У Беларусі «CINEVOKA — Кіно па-беларуску» працуе. Вялікая калекцыя фільмаў па-беларуску дасяжная для гледачоў
Сёння «Новы Час» даў неправераную інфармацыю, нібыта перастаў адкрывацца раздзел А1 «CINEVOKA – Кіно па-беларуску». Як высветлілася, у Беларусі сэрвіс працуе карэктна, а за мяжой «Кіно па-беларуску» і не мусіла адкрывацца.

Сёння «НЧ» напісаў, што A1 выдаліла раздзел з фільмамі і серыяламі на беларускай мове. Насамрэч гэта не так.
Як высветлілася, раздзел «CINEVOKA – Кіно па-беларуску» ніколі не быў дасяжны за межамі Беларусі, таму што правы на гэты кантэнт кампанія мае толькі на тэрыторыі РБ. Таму гэтыя раздзелы і мусяць быць недасяжныя за мяжой нават з уключаным ВПН. З тэрыторыі Беларусі ўсё працягвае карэктна працаваць
«Новы Час» прыносіць прабачэнні чытачам.

Нагадаем, у калекцыі VOKA — больш за 70 мастацкіх і анімацыйных фільмаў, пераагучаных на беларускую мову для гледачоў відэасэрвісу з удзелам прафесійных акцёраў, дыктараў і музыкаў.
На роднай мове беларусы могуць паглядзець культавыя фільмы «Панесеныя ветрам», «Гэта цудоўнае жыццё», «12 раз'юшаных мужчын», «Леон», «Палёт над гняздом зязюлі», «Пяты элемент», «Рэквіем па мары», «Жонка наглядчыка заапарка» і іншыя.
Для беларускіх дзетак дасяжныя мультфільмы ў беларускамоўнай агучцы, напрыклад, «Рататуй» і навінка мінулага года — анімацыйны фільм «Душа».
Каб паглядзець фільм па-беларуску, гледачам трэба было заплаціць 9,90 руб. для неабмежаванага прагляду, альбо 6,90 руб. з доступам на 30 дзён. Былі і прыемныя акцыі: напрыклад, да Дня роднай мовы стваральнікі сэрвіса рабілі доступ да фільмаў з беларускай агучкай бясплатным.
Акрамя таго, на VOKA па-беларуску можна глядзець і серыялы. Напрыклад, усе серыі міні-серыяла «Чарнобыль» альбо апошні сезон легендарнай «Гульні тронаў».
