Партыя Тэрызы Мэй страціла абсалютную большасць
На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Вялікабрытаніі перамагае Кансерватыўная партыя.
Падлікі паказваюць, што ніводная з партыяў не атрымлівае абсалютнай большасці ў парламенце. Амаль на ўсіх 650 выбарчых акругах, торы пад кіраўніцтвам прэмʼер-міністра Вялікабрытаніі Тэрызы Мэй атрымліваюць 256 месцаў у парламенце, а вігі (лейбарысты) — 231 месца.
Як заявіла Мэй раніцай 9 чэрвеня, Вялікабрытанія мае патрэбу ў «перыядзе стабільнасці», які яна гатовая забяспечыць пры ўмове большасці яе партыі ў парламенце. Джэрэмі Корбін, які ўзначальвае Лейбарысцкую партыю, са свайго боку заклікаў прэмʼера падаць у адстаўку і даць магчымасць сфармаваць новы ўрад, які «сапраўды прадстаўляе гэтую краіну».
Выбарчыя ўчасткі зачыніліся ў 00.00 паводле менскага часу. Канчатковыя вынікі стануць вядомыя толькі ў другой палове дня 9 чэрвеня.
Апошнія выбары ў палату абшчын прайшлі ў Вялікабрытаніі ў 2015 годзе, і наступнае галасаванне, паводле закону, павінна было адбыцца толькі праз пяць гадоў. Але ў чэрвені 2016 года грамадзяне Вялікабрытаніі прагаласавалі на рэферэндуме за выхад з Еўрапейскага саюза, пасля чаго тагачасны прэмʼер Дэвід Кэмэран падаў у адстаўку, і яго пасаду заняла лідар торы Тэрыза Мэй. У красавіку бягучага года яна абвясціла аб правядзенні датэрміновых выбараў, патлумачыўшы іх неабходнасць тым, што кабінету міністраў патрабуецца цвёрды мандат для правядзення перамоваў з ЕС аб Брэксіце.
У красавіку, калі Мэй абвяшчала выбары, яе Кансерватыўная партыя апярэджвала бліжэйшых супернікаў, лейбарыстаў, на 20–24 працэнтных пункты. За мінулыя некалькі месяцаў разрыў скараціўся да некалькіх працэнтных пунктаў. У выніку не выключана, што кансерватары не змогуць захаваць цяперашнюю перавагу.
Брэксіт застанецца ў сіле
Ніводная з партыяў, якія лідзіруюць, не прапануе адмовіцца ад Брэксіт і застацца ў складзе Еўрасаюза. Кансерватары на чале з Мэй выступаюць за «жорсткі» Брэксіт з адмовай ад адзінага рынку і адкрытых межаў, а лейбарысты пад кіраўніцтвам Джэрэмі Корбіна — за «мяккі» Брэксіт з захаваннем пэўнага ўзроўню інтэграцыі з Еўрасаюзам.
Наўпроставыя перамовы аб умовах выхаду з ЕС пачнуцца адразу пасля брытанскіх выбараў. Фармальны выхад Вялікабрытаніі з еўрапейскай супольнасці пакуль запланаваны на 29 сакавіка 2019 года.