Палітыкі (і адна прынцэса), якія нас здзівілі: Хуан Энрыле, Генадзь Зюганаў, Кейт Мідлтан

Палітычныя кульбіты 100-гадовага ветэрана філіпінскай палітыкі. Жэст адчаю лідара расійскіх камуністаў. Таямнічае знікненне брытанскай прынцэсы. Падборка навін пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.

Хуан Энрыле, ветэран філіпінскай палітыкі

1_913.jpg

Хуану Энрыле, якога таксама называюць Манонг Джоні (Manong Johnny), днямі стукнула сто гадоў! Падзея нетрывіяльная. Таму ўся палітычная эліта павіншавала Манонга Джоні з юбілеем. Але тут жа пачаўся скандал. Біяграфія ў юбіляра вельмі супярэчлівая. У 1970-я гады Энрыле быў пратэжэ дыктатара Фердынанда Маркаса, займаючы пасады ў яго адміністрацыі. Менавіта Энрыле адыграў ключавую ролю ў планаванні ўвядзення ў краіне ваеннага становішча і кіраваў сілавікамі, якія змагаліся супраць апазіцыі. У той жа час ён атрымаў ад дыктатара манаполію на вытворчасць і экспарт какосаў. Пад плантацыі какосаў высякаліся вялікія тэрыторыі. У выніку лясное покрыва Філіпін катастрафічна скарацілася. Аднак у 80-я гады цяперашні юбіляр пасварыўся з дыктатарам і ў лютым 1986 года нават арганізаваў ваенную змову з мэтай звяржэння Маркаса. Змова была раскрыта, і путчыстаў чакала смерць. Але нечакана менавіта тым часам у краіне пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. У выніку Маркас уцёк з краіны, а Энрыле пачаў служыць новаму рэжыму, а дакладней тым, хто больш яму плаціў. Зрэшты, настальгія па дыктатуры ў яго відавочна засталася Цяпер Манонг Джоні працуе галоўным юрысконсультам прэзідэнта Бонгбонга Маркаса (сына дыктатара), які дараваў Энрыле яго грахі супраць бацькі. Вось такі юбіляр. У любым выпадку, трэба прызнаць яго мастацтва палітычных кульбітаў. 

Генадзь Зюганаў, старшыня кампартыі Расіі

2_830.jpg

У ходзе нядаўняга партыйнага сходу камуністаў Зюганаў выступіў з дзіўнай рацпрапановай наконт таго, як дапамагчы Мікалаю Харытонаву — кандыдату кампартыі на выбарах прэзідэнта. Зюганаў паставіў перад кожным актывістам сваёй партыі задачу — прывесці на прэзідэнцкія выбары 17 сакавіка пяцьдзясят сваіх прыхільнікаў, якія прагаласуюць за Харытонава. Нібыта гэта дапаможа кандыдату камуністаў прынамсі заняць другое месца па выніках выбараў. «Калі кожны з вас возьме на выбары 50 чалавек, задача заняцця другога месца будзе шмат у чым вырашана», — даваў наказ Зюганаў. Сам ён запэўніў, што прывядзе ўсіх сваіх суседзяў, сваякоў, сяброў, былых таварышаў па службе і калегаў, а таксама тых, з кім ён займаўся спортам. Між тым апошнія апытанні паказваюць, што Мікалай Харытонаў саступае другое месца Уладзіславу Даванкову з ліберальнай партыі «Новыя людзі», якая, як лічаць, з'яўляецца праектам Крамля. Калі Харытонаў не атрымае «срэбра», партыі пагражае маргіналізацыя. Так што дзіўнае жаданне, каб адзін камуніст прывёў на выбары 50 чалавек, не рацпрапанова, а хутчэй жэст адчаю — іншых рэзерваў у іх няма. Дарэчы, у выпадку крызісу партыі Зюганава, хутчэй за ўсё, яе месца зойме прапуцінская партыя «Камуністы Расіі», вядомая сваімі скандальнымі заклікамі. Так, на днях «Камуністы Расіі» звярнулася ў Генпракуратуру РФ і ФСБ з просьбай праверыць дачыненне заходніх спецслужбаў да смерці Сталіна ў 1953 годзе.

Кейт Мідлтан, брытанская прынцэса, жонка наследнага прынца Уільяма

3_734.jpg

Брытанцы шчыра ўстрывожаныя: прынцэса некуды знікла. Яшчэ ў студзені Кейт перанесла планавую аперацыю і больш на публіцы не з'яўлялася. Як, дарэчы, і яе дзеці, якія больш не ходзяць у школу. Ніхто не верыць, што будучая каралева, як абяцалі спачатку, з'явіцца на публіцы пасля Вялікадня 31 сакавіка. Не пацверджаны таксама яе ўдзел у чэрвені на традыцыйным парадзе, дзе яна, як палкоўнік ірландскай гвардыі, мусіць правесці агляд войска. Самая бяскрыўдная плётка — прынцэса зрабіла пластычную аперацыю, але нешта пайшло не так. І зараз са знявечаным тварам яна проста не можа выйсці на публіку. Але ёсць дадатковыя акалічнасці. Паралельна з Кейт раптам захварэлі яшчэ некалькі прадстаўнікоў каралеўскай сям'і, у тым ліку кароль Карл Трэці. Манарх у пачатку года пачаў лячыць прастату і рак. Нейкія праблемы ёсць і ў наследнага прынца. Калі ў апошні раз Уільяма назіралі на цырымоніі ўручэння прэміі Baftas 18 лютага, у яго дрыжалі рукі і ён размаўляў неяк дзіўна. Што за хвароба ўразіла арыстакратаў? Не абышлося без канспіралагічных версій. Найбольш дзікая тэорыя — праклён тытула прынцэсы Валійскай, які атрымлівае жонка наследнага прынца. У свой час нібыта гэты тытул прывёў да смерці прынцэсу Дзіяну, а зараз, маўляў, яго ахвярай стала Кейт. Так ці інакш, калі Кейт не знойдуць у бліжэйшы час, паступова будзе асцярожна ставіцца пытанне аб будучыні брытанскай манархіі.