Парк ваенных трафеяў у Баку — «сярэднявечныя звычаі, якія ганьбяць чалавецтва» ці ўвекавечванне слаўнай перамогі?
Адкрыццё ў Баку Парка ваенных трафеяў выклікала неадназначную рэакцыю за мяжой. Еўрапейскія дэпутаты таксама абурыліся выставай, прысвечанай ваенным дзеянням у Нагорным Карабаху, дзе сярод больш чым 300 экспанатаў прадстаўлены ўзоры цяжкай тэхнікі, каскі салдат і лялькі, якія паказваюць армянскіх вайскоўцаў, паведамляе euronews.com.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў на адкрыцці Парка ваенных трафеяў AFP PHOTO / AZERBAIJANI PRESIDENTIAL PRESS OFFICE / HANDOUT
Адкрыццё Парка ваенных трафеяў у Баку выклікала неадназначную рэакцыю сусветнай супольнасці. Так, чалец Еўрапарламента, грэк Нікас Андрулакіс
назваў экспазіцыю «мемарыялам варварства»,
які «абражае памяць армянскіх жаўнераў», і заклікаў міжнародныя арганізацыі
адрэагаваць на «сярэднявечныя звычаі, якія ганьбяць чалавецтва».
Іншы дэпутат, Лукас Фурлас, звярнуўся ў Еўрапейскую камісію з патрабаваннем «прыняць меры ў сувязі з непрымальным "паркам трафеяў"», паколькі яго з'яўленне «не спрыяе міру і даверу ў рэгіёне».
Раскрытыкавала экспазіцыю і дэпутатка Нацыянальнага сходу Францыі, чалец партыі «Наперад, Рэспубліка!» Аляксандра Луі. Яна назвала адкрыццё парка «ганьбай» і заявіла, што «рэжым, які бачыць за смерцю людзей перш за ўсё перамогу, ніколі не стане дэмакратыяй». Яна нагадала, што да гэтага часу многія вайскоўцы Арменіі не вярнуліся на радзіму. Абмен палоннымі, а таксама целамі загінулых зафіксаваны ў трохбаковым мірным пагадненні ад 10 лістапада 2020 года. Афіцыйны Ерэван сцвярджае, што вярнуў усіх азербайджанскіх палонных Баку, а больш за сотню армян дагэтуль у палоне.
У армянскім Нацыянальным камітэце Амерыкі таксама выказалі пратэст. «Парадныя шлемы загінулых армян і дэманстрацыя гратэскавых карыкатур на паміраючых салдат — толькі "агульнапрынятая практыка" для самых агідных рэжымаў генацыду», — заявіў прадстаўнік арганізацыі Алекс Галіцкі.
«Як гэта прынята ў сусветнай практыцы, мы маем права ўвекавечыць гэтую слаўную перамогу з дапамогай парадаў, паркаў, музеяў і іншымі спосабамі. Што тычыцца дэманстрацыі ў парку манекенаў армянскіх вайскоўцаў, якія прымалі ўдзел у вайне, то такая практыка існуе ў ваенных музеях многіх краін свету. Пасланне гэтага парка і прадстаўленых тут кампазіцый адназначнае: вялікая перамога над палітыкай агрэсіі і незаконнай акупацыі — гэта ўрачыстасць міжнароднага права», — адказваюць на крытыку ў МЗС Азербайджана.