Няскончаная вайна

Трое сутак працягваліся актыўныя баявыя дзеянні ў Нагорным Карабаху. Нягледзячы на супярэчлівыя паведамленні пра абставіны сутыкненняў, відавочна, што справа гэтым не закончыцца.

Фота з сайта janarmenian.ru

Фота з сайта janarmenian.ru


Медыйны фармат падачы вайны ў Карабаху выклікаў аналогію з тым, як асвятляў ірана-іракскую вайну савецкі афіцыёз. Газеты СССР асабліва ў канфлікт паміж Садамам і Хамейні не лезлі, а толькі перадрукоўвалі афіцыйныя камюніке Мінабароны абедзвюх краін. У чытача ад знаёмства з паведамленнямі мог з’ехаць дах, бо кожная краіна штодня рапартавала пра перамогу над ворагам.
Падобны эфект выклікае знаёмства з тым, як падаюць канфлікт у Баку і ў Ерэване. Азербайджанская версія наступная. Пасля серыі абстрэлаў азербайджанскіх пазіцый з боку Арменіі, ахвярамі якіх сталі таксама цывільныя асобы, давялося страляць у адказ, падключаць пяхоту і танкі. У выніку адбыўся прарыў пярэдняй лініі абароны армянскай арміі. Дакладнымі агнявымі ўдарамі азербайджанская армія знішчыла вялікую колькасць жывой сілы, баявой тэхнікі і ваеннай інфраструктуры ворага. Вораг у паніцы пакінуў некалькі населеных пунктаў і стратэгічных вышыняў.
Армянская версія — люстэркавая. У ноч на 2 красавіка Азербайджан атакаваў Нагорна-Карабахскую рэспубліку (НКР). У ход пры гэтым пайшла артылерыя, бронетэхніка і верталёты. Армянскі бок устрымліваўся ад адказу да тых часоў, пакуль у выніку абстрэлу не быў забіты 12-гадовы хлопчык. Пасля гэтага армяне пайшлі ў контратаку. У выніку наступу праціўнік быў адкінуты на папярэднія рубяжы, падчас чаго было забіта 200 азербайджанскіх жаўнераў (Баку пагаджаецца толькі на 12). Мінабароны Арменіі таксама рапартуе пра знішчэнне каля 30 танкаў праціўніка. Страты армянскага боку — 18 забітых, 35 параненых.
З улікам настолькі палярнай інфармацыі цяжка зразумець, што адбывалася на самай справе (большаць незалежных каментатараў, праўда, усё ж кажуць пра невялікія поспехі азербайджанцаў). Што ўжо казаць пра прычыны абвастрэння сітуацыі? Мала хто верыць, што «вайнушку» развязалі тутэйшыя. Хаця Вашынгтон і Масква выказалі занепакоенасць размарозкай старога супрацьстаяння, хапае ахвотных пабачыць у апошніх падзеях менавіта руку буйных геапалітычных гульцоў.
Так, шмат хто звярнуў увагу на тое, што ў заяве Дзярждэпа ЗША прысутнічае фраза пра «права народаў на самавызначэнне», што некаторыя трактуюць як сігнал салідарнасці з карабахскімі армянамі. З іншага боку, усе згадалі нядаўні прагноз амерыканскай прэсы, што Масква будзе правакаваць абвастрэнне, каб увесці ў Нагорны Карабах корпус міратворцаў. Размежаванне паменшыць градус узаемнай азербайджанска-армянскай агрэсіўнасці і дазволіць Крамлю больш эфектыўна ўцягваць краіны ў свае інтэграцыйныя праекты. Для некага характэрна, што канфрантацыя «раптам» успыхнула праз пару тыдняў пасля таго, як ЕС зацвердзіў план будаўніцтва газаправода для транспарціроўкі азербайджанскага газу ў Еўропу праз Адрыятыку.
Інтрыгуюча гучыць версія пра тое, што за развязваннем супрацьстаяння стаяла Анкара. Разлік палягае ў тым, каб згуляць на супярэчнасцях каўказскай гульні Масквы. «Калі вайна ў НКР выльецца ў паўнавартасную вайну паміж Азербайджанам і Арменіяй, Ерэван звернецца да свайго ваеннага саюзніка па блоку АДКБ — Расіі. Адмова ад дапамогі для Уладзіміра Пуціна будзе азначаць страту Арменіі як саюзніка на ўсіх франтах — эканамічным, палітычным і ваенным. Калі ж Расія падтрымае Арменію ў вайне, то страціць рэшткі ўплыву ў Азербайджане, а Эрдаган адкрыта возьме Баку пад сваё крыло», — піша, напрыклад, партал «Бабр».
Нягледзячы на пералічаныя версіі, усё ж нельга забываць, што пачынаючы з 2014 года, пасля знішчэння азербайджанскімі ваеннымі армянскага верталёта, бакі рэгулярна вінавацяць адзін аднаго ў артылерыйскіх абстрэлах. Позна ці рана тыя дуэлі маглі перайсці на новы якасны ўзровень, што, магчыма, і здарылася ў красавіку 2016-га.
Сітуацыю вакол Нагорнага Карабаха спецыяльна для НЧ каментуе Марцін Херберт, кансультант па праблемах Усходняй Еўропы адной з фракцый Еўрапарламента:
Мне кідаецца ў вочы тое, што гэтая вайна выгадная мясцовым кіраўнікам. Так, у Арменіі не спыняюцца сацыяльныя хваляванні. Азербайджанскі манат за паўгода адносна долара ўпаў амаль у два разы. Як «Крым наш», Данбас і Сірыя, роля міратворца на Каўказе яўна будзе дадатковым бонусам для іміджу Уладзіміра Пуціна. Адцягнула вайна ўвагу і ад таго ж афшорнага скандалу. Я кантактаваў са знаёмымі армянамі — грамадства сапраўды цалкам пераключылася на патрыятычную тэматыку. Пішуць пра вялікую колькасць жадаючых здаць кроў для фронту.
Пакуль зразумела толькі адно: перамір’е — не больш чым перадышка, якую бакі выкарыстоўваюць зусім не для ўрэгулявання канфлікту. Найгоршым варыянтам будзе, калі канфлікт набудзе рэлігійны характар, у чым зацікаўленыя некаторыя акторы — армянская дыяспара або ісламісцкія цэнтры. Прынамсі, Іран ужо заявіў, што таксама лічыць сябе закранутым карабахскім канфліктам. У такім разе не пазбегнуць дэсанту ў Карабах валанцёраў-ісламістаў. Яны павялічаць свой уплыў на азербайджанскае грамадства і могуць задаць трэнд на паварот дзяржавы на Усход.