Невядомы Майдан
У верасні-кастрычніку маленькую Чарнагорыю ахапілі масавыя пратэсты супраць уступлення краіны ў NАТО. Што кепскага зрабіў чарнагорцам Альянс? Разабрацца з гэтымі пытаннямі дапамагае украінскі палітолаг Дзяніс Канстанцінаў.
— Паводле балканскага фальклору, чарнагорцы — абыякавыя гультаі. Не дарма ў часы Ціта гуляў анекдот: «Пытанне: Калі наступіць камунізм у Югаславіі? Адказ: Калі чарнагорац пачне працаваць». З улікам гэтага не верыцца, што чарнагорцаў так абурыла магчымае ўступленне краіны ў NАТО.
— NATO, безумоўна, толькі фармальная прычына. Пратэст атрымаў масавую базу з-за кепскага эканамічнага стану. Каб вы ведалі, у верасні быў апублікаваны даклад Сусветнага банку, паводле якога ўзровень беспрацоўя сярод моладзі ў рэгіёне складае каля 45 працэнтаў. Паколькі ідэю сяброўства ў Паўночнаатлантычным альянсе прапанаваў істэблішмент, які ў вачах грамадства нясе адказнасць за крызіс, хапала тых, хто адгукнуўся на заклік апазіцыйнага Дэмакратычнага фронту выйсці на вуліцы. Мітынгі, што пачаліся напрыканцы верасня, часам збіралі да 10 тысяч чалавек, што для 600-тысячнай краіны даволі шмат. Пратэсты дасягнулі свайго апагею 17 кастрычніка, калі адбыліся сутычкі з паліцыяй. Намётавы гарадок перад парламентам быў разагнаны з выкарыстаннем спецсродкаў. Аднак, натуральна, пра канчатковую нармалізацыю сітуацыі пакуль яшчэ казаць рана.
— Ці згуляў сваю ролю ў мабілізацыі фактар Міла Джуканавіча, які знаходзіцца пры ўладзе (ці як прэзідэнт, ці як прэм’ер) з 1991 года? Расійская прэса нават спрабавала называць яго апошнім дыктатарам Еўропы.
— Міла Джуканавіч за 24 гады пры ўладзе (нагадаем, што да ўлады ён дарваўся дзякуючы Мілошавічу) нажыў сабе ў краіне шмат ворагаў. Інакш бы галоўная апазіцыйная сіла — Дэмакратычны фронт — не была кааліцыяй, якая складаецца з самых ідэйна палярных структур, ад сацыялістаў да кансерватараў. Усіх іх аб’ядноўвае жаданне адправіць Джуканавіча ў адстаўку. Прычым крытыка курсу на ўступленне ў NATO — далёка не асноўны лозунг Дэмфронту. Бо, на думку апазіцыі, цяперашні рэжым ігнаруе рэкамендацыі ЕС па рэформах заканадаўства па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю. Менавіта дробны бізнес — ахвяра карупцыі — фінансава падтрымаў Майдан у Падгорыцы.
—Чымуладырастлумачылінеабходнасцьліквідацыінамётавагагарадкаапазіцыі?
— Натуральна, тым, што гэта ўяўляе пагрозу грамадскаму парадку. А яшчэ і тым, што пратэсты нясуць пагрозу незалежнасці краіны, якая толькі ў 2006 годзе дзякуючы якраз Джуканавічу атрымала суверэнітэт. Па-сутнасці, грамадству прапанаваўся выбар — або Джуканавіч і незалежнасць, або апазіцыя і страта незалежнасці.
— Адным з эпізодаў супрацьстаяння ў Чарнагорыі стаў паход сербскіх нацыяналістаў з Бялграду на дапамогу Дэмфронту. Наколькі моцны ў Сербіі імперскі сіндром?
— Натуральна, настальгія па Югаславіі, якая ўключала тую ж Чарнагорыю, засталася. У самой Чарнагорыі шмат хто выступаў супраць радыкальных рэформаў Джуканавіча па стварэнні сімвалаў асобнай ад сербскай чарнагорскай нацыі. Напрыклад, тады мела месца моўная, царкоўная рэформы. Тут існуе блок прасербскіх апазіцыйных партый, якія, праўда, выступаюць не за адраджэнне Югаславіі, а за міжнацыянальны дыялог. Аднак той паход сербскіх нацыяналістаў на дапамогу чарнагорскаму Майдану сабраў не больш за 40–50 чалавек. Таму мяркую, гэта была хутчэй піяр-акцыя.
— Паводле слоў прэм’ера, за пратэстамі стаіць Масква. Той жа думкі прытрымліваецца ўкраінская прэса, якая абвінаваціла ў арганізацыі пратэстаў пасольства РФ у Падгорыцы. Ці сапраўды Расія гуляе сваю партыю на Балканах, і ў тым ліку ў Чарнагорыі?
— Расію як фактар адмаўляць нельга. Напрыклад, Расія апошнім часам актыўна выходзіць на сербскі медыя-рынак. Відавочна, што яна актыўна працуе з урадам Цыпраса ў Грэцыі. Што тычыцца Чарнагорыі, то пакуль у якасці доказаў дачынення Масквы да пратэстаў фігуруюць толькі здымкі чарнагорскіх дэмакратаў на нейкіх дыпламатычных кактэйлях у пасольстве Расіі. Хаця прынцыповае непрыманне паўночнаатлантычнай інтэграцыі Чарнагорыі ў Маскве відавочнае. У тым ліку таму, што Джуканавіч нейкі час лічыўся прамаскоўскім палітыкам.
— Чаму еўрапейскі палітыкум слаба адгукаецца на разгоны маніфестацый у Падгорыцы, тым самым даючы Маскве падставу для спекуляцый? Маўляў, падчас Майдану ў Кіеве вы крытыкавалі Януковіча за паліцэйскі гвалт, а зараз самі заплюшчваеце вочы на падобныя ўчынкі іншага аўтакратычнага палітыка толькі праз тое, што ён хоча ўступіць у NATO.
— Магчыма, тут ёсць нейкая кан’юнктура. Аднак важна таксама сказаць, што гэта далёка не першы балканскі Майдан. Два гады таму масавыя беспарадкі ахапілі Боснію. Два разы за апошні час выбухала Албанія. І ўсе тыя падзеі таксама былі па-за ўвагай еўрапалітыкаў. З іншага боку, зараз для Брусэля на першым месцы — пытанне мігрантаў і Балканы, праз якія ідзе транзіт, набываюць вялікую ролю. Шматлікія балканскія палітыкі ўжо выказалі надзею наконт таго, што перагляд месца Балканаў у палітыцы Брусэля паспрыяе пазітыўным інстытуцыянальным зменам у рэгіёне.