Ні сярпа, ні молата

12 ліпеня парламент Малдовы прыняў пастанову, якая асуджае камуністычнае мінулае краіны і забараняе выкарыстанне ў палітычных мэтах сімволікі СССР. Пра прычыны такога рашэння і яго наступствы для краіны журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з малдаўскім палітолагам Алегам Сеняевым.
 

— Чаму дэпутаты з кааліцыі «Альянс за еўраінтэграцыю» прынялі такі закон, і ў дадатак у апошні дзень перад парламенцкімі канікуламі?
— Закон, падтрыманы партыямі «Альянсу за еўраінтэграцыю», быў прыняты з падачы Ліберальнай партыі 53 галасамі дэпутатаў (усяго ў парламенце 101 дэпутат). Аўтары закону фармальна спасылаюцца на высновы камісіі па гістарычнай і палітыка-прававой ацэнцы таталітарнага камуністычнага рэжыму ў Рэспубліцы Малдова, якая была створаная загадам Гімпу, калі ён выконваў абавязкі прэзідэнта.
Камісія прыйшла да высновы, што партыя камуністаў на тэрыторыі Рэспублікі Малдова вяла антынародную палітыку рэпрэсій, дэпартацый, знішчэння культуры і мовы народа. Таталітарны рэжым таксама перашкаджаў абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці малдаўскага народа. На думку сяброў камісіі, спадчына Леніна і Сталіна з’яўляецца перашкодай для праўдзівай нацыянальнай ідэнтычнасці і перашкодай на шляху еўрапеізацыі. Сыходзячы з гэтых высноў лібералы прапанавалі забараніць камуністычную сімволіку і асудзіць камуністычную таталітарную ідэалогію.
Праўда, некаторыя кажуць, што камісія тут не пры чым. Гімпу хацеў неяк дапамагчы саюзніку Траяну Бэсеску — экс-прэзідэнту Румыніі, якога адправілі ў адстаўку за карупцыю. 29 ліпеня на рэферэндуме румыны галасуюць за тое, каб аднавіць паўнамоцтвы Бэсеску. Апошні аб’ектыўна зацікаўлены ў галасах прыхільнікаў інтэграцыі Румыніі і Малдовы, якая немагчымая без асуджэння камуністычнага мінулага.
— Што пагражае тым малдаванам, якія і далей будуць дэманстраваць забароненыя сімвалы?
— Фізічным асобам, якія выкарыстоўваюць забароненыя сімвалы, давядзецца заплаціць ад 20000 да 3000 тысяч леяў. Ініцыятары закона асобна падкрэслілі, што забарона не тычыцца гістарычных манументаў, узнагарод савецкіх ветэранаў і іншай асабістай маёмасці грамадзян. «У хаце можаце нават загортвацца ў коўдру з малюнкамі сярпа і молата», — угаворваў падчас парламенцкіх дэбатаў камуністаў аўтар законапраекта, лідар лібералаў Міхай Гімпу.
Памер штрафаў для службовых і юрыдычных асоб значна больш — 300–500 долараў (6–10 тысяч леяў). Калі будзе мець месца рэцыдыў, наступствы будуць больш суровыя. Напрыклад, пазбаўленне легальнага статусу. Гэта пагражае Камуністычнай партыі Рэспублікі Малдова (КПРМ), якая мае ў сваёй сімволіцы выяву сярпа і молата. Калі да 1 кастрычніка, калі закон уступіць у сілу, камуністы не правядуць рэбрэндынг, то, па словах Гімпу, ПКРМ будзе выключана з рэестру партый. Увогуле, галоўны ліберал ужо прапанаваў камуністам альтэрнатыву. Па яго словах, замяніць «серп і молат» можна на «міску і лыжку» ці «кола ад тралейбуса». Мясцовыя сатырыкі прапануюць кампартыі выкарыстоўваць выяву банкаўскай карткі яе лідара, чый клан у свой час прыватызаваў цэлыя сектары малдаўскай эканомікі.
— Як ацэньвае грамадства новыя закон?
— Прыхільнікі «Альянсу за еўраінтэграцыю»  кажуць, што рашэнне 12 ліпеня — гэта праява здаровай нацыянальнай годнасці. Аднак мне здаецца, што ў большасці малдаўскіх грамадзян пераважае меркаванне, што гэта была разборка паміж парламенцкімі фракцыямі з элементамі асабістай помсты. Барацьбу з камуністычнай ідэалогіяй у Малдове Міхай Гімпу не раз называў мэтай усяго свайго жыцця. Ніякай сур’ёзнай дыскусіі ў грамадстве напярэдадні галасавання не было.
Больш таго, дэпутаты першага парламента Малдовы пасля здабыцця незалежнасці ўжо прымалі рашэнне, якое забараняе сімволіку таталітарнага камуністычнага і фашысцкага рэжымаў.
Не згодная з пастановай дэпутатаў нават частка гісторыкаў, якія ўваходзілі ў камісію. У цэлым падзяляючы ацэначны бок прынятага парламентам дакумента,  яны перакананыя, што былым рэпрэсаваным значна важней практычныя дзеянні і пэўная дапамога, чым пустыя словы і законапраекты.
— Ці гатовыя  камуністы сапраўды замяніць серп і молат на выяву кола ад тралейбуса ці іншы сімвал?
— Дэпутаты фракцыі ПКРМ адмовіліся прызнаць даклад камісіі Гімпу адпаведным праву. Па іх логіцы, Партыя камуністаў нікога ў Малдове не рэпрэсавала. Юрысты ПКРМ ужо рыхтуюць зварот у Канстытуцыйны суд, з якім яны накіруюцца туды адразу пасля ўступлення ў сілу рашэнняў парламента.
Аднак, на думку шмат каго, Кампартыя зараз выглядае не лепшым чынам. У словах яе лідара Уладзіміра Вароніна шмат істэрычных нотак. Варонін называе апанентаў прыдуркамі, параўноўвае іх з прастытуткамі і гвалтаўнікамі. Лідар камуністаў літаральна фантануе тэорыямі.  Ён кажа, што пастанова парламенту з’яўляецца часткай плану па разбурэнню Савецкага Саюза, які ён, быццам, сам бачыў і які распрацоўваўся яшчэ ў час «халоднай вайны».
Па словах Вароніна, як толькі камуністамі было абвешчана пра намер далучыць Малдову да новага Еўразійскага праекта і Мытнага саюза, кампартыю вырашылі забараніць праз забарону яе сімволікі. А паколькі ПКРМ, па яго словах, партыя дзяржаўнікаў, з сыходам яе структур з палітычнай арэны Малдову пазбавяць дзяржаўнасці.
Магчыма, такая нервовая рэакцыя звязаная з тым, што камуністам не ўдалося прыручыць дэмакратаў з партыі Марыяна Лупу, які быццам бы быў не супраць заключыць з Вароніным пакт. Аказалася, што Лупу застаўся верным ідэі кааліцыі з лібераламі і ліберал-дэмакратамі.
— Якая рэакцыя на закон пра забарону камуністычнай сімволікі ў Прыднястроўі і Гагаузіі?
— Ужо цяпер відавочна, што новы закон не будзе распаўсюджвацца на ўсю Малдову. Так, у Прыднястроўі, якое Кішынёў лічыць неад’емнай часткай краіны, сярпы і молаты можна пабачыць на кожным кроку. У Ціраспалі забарону сярпа і молата ўжо назвалі «ўнутранай справай замежнай дзяржавы». Што тычыцца Гагаузіі, то яе кіраўнік Міхаіл Фармузал патрабаваў пасадзіць Гімпу ў турму на 20 гадоў і распрацаваць закон аб забароне ўніянісцкай прапаганды за аб’яднанне Малдовы з Румыніяй.
Аднак праблемы ва ўраду могуць узнікнуць не толькі па той бок Днястра. Ужо зразумела, што ўлады другога ў Малдове гораду Бяльцы, які кантралююць камуністы, акажуць заўзятае супрацьстаянне ініцыятыве. А 14 ліпеня камуністычны актыў сталічнага раёну Чаканы вырашыў пачаць кампанію пра непадпарадкаванне рашэнням парламента. Шматлікія секцыі КПРМ падтрымалі ідэю.
Праўда, ёсць адзін важны момант. Рашэнне парламента, незалежна ад яго зместу, не прадугледжвае механізмаў для ажыццяўлення пунктаў гэтага дакумента. На падставе гэтага рашэння неабходна ўнесці змены ў цэлы шэраг заканадаўчых актаў, каб забяспечыць прававую базу неабходным механізмам. Колькі на гэта спатрэбіцца часу, не зразумела.
— Па словах камуністаў, рашэнне пра забарону сярпа і молата можна было не дапусціць, калі б акрамя камуністаў пасяджэнне байкатавалі таксама дэпутаты-сацыялісты Дадона і Мішына.
— Паводле рэгламенту, для пасяджэння патрэбна, каб у парламенцкай зале была большасць дэпутацкага корпусу, але не менш 51 дэпутата. З тых, хто застаўся, — шэсць дэпутатаў належаць да груп Дадона і Мішына (палітыкі, якія выйшлі з Кампартыі). Яны галасавалі супраць законапраекту пра забарону, аднак забяспечылі кворум, што, на думку камуністаў, ёсць вялікая здрада.   
На самай справе, не ўсе так проста, паколькі паміж лідарамі сацыялістаў і камуністаў шмат асабістых крыўдаў. Тым больш, што сацыялістам зараз важна дэманстраваць сваю поўную аўтаномнасць ад Кампартыі, якая патрабавала ад іх падтрымаць дэмарш, пакінуўшы залу.  
Літаральна напярэдадні галасавання па сярпу і молату ў Гагаузіі вялікая група камуністаў перабегла ў лагер сацыялістаў. Гэта моцны ўдар па пазіцыях камуністаў перад прызначанымі на 9 верасня выбарамі ў Народны сход аўтаноміі.
Цяпер камуністы рыхтуюцца да гэтай электаральнай бітвы. Яе вынікі пакажуць, у якім стане знаходзіцца партыя пасля серыі гучных скандалаў з выхадам з яе вядомых палітыкаў.  А пасля 12 ліпеня галасаванне набывае прысмак рэферэндуму — галасуючы за камуністаў, выбаршчыкі галасуюць і супраць забароны камуністычных сімвалаў. Мяркую, што вынікі выбараў паўплываюць на тое, ці канчаткова апынецца серп і молат у Малдове па-за законам.