Палітыкі, якія нас здзівілі: Канстанцін Калачоў, Даніэль Артэга, Вітольд Юраш

 У Расію вяртаецца партыя аматараў піва. На чарзе – Беларусь? Якому дыктатару не даспадобы конкурсы прыгажосці. Расійскія прапагандысты ствараюць фэйкі пра Катынь. Чым адкажа Польшча? Падборка навін пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.

Канстанцін Калачоў: палітолаг, які вырашыў паспрабаваць сябе як палітык

photo_2024_04_21_14_09_04.jpg

З гэтай мэтай ён адраджае ў Расіі Партыю аматараў піва (ПЛП). На першы погляд, праект Калачова асуджаны на поспех. Паводле апытанняў, 9% расейцаў дапускаюць для сябе магчымасць прагаласаваць за ПЛП. Акрамя таго, вельмі вялікая колькасць людзей не бачыць у існуючых партыях выразнікаў сваіх інтарэсаў. І, галоўнае, не бачыць паміж гэтымі партыямі істотных адрозненняў. «Адсюль запыт на нешта несістэмнае, бадзёрае, драйвовае і кайфовае. Хтосьці павінен паспрабаваць гэты запыт задаволіць», — кажа Калачоў. 

Між тым, многія палітолагі не так аптымістычна глядзяць на будучыню ПЛП. Вось што кажа адзін з такіх скептыкаў: «У адрозненне ад краін Еўропы, дзе галасуюць за такія праекты, як «Партыя піратаў» у ФРГ, «Піўная партыя» ў Аўстрыі або нават «Незалежная раялісцкая партыя Эстоніі» (якая выступае за манархію), у Расіі эпатаж на выбарах мала запатрабаваны. Нават за ЛДПР і Жырыноўскага людзі ў асноўным галасавалі на поўным сур'ёзе, як за абаронцу і сумленнага змагара». Таксама звяртаюць увагу на тое, што пратэставы электарат, як правіла, больш ахвотна псуе бюлетэні, чым галасуе за новыя партыі. 

У любым выпадку, арганізатары ПЛП разлічваюць, што новая структура запрацуе да парламенцкіх выбараў 2025 года. Па словах Калачова, на першым этапе партыя можа змагацца і за легалізацыю піва на стадыёнах. У глабальнай перспектыве аматары піва запатрабуюць мінімізацыі дзяржрэгулявання, скарачэння непатрэбных дзяржрасходаў, паляпшэння бізнес-клімату, свабоды гандлю. 

Дарэчы, поспех ПЛП (калі, канешне, ён адбудзецца) можа адбіцца на палітычным пейзажы ў Беларусі, дзе ствараецца партыйная сістэма, якая нагадвае расійскую. У выпадку поспехаў «аматараў піва» ў Расеі, варта чакаць фармавання пад кантролем улады падобнай партыі ў нас. Цікава: каго ў адміністрацыі Лукашэнка могуць прызначыць галоўным аматарам піва ў Сінявокай?

Даніэль Артэга, аўтарытарны левапапулісцкі прэзідэнт Нікарагуа

photo_2024_04_21_14_09_09.jpg

Артэга працягнуў незвычайную барацьбу з Шэеніс Палацыас (Sheynnis Palacios) — 18-гадовай пераможцай конкурсу Miss Universum, які прайшоў восенню мінулага года ў Сальвадоры. Шэеніс стала першай нікарагуанкай, якая выйграла такі вядомы конкурс, але нікарагуанскія ўлады нечакана гэтай навіне не ўзрадаваліся. Справа ў тым, што дзяўчына была ўдзельніцай масавых вулічных дэманстрацый супраць дыктатуры прэзідэнта Артэгі ў 2018 годзе, якія былі падаўленыя войскам і паліцыяй. Мабыць, у асяроддзі Артэгі баяцца, што поспех і папулярнасць Палацыас могуць узняць прэстыж апазіцыі. Інакш цяжка патлумачыць, чаму ўлады ў Манагуа адмовіліся прызнаць вынікі конкурсу. Такая рэакцыя, дарэчы, прымусіла Шэеніс Палацыас не вяртацца на радзіму. 

І, мяркуючы па ўсім, яна правільна зрабіла. Літаральна на днях пракуратура Нікарагуа абвінаваціла мадэль ва «ўдзеле ў змове супраць дзяржаўнага ладу». Таксама заяўлена, што ў выпадку вяртання дзяўчыны ў краіну яе арыштуюць і аддадуць пад суд за дзяржаўную здраду. Цікава, што пад каток рэпрэсій патрапіла і цяперашняя дырэктарка конкурсаў прыгажосці ў Нікарагуа. Яе таксама абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе, а таксама ў «адмыванні грошай» і «распаўсюдзе ілжывых навін супраць рэжыму». А ў студзені гэтага года проста выправадзілі з Нікарагуа разам з мужам і сынам. 

Такая сістэмная расправа над прадстаўнікамі бізнесу прыгажосці цікавая ў кантэксце яшчэ адной навіны. Жонка нікарагуанскага дыктатара Даніэля Артэгі, віцэ-прэзідэнт Расарыё Мурыльё, аб'явіла на днях, што вырашыла асабіста арганізаваць гэтым летам пад патранажам урада новы конкурс прыгажосці для жанчын ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў.

Вітольд Юраш (Witold Jurasz), польскі палітык і дыпламат (дарэчы, ён працаваў у польскім пасольстве ў Мінску ў 2010-2011)

5xmai1tyrulqujnddetbqna6165tzvct.jpg

Юраш заклікаў палякаў палітычна і эмацыйна падрыхтавацца да расейскіх правакацый вакол мемарыялу «Катынь». Справа ў тым, што расійскае агенцтва ТАСС апублікавала серыю дакументаў савецкай ваеннай контрразведкі «Смерш» за 1944-1945 гады, якія абвяргаюць версію аб тым, што польскіх палонных у Катыні расстрэльвалі агенты НКУС. Паводле дакументаў ТАСС, за забойствамі стаялі нацысты. Дарэчы, так трактавалі трагедыю ў Катыні і ў часы СССР. Аднак, як мяркуе Юраш, мэта ў Масквы не ў тым, каб рэабілітаваць савецкія спецслужбы. На гэты раз расейцы, нібыта, маюць намер стварыць канцэпцыю «прэ-Буча». Расейскія прапагандысты ўсё часцей сцвярджаюць, што катынскае злачынства па сутнасці з'яўляецца эквівалентам злачынства ва ўкраінскай Бучы. Але праводзяць аналогію, што ў абодвух выпадках злачынствы здзейснілі фашысты (нямецкія і ўкраінскія), якія спрабуюць ускласці адказнасць на Расію. У любым выпадку будзе расці адмаўленне савецкай адказнасці за Катынскую разню. Не выключана, што расейцы вырашацца на правакацыю, якая можа ўключаць, напрыклад, дэмантаж інфармацыйных шчытоў на Катынскіх могілках і замену іх таблічкамі, якія паведамляюць аб віне немцаў. Адзінай магчымай рэакцыяй з боку Варшавы ў такім выпадку, як лічыць Юраш, з'яўляецца эксгумацыя целаў ахвяр НКУС і перавозка іх астанкаў у Польшчу. Аднак вельмі сумнеўна, што Масква дазволіць такую маштабную акцыю. У гэтым плане Вітольд Юраш не выключае, што давядзецца стварыць у Польшчы мемарыяльны комплекс, які стане заменай месца памяці ахвяр Катыні.