У японскім універсітэце ахвочых вывучаць беларускую мову значна больш, чым рускую

«Сёння быў нейкі рэкорд»… — распавяла пра колькасць студэнтаў, што факультатыўна прыйшлі вывучаць беларускую мову, Сіёры Кіёсава, выкладчыца аднаго з найлепшых прыватных універсітэтаў. Яна ж выкладае ў ВНУ студэнтам і рускую мову таксама.

sijory.jpg

Пра гэта Сіёры Кіёсава распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«У гэтым семестры я атрымала цудоўную магчымасць — выкладаць беларускую мову ва ўніверсітэце Дзёці (上智大学) (адзін з найлепшых прыватных універсітэтаў у Японіі).

Заняткі з’яўляюцца факультатыўнымі, і ўніверсітэт даў мне аўдыторыю, у якой ёсць усяго 20 месцаў для студэнтаў.

Сёння адбыліся першыя заняткі. Колькасць студэнтаў аказалася амаль 30…! Нам нават прыйшлося перайсці ў іншую, больш вялікую аўдыторыю.

Я ж зараз выкладаю і рускую мову ў іншых універсітэтах. Аднак на мае заняткі ходзяць не больш за 17 вучняў. Таму сёння быў нейкі рэкорд… (прынамсі, для мяне). Усе студэнты вельмі апантаныя ды з вялікай цікавасцю вывучаюць мову нашу мілую…»


Між тым, у самой Беларусі няма цяпер ніводнай ВНУ, дзе студэнты маглі б атрымаць адукацыю выключна па-беларуску. Прыватны беларускамоўны Нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча яшчэ да пратэстаў 2020 года каля трох гадоў безвынікова спрабаваў атрымаць ліцэнзію на выкладанне.