Неабурбаністы супраць паданістаў

Пасля таго, як на поўначы Італіі актывізаваліся прыхільнікі стварэння дзяржавы Паданія, на поўдні краіны загучалі галасы ў падтрымку вяртання да Каралеўства Абедзвюх Сіцылій.



270px_sicilijskoje_korolievstvo_1154.png

На думку некаторых інтэлектуалаў з Неапаля, значна мацней за Вялікабрытанію і Францыю было на той час Каралеўства Абедзвюх Сіцылій — краіна на поўдні Апенінскага паўвострава, якая існавала ў 1816–1861 гадах і знікла з палітычнай мапы пасля аб’яднання Італіі.

У часы каралеўства, якім правіла неапалітанская лінія дынастыі Бурбонаў, тут, маўляў, існаваў другі Эдэм — квітнелі камерцыя, вытворчасць, турызм… І раптам з Поўначы прыплыў Гарыбальдзі, які па загаду караля П’емонту скінуў любімага народам манарха — 26-гадовага Францыска ІІ.

Менавіта пасля гэтага і пачалі фармавацца ўсе цяперашнія сістэмныя праблемы Поўдня: беспрацоўе, карупцыя, эканамічная адсталасць, мафія і г.д. Напрыклад, канфіскацыя інтэрвентамі з неапалітанскіх банкаў 90 тысяч залатых дукатаў (па цяперашняму курсу каля мільярда долараў) разваліла фінансава-крыдытную сістэму і прыпыніла тэхнічны прагрэс, які, як вядома, вымагае інвестыцый.

Для гісторыкаў агучаная тэорыя падобная да прыгожай казкі. Каралеўства Абедзвюх Сіцылій на час дэсанту Гарыбальдзі было замшэлай тыраніяй, дзе была прыпынена дзейнасць Канстытуцыі. Адсутнасць палітычных і сацыяльных правоў знайшла адлюстраванне ў выніках рэферэндуму аб ліквідацыі манархіі Бурбонаў, які адбыўся пасля разгрому Каралеўства Абедзвюх Сіцылій. У выніку 1 732 000 удзельнікаў плебісцыту прагаласавалі за ўваход краю ў склад Італіі, і толькі 11 000 — супраць.

Аднак, здаецца, на такую дробязь увагі не звяртаюць. Пасля таго, як быў прадэклараваны намер стварыць на базе паўночных правінцый Італіі дзяржаву Паданія, на Поўдні не на жарт захапіліся ідэямі адраджэння былога Каралеўства Абедзвюх Сіцылій. На працягу апошніх гадоў назіраецца актыўнае развіццё руху неабурбаністаў (ад італьянскага: Neo Borbonici).

Спектр праектаў, якія належаць руху неабурбаністаў, дастаткова шырокі. Напрыклад, неабурбаністы маюць сваю «фірму» (арганізацыя фанатаў) пры тарсідзе клуба «Напалі» (самая славутая італьянская футбольная каманда з Поўдня). Тыфозі-неабурбаністы не толькі актыўна махаюць на стадыёнах жоўта-чырвоным сцягам (штандар Каралеўства Абедзвюх Сіцылій). Яны прасоўваюць ідэю пра тое, што ў італьянскай футбольнай федэрацыі існуе змова супраць паўднёвых клубаў. Так, нядаўна неабурбаністы звярнулі ўвагу на тое, што большасць судзейскага корпусу — выхадцы з Поўначы, а значыць, падсуджваюць «сваім» у матчах з клубамі, за якія гуляюць meridionali (так у Італіі называюць жыхароў з Поўдня).

Існуюць і палітычныя вітрыны руху неабурбаністаў. Гэта, напрыклад, Партыя Поўдня, створаная ў 2007 годзе ў горадзе Гаета, — апошні пункт абароны неапалітанцаў ад войскаў Поўначы. Праграма партыі патрабуе канстытуцыйнай рэформы з улікам асаблівасцяў менталітэту рэгіёнаў, прызнання за паўднёвым дыялектам статусу афіцыйнай мовы (сіцылійская мова была дзяржаўнай у Каралеўстве), адмовы ад унітарнай мадэлі італьянскай дзяржавы на карысць канфедэрацыі. Праўда, электаральныя вынікі партыі вельмі слабыя.

Таксама цікавы праект — Парламент Каралеўства Абедзвюх Сіцылій — культурна-палітычная ініцыятыва, заснаваная ў 2009 годзе. Парламентарыі, прадстаўнікі розных няўрадавых рухаў, абмяркоўваюць праблемы Поўдня, распрацоўваюць законапраекты рэгіёну, якія прапануюць заканадаўчым органам улады, праводзяць петыцыйныя кампаніі.

Аднак галоўны ўчастак фронту неабурбаністаў — гэта культура і гісторыя. Выпускаецца шмат кніг, якія закліканыя разбурыць міф пра тое, што аб’яднанне Італіі — гэта прагрэсіўны гістарычны акт. Навязваецца тэзіс пра тое, што ідэя адзінай Італіі нарадзілася ў Лондане, які планаваў Суэцкі праект і марыў пазбавіцца ў Міжземным моры такога моцнага канкурэнта, як Неапаль. Быццам, на міжнароднай выставе 1856 года ў Парыжы экспазіцыя Каралеўства Абедзвюх Сіцылій засведчыла, што гэтая краіна — трэцяя па ўзроўню індустрыялізацыі пасля Вялікабрытаніі і Францыі. Гэта перапужала брытанцаў, якія вырашылі пазбавіцца ад канкурэнта. На дапамогу прыйшла ідэя аб’яднання Італіі і амбіцыі Савойскай дынастыі, якая правіла ў П’емонце. Турын (сталіца П’емонту) даў грошы Гарыбальдзі, які рэалізаваў задуманы англічанамі праект.
Самы нелюбімы персанаж неабурбаністаў — Джузэпэ Гарыбальдзі.

Яго перамогі над сіцылійцамі спісваюць на дзейнасць масонаў, якія займаліся сабатажам у тылу каралеўскіх войскаў. Часам нелюбоў пераходзіць усе межы разумнага. Так, можна прачытаць пра тое, што Гарыбальдзі кантактаваў з крымінальнымі структурамі, якія пазней сталі базай для славутай неапалітанскай мафіі.

Адначасова малююцца жудасныя сцэны гвалту гарыбальдзіцаў з цывільнага насельніцтва, прычым не толькі падчас вайны. Паводле неабурбаністаў, пасля прыяднання Неапаля тут праводзілася спецыяльная рэпрэсіўная палітыка. Напрыклад, высокія падаткі прымусілі эміграваць з Паўднёвай Італіі 5 мільёнаў чалавек.

Аднак галоўнае абвінавачанне на адрас Поўначы тычыцца культурнай асіміляцыі. Каб маргіналізаваць мясцовую эліту ў аб’яднанай Італіі, Турын абвясціў усё паўднёвае вульгарным і архаічным. Ілюстрацыяй гэтай кампаніі ёсць, дарэчы, працы Чэзарэ Ламброзы, родапачынальніка антрапалагічнага кірунку ў крыміналогіі, асноўнай думкай якога стала ідэя аб прыроджаным злачынцы, на што ўказваюць рысы яго твару. Да прыродных злачынцаў Чэзарэ адносіў і brigante — удзельнікаў неапалітанскага грамадзянскага апалчэння, якія аказвалі супраціў інтэрвентам з Поўначы нават пасля заканчэння вайны.

Хаця сам праект адраджэння Каралеўства Абедзвюх Сіцылій выглядае ўтапічным, дынаміка руху пакуль вельмі пазітыўная. Магчыма, гэта звязана з тым, што паўднёвым італьянцам надакучылі ганарлівыя забабоны жыхароў Поўначы, і яны шукаюць сродак, каб збіць з іх пыху.
Напрыканцы варта згадаць пра лёс дынастыі неапалітанскіх Бурбонаў. Хаця неабурбаністы кажуць, што яны ў большасці рэспубліканцы, звесткі пра тое, што робяць бурбоны заўсёды публікуюцца ў іх СМІ.

Апошні неапалітанскі кароль Францыск ІІ памёр у 1890 годзе. Яго нашчадкам стаў яго старэйшы брат. Яго праўнук герцаг Карла, якому зараз усяго гадок, цяпер лічыцца галавой Бурбонскага дому. Нядаўна генсек Руху неабурбаністаў даслаў яму прывітанне, у якім гаворыцца: «У сітуацыі глыбокага крызісу, які перажывае Італія, Карла Бурбон з’яўляецца жывым сімвалам слаўнага мінулага, а любоў да яго з боку народа даказвае неабходнасць рэканструкцыі гістарычнай праўды».