Як зрабіць дзяржаўны пераварот? Топ-10 фільмаў пра гэта

Нехта марыць, хтосьці баіцца, некаторыя зьдзяйсьняюць неэлектаральную зьмену ўлады. Гэтая тэма заўжды цікавіла не толькі палітыкаў, але і кінематаграфістаў. Існуе багата фільмаў, у якіх закранаюцца розныя аспекты дзяржаўных пераваротаў. Мы стварылі для вас спіс з 10 лепшых.

movie.jpg

Нумар 10. Сабакі вайны (The Dogs of War), 1980

the_dogs_of_war.jpg

Фільм Джона Ірвіна з Крыстафэрам Уокенам і Томам Бэрэнджэрам у галоўных ролях. Палітычны трылер, які пераносіць гледачоў у адну з афрыканскіх краінаў. Мы бачым, як старанна падрыхтоўваецца пераварот, як са старой добрай Англіі скіроўваецца зброя ў Заходнюю Афрыку, як адбываецца дбайны падлік грашовых сумаў, што разьмяркоўваюцца для падтрымкі лідэра, які прагне кіраваць краінай. Пачатак фільма паступова павялічвае напружанасьць, і гледачы з нецярпеньнем чакаюць разьвіцьця падзеяў. Мы сустракаем героя Ўокена ў якасьці таго, хто павінны дапамагчы зрабіць пераварот у складзе вайсковай групы. Праўдзівасьці карціне дадае цікавы факт: Фрэдэрык Фарсайт, аўтар рамана, па якім была зьнятая стужка, падчас збору інфармацыі рабіў выгляд, што намагаецца арганізаваць сапраўдны пераварот у Экватарыяльнай Гвінэі. Гэта дазволіла яму выйсьці на гандляроў зброяй і іншых крымінальных элементаў, якія выкарыстоўваюцца ў падобных абставінах. 

Нумар 9. Віва, Сапата! (Viva Zapata!), 1952

viva_zapata_.jpg

Энтані Куін атрымаў запаветную ўзнагароду Оскар за лепшую мужчынскую ролю другога пляну. Галоўную ж скрыпку тут грае легендарны Марлон Брандо. Рэжысэр Элія Казан, чый роськвіт прыйшоўся акурат на пасьляваенныя 1950-я, зьняў яскравы фільм пра Мэксыку. Брандо выконвае ролю рэвалюцыянэра Эміліяна Сапаты. На пачатку ХХ ст. Сапата ўваходзіць у склад дэлегацыі аднаго з мэксыканскіх штатаў, якая скіроўваецца да дыктатара краіны Парфірыя Дыяса з нотай пратэсту. Яны патрабуюць, каб іх землі, што былі незаконна захопленыя багатымі землеўласьнікамі, былі вернутыя гаспадарам. Дыктатар, як гэта зь імі часта здараецца, кажа пра неабходную доўгую падрыхтоўку да працэдуры, каб нешта вырашыць. Герой Брандо рашуча не згаджаецца і ўцягваецца ў падзеі, што прыводзяць да посьпеху. Дыктатар зрынуты, але паплечнікі рэвалюцыянэра, якія становяцца новай уладай, паводзяць сябе зусім не лепшым чынам. Стужка павольна разьвіваецца, дазваляючы ўцягнуцца ў кантэкст. 

Нумар 8. Чэ: Частка першая (Che: Part One), 2008

che_part_one.jpg

Як можна здагадацца з назвы, рэжысэр Стывен Содэрбэрг стварыў і працяг гэтай стужкі, якая, безумоўна, не паўтарыла посьпех першай часткі. Гэты фільм з Бэнісія дэль Тора ў ролі Чэ Гевары прымушае нас адразу адчуць у падсьвядомасьці страшэнныя асацыяцыі з левым пераваротам 1917. Дэль Тора выглядае адзін у адзін з тымі выявамі Чэ з цішотак, плякатаў і графіці, якімі было модна напаўняць гарады яшчэ нядаўна. У стужцы мы сустракаем Чэ ў 1956 г., калі ён і кубінскія выгнаньнікі на чале з чырвоным таварышам Фідэлем Кастра выпраўляюцца ў палітычна-рэвалюцыйнае падарожжа, каб зрынуць імпэрыялістычны ўрад Батысты. Чэ Гевара, як і яго альтэр-эга Леў Троцкі, паказаны як інтэлектуал, літаратар, стратэг. Сюжэт добра знаёмы тым, каго прымушалі вывучаць гэта ў школах у савецкі час. Зараз жа — гэта крыху рамантызаваная гісторыя барацьбы за народ. У якім стане жыве Куба сёньня — паказчык таго, за што змагаліся (і дасягнулі посьпеху ў канкрэтным выпадку) чырвоныя рэвалюцыянэры. Кубінцы надалі Эрнэста Гевары імя «Чэ», што азначае «сябар». Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты. 

Нумар 7. Зьніклы бязь вестак (Missing), 1982

missing.jpg

З Коста-Гаўрасам, грэцкім рэжысэрам гэтай стужкі, мы яшчэ сустрэнемся ў нашым рэйтынгу. Фільм атрымаў Залатую пальмавую галіну ў Канах у якасьці лепшага фільму. Падзеі распачынаюцца ў Чылі ў 1971 г., калі ў выніку дзяржаўнага перавароту рэжым Альендэ быў зрынуты. У сталіцы гэтай паўднёваамерыканскай краіны жыве малады паўночнаамэрыканскі журналіст Чарлі, які зьнікае. Чарлі меў дужа ліберальныя погляды, насуперак свайму бацьку, які прытрымліваўся кансэрватыўных ідэяў. Пасьля зьнікненьня сына, з перакананьнем аб тым, што трэба самому па-правілах разабрацца з гэтай сытуацыяй, ён таксама ляціць у Чылі. Там бацька журналіста ў выкананьні Джэка Лемана разам з жонкай свайго сына, якую грае Сісі Спэйсэк, спрабуюць даведацца, што ж здарылася з Чарлі. Фільм закранае цікавую лінію амэрыканскай дыпляматыі. Герой Джэка Лемана сутыкаецца з тым, што супрацоўнікі амбасады ЗША, верагодна, ведалі аб плянах пра выкраданьне сына-камуніста, але не рабілі высілкаў, скіраваных на тое, каб гэта папярэдзіць. Хаця можа, гэта і памылковая думка бацькі? Паглядзіце, каб даведацца. 

Нумар 6. Апошні імпэратар (The Last Emperor), 1987

the_last_emperor.jpg

Лепшы фільм года, паводле амэрыканскай кінаакадэміі, зьняў італьянец Бэрнарда Берталучы пра Кітай. Пачатак ХХ стагодзьдзя, хлопчыку было тры гады, калі ён атрымаў драконавы трон імпэратара, а калі яму было сем, ён ужо зрокся яго. Ва ўзросьце, калі розум толькі фармуецца, падзеі, што адбыліся, паводле словаў апошняга імпэратара, назаўжды зьмянілі і яго, і ўвесь Кітай. Гэта эпас пра цалкам пасыўнага галоўнага героя, насуперак таму, што мы прызвычаіліся бачыць у падобных гісторыях. Хлопчыка выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах іншыя, ён разглядаўся як «фармальная неабходнасьць» для дасягненьня патрэбных рашэньняў. Фільм паказвае прыгнечанасьць імпэратара амаль адразу: сцэны яго дзяцінства перамяжоўваюцца са сцэнамі пазьнейшага пэрыяду жыцьця, калі кітайскія камуністы захапілі ўладу, а яго схапілі і трымалі ў лягеры, дзе партыйны чыноўнік правёў дзесяць гадоў, размаўляючы зь ім аб пераходзе ад імпэратара да садоўніка. У хуткім часе ў Кітаі выбары новага камуністычнага кіраўніцтва, і мы даведаемся, ці будзе таварыш Сі новым «імпэратарам», ці трапіць у «садоўнікі». 

Нумар 5. Сем дзён у траўні (Seven Days in May), 1964

seven_days_in_may.jpg

Джон Франкенхаймэр стаў рэжысэрам гэтай стужкі, зоркамі якой былі Бэрт Ланкастэр і Кірк Дуглас. Гэта выдуманая гісторыя, аднак надзвычай падобная да праўды. У сюжэце слабы прэзыдэнт ЗША дамовіўся аб пагадненьні пра скарачэньне ўзбраеньняў з краінай Саветаў, але яго мера непапулярная і не падабаецца знакамітаму генэралу, герою папярэдняй вайны. Яны сутыкаюцца ў барацьбе за кантроль над урадам ЗША. Адзін з афіцэраў, лаяльных да прэзыдэнта, прыходзіць да высновы, што найвышэйшае кіраўніцтва арміі рыхтуе пераварот, каб зрынуць гаспадара Авальнага кабінэту. Прэзыдэнт спрабуе знайсьці доказы, каб спыніць вайскоўцаў, якім застаецца зусім крыху да пасьпяховага вырашэньня сваёй задумы. Усё павінна вырашыцца за сем дзён, да нядзелі. 

Нумар 4. Апошні кароль Шатляндыі (The Last King of Scotland), 2006

the_last_king_of_scotland.jpg

Назва стужкі можа крыху зьбіць з панталыку, бо гісторыя зусім не пра Шатляндыю, а пра сучасную афрыканскую краіну. У галоўнай ролі Форэст Уітакер — на шатляндца не падобны (тут у спрэчку можа прыйсьці цудоўны рэжысэр Джоэл Коэн, які летась зьняў сваю вэрсію Макбэта, дзе такі ж цемнаскуры Дэнзэл Вашынгтан грае галоўную ролю сярэднявечнага шатляндзкага караля — але гэта асобная гісторыя). У «Апошнім каралі Шатляндыі», што зьняў Кевін Макдональд, мы знаёмімся з Угандай, і асабліва зь яе прэзыдэнтам Ідзі Амінам. Мы глядзім на гісторыю крывавых злачынстваў дыктатара вачыма лекара, які прыехаў практыкаваць ва Ўганду з Шатляндыі. Напачатку ён зачараваны гэтым кіраўніком дзяржавы, які ўяўляецца рэфарматарам і прыхільнікам звычайных каштоўнасьцяў. Але досыць хутка нутро дыктатара праяўляецца ў дробязях і буйных страшэнных учынках. Адбываецца спроба перавароту. 

Нумар 3. Дантон (Danton), 1982

danton.jpg

На трэцім месцы гістарычная стужка Анджэя Вайды пра часы тэрору, што адбываліся ў Францыі пасьля рэвалюцыі. Галоўную ролю выконвае Жэрар Дэпардзье. У той час ён яшчэ не зьбіраў ураджай кавуноў з Лукашэнкам і не атрымліваў кватэры ў Грозным ад Кадырава. Тады Жэрар быў францускім акторам нумар 1. Рэвалюцыя зьядае сваіх дзяцей. Анджэй Вайда на момант здымкаў фільма жыў у Парыжы. Як пазьней ён распавядаў, зрабіць фільм пра францускія перавароты яго натхніў прыклад яго ўласнай радзімы, дзе ўжо распачаўся супраціў «Салідарнасьці» камуністам.

Фільм пра канфлікт паміж дзвюма найбольш яскравымі асобамі таго перыяду, двума рэвалюцыйнымі лідэрамі Дантонам і Рабесп'ерам, якія спачатку былі на адным баку, але прыйшлі да фундамэнтальных рознагалосьсяў, якія магла вырашыць толькі гільяціна. 

Нумар 2. Прызнаньне (L'aveu), 1970

l_aveu.jpg

Згаданы вышэй у спісе грэцкі рэжысэр Коста-Гаўрас стварыў захапляльную стужку з Івам Мантанам у галоўнай ролі. Глыбокім болем і перажываньнямі адгукнецца ў беларусаў прагляд гэтага фільма. Дзеяньне адбываецца ў Чэхаславаччыне. Намесьнік міністра замежных справаў арыштаваны і без тлумачэньняў кідаецца ў засьценкі. Мы становімся сьведкамі судовага працэсу ў 1952 годзе, дзе чатырнаццаць высокапастаўленых камуністычных чыноўнікаў, у тым ліку генэральны сакратар партыі, абвінавачваюцца сваімі ж сябрамі па партыі — сапраўднымі сталіністамі. Мы сутыкаемся з катаваньнямі, як фізычнымі, так і маральнымі. Усім ставяць у віну, як бы сказаў беларускі дыктатар, «неканстытуцыйны захоп улады». Кожнаму пагражае сьмяротнае пакараньне. Ад кожнага вымагаюць «прызнаньне» ва ўсіх сьмяротных грахах. Гэты фільм пра фарс рэпрэсыўнай машыны і супрацьстаяньне чалавека. 

Нумар 1. Дзэта (Z), 1969

z_1.jpg

Лепшым фільмам пра дзяржаўныя перавароты мы лічам гэты твор Коста-Гаўраса. Так, рэжысэр стварыў сапраўдную фільматэку. Гісторыі руйнаваньня палітычных сістэмаў заўжды неад’емныя ад зьнішчэньня чалавечых жыцьцяў, ад эрозіі сацыяльных сувязяў.

Лепшы замежны фільм на цырымоніі «Оскар». У галоўных ролях тут Іў Мантан і Жан-Луі Трынціньян. Рэжысэр паказвае Іва Мантана ў ролі вядомага палітыка і лекара, чыё публічнае забойства на фоне жорсткай дэманстрацыі хаваецца ваеннымі і дзяржаўнымі чыноўнікамі. Яны спрабуюць паказаць гэта як няшчасны выпадак. Жан-Луі Трынціньян — упарты суддзя, які вырашыў не дазволіць рэжыму так проста распраўляцца з апанэнтамі. Мы бачым вялізную машыну дзяржаўнай змовы.

Што азначае літара Z, якая і дала назву фільму? Мы даведаемся пра гэта напрыканцы.

Прыемнага прагляду!