія групы — гэта праблема ўжо не толькі Украіны. У гэтым годзе ў Арменіі, краінах Балтыі, Малдове і Польшчы ў сацыяльных сетках нечакана з’явіліся старонкі «Народных Рэспублік», некаторыя з якіх адкрыта прарасійскія, іншыя проста ствараюць міжэтнічную напружанасць паміж большасцю і меншасцю насельніцтва ў адным горадзе ці краіне — ці гэта будуць рускія і латышы, ці палякі і літоўцы.

У той жа час, ва Украіне кожны тыдзень здараюцца нейкія інцыдэнты, звязаныя з тэрорам — ад ілжывай пагрозы замініравання, з-за якой закрываюць львоўскі аэрапорт у заходняй Украіне, да серыі выбухаў, накіраваных на праўкраінскія палітычныя групы ў Адэсе, на поўдні Украіны. Церпіць інфраструктура, у тым ліку жалезныя дарогі і фінансавыя ўстановы, а ў некаторых выпадках, як гэта было ў Харкаве, і простыя украінцы.

Арганізатары выбуху ў Харкаве, група, вядомая як «Харкаўскія партызаны», сказалі, што іх мэтай былі салдаты і палітычныя дзеячы, якія ішлі наперадзе падчас маршу. У выніку прыпаркаваны грузавік прыняў асноўны ўдар на сябе, дзякуючы чаму ўдалося пазбегнуць значна большай колькасці ахвяр. Чатырох з «партызан» затрымалі адразу ж пасля выбуху, калі яны збіраліся знішчыць клуб праўкраінскіх добраахвотнікаў з дапамогай ракетнай пускавой ўстаноўкі.

На відэа допыту аднаго з «партызан», якое СБУ прадаставіла Newsweek, змучаны мужчына, як здавалася па яго голасу, (яго твар быў мазаічным, каб схаваць яго асобу да судовага разбору, але, верагодна, які дэманструе падбітае вока), тлумачыць, як адбыўся выбух. «Я усталяваў міну пад адмысловым вуглом, каб максімізаваць ўздзеянне на пярэдні край, дзе, наколькі я ведаю, знаходзіліся прадстаўнікі добраахвотніцкіх батальёнаў і нацыяналістычных арганізацый”.

Мужчына распавядае сьледчаму, што сустрэў агента расійскіх спецслужбаў, калі быў у лістападзе ў Белгарадзе, Расія. Ён папрасіў зрабіць фота і відэа рухаў украінскіх войскаў. Паводле яго слоў, у лютым, яму даручылі забраць проціпяхотную міну МОН-100 з тайніка ў Харкаве, якую ён усталяваў і падарваў падчас маршу за 10 тысяч долараў. Забраць грошы трэба ў Расіі. Яго прызнанне гучыць так, як быццам ён гэта робіць пад прымусам, і яно добра адрэпетавана. У час вайны, калі абодва бакі ловяць на тым, што яны распаўсюджваюць мяцежную прапаганду, складана давяраць СБУ.

Тым не менш, заявы расійскіх уладаў аб тым, што гэта Украіна ўчыняе тэракты з мэтай дыскрэдытаваць Расію, проста недарэчныя. Улічваючы тое, якія катастрафічныя наступствы гэта мае для Украіны ў плане шкоды для эканомікі, патэнцыйных інвестыцый і інфраструктуры, наўрад ці можна паверыць у тое, што Украіна сама арганізоўвае тэракты.

treror020415_1.jpg

Ёсць і альтэрнатыўная версія, згодна з якой Расія выкарыстоўвае «партызан» для распаўсюду сваёй гібрыднай вайны ва Украіне. Існуе велізарная колькасць правераных незалежнымі крыніцамі фотаздымкаў, відэаматэрыялаў і фактаў, якія сведчаць аб уцягнутасці Расіі ва ўкраінскі канфлікт, хоць расійскія чыноўнікі працягваюць адмаўляць, што яны дапамагаюць сепаратыстам або спансуюць тэрарызм. «Іх мэта — дэстабілізаваць сітуацыю, пасеяць паніку, нашкодзіць эканоміцы», — кажа Найда.

«Яны нацэлены на Кіеў, Харкаў, Днепрапятроўск, Адэсу і на тэрыторыі ўздоўж патэнцыйнага сухапутнага калідора паміж Расіяй і Крымам — Марыупаль, Херсон і Нікалаеў. Сепаратыстам патрэбныя гэтыя гарады. Яны ведаюць, што ў іх няма ніякіх шанцаў выжыць без сухапутнага калідора».

Якім бы не быў матыў гэтых нападаў, ясна толькі тое, што яны будуць працягвацца. 25 сакавіка адбыўся выбух на чыгунцы ў Днепрапятроўску. 17 сакавіка супрацоўнікі СБУ правялі праверку, затрымаўшы пяць падазраваных у здзяйсненні тэрактаў у Адэсе, але не змаглі прадухіліць выбух 22 сакавіка. Для такіх сем’яў, як сям’я Камяковых, гэтая інтэнсіўная тэрарыстычная кампанія стала другім зруйнавальным ударам. Яны думалі, што збеглі ад вайны, калі пакінулі свой дом у Стаханава, горадзе ў Луганскай вобласці, які моцна пацярпеў у час абстрэлаў і цяпер знаходзіцца пад кантролем прарасійскіх груп.

Дзмітрый Камякоў забараніў сваёй 12-гадовай дачцы наведваць якія-небудзь праўкраінскія сходы, калі яны яшчэ жылі ў Стаханава, ведаючы, што гэта можа быць небяспечна. Але ён думаў, што ў Харкаве усё будзе па-іншаму. «Маёй старэйшай 12 гадоў, яна вельмі моцна падтрымлівае Украіну, як і ўсе маладыя людзі сёння», — уздыхае Камякоў. «Яе заўсёды цікавілі такія маршы і сходы, і яна ўвесь час пыталася, ці можна ёй пайсці на іх. Але я ніколі не дазваляў ёй. Таму што ў час вайны можа адбыцца што заўгодна».

Камякоў цалкам падаўлены. Яго сям’я ўжо страціла дом, і ўжо некалькі месяцаў яны спрабуюць звесці канцы з канцамі і зладзіць новае жыццё ў Харкаве. Цяпер ён задаецца пытаннем, ці прыйдзецца ім зноў мяняць месца жыхарства. «Гэта жудасна, але я адчуваю... і людзі тут кажуць, што ў хуткім часе ў Харкаве можа адбыцца тое ж самае, што і ў нашым горадзе. Гэта страшныя думкі».

Крыніца: УНІАН