«Няма жадання асацыявацца з вар'яцкімі рашэннямі». Славуты рэжысёр выйшаў з Саюза кінематаграфістаў РФ
Пра тое, што апошнім часам адбывалася ў расійскім Саюзе кінематаграфістаў, рэжысёр распавёў так: «Гэта жахліва, пачварна, як і тое, што адзін чалавек сядзіць перад кнопкай ядзернага ўдару, а мільярды чакаюць, націсне ён яе ці не»
Расійскі оскараўскі камітэт 26 верасня абвясціў, што вырашыў адмовіцца ў 2022 годзе ад вылучэння фільма на суісканне прэміі Амерыканскай кінаакадэміі. Старшыня Саюза кінематаграфістаў РФ Мікіта Міхалкоў заявіў, што «рабіць гэта бессэнсоўна». Пасля гэтага оскараўскі камітэт Расіі пакінуў яго кіраўнік Павел Чухрай.
Андрэй Звягінцаў, адзін з самых вядомых у Расіі і за яе межамі рэжысёраў, таксама абвясціў пра выхад з оскараўскага камітэта і адначасова — з іншых прафесійных арганізацый, уключна з Саюзам кінематаграфістаў.
Звягінцаў растлумачыў гэта рашэнне не толькі сітуацыяй з вылучэннем расійскага фільма на «Оскар», але і палітычнай сітуацыяй у Расіі.
— Маё рашэнне выйсці з оскараўскай камісіі прадыктаванае прыкладна тымі ж довадамі, пра якія напісаў у сваім лісце старшыня гэтай камісіі Павел Чухрай. Калі ты з прэсы даведваешся пра рашэнне ўзначаленай табой арганізацыі, пра яе ўжо абвешчанае рашэнне не вылучаць у гэтым годзе фільм ад Расіі, якімі б палітычнымі, этычнымі або эстэтычнымі меркаваннямі ні кіраваліся тыя, хто аднаасобна прыняў такое рашэнне, — гэта абуральны валюнтарызм некалькіх членаў камісіі, якія ўявілі, што дастаткова іх усёвідушчага і свавольнага бачання сітуацыі.
У арганізацыі — каля 20 чалавек, і практычна ўсе яны з газет даведаліся пра гэтую падзею. Гэта не проста дзіўна або неабачліва, гэта гэтак жа пачварна, як і тое, што адзін чалавек сядзіць перад кнопкай ядзернага ўдару, а ўсе іншыя (а іх мільярды) затаіўшы дыханне чакаюць, націсне ён яе ці не. Ён зрабіў ужо два незваротных жэсты — развязаў вайну з прыязным калісьці суседам, а цяпер вырашыў зладзіць зыход са сваёй краіны вялікай колькасці грамадзян.
Катастрафічныя па маштабах гуманітарнай бяды наступствы ў руках (і на руках) аднаго адзінага чалавека. У далейшым не толькі «цудоўнай Расіі будучыні», але і ўсяму свету проста неабходна перагледзець такое становішча спраў. Мадэль — адзін вырашае за ўсіх — не рабочая, а галоўнае — згубная. Няма больш ні найменшага жадання хоць неяк асацыявацца з такімі вар'яцкімі рашэннямі і быць датычным да спраў і настрояў такіх людзей.
Я выходжу не толькі з вышэйназванай арганізацыі, але гэтак жа маю публічную заяву прашу экстрапаляваць на іншыя: Саюз кінематаграфістаў Расійскай Федэрацыі; Акадэмію Залаты Арол і Акадэмію Ніка.
Я застаюся рускім рэжысёрам і расійскім грамадзянінам, толькі без акадэмічных і іншых членскіх прывілеяў прымаць лёсавызначальныя для каго б там ні было рашэнні.
Паводле Meduza