Пірэнейская трасянка

Калі верыць спецыялістам-лінгвістам, кожны дзень на планеце знікае адна мова. Аднак 9 мая гэтага года новая мова, наадварот, нарадзілася. Праўда рэакцыя на з'яўленне мовы LAPAO — вельмі супярэчлівая.



lapao_lapapyp.jpg

Справа ў тым, што рашэнне пра з’яўленне новай мовы было прынята пастановай дзяржаўнага органу. Рэгіянальны парламент іспанскай аўтаномнай камуны Арагон па ініцыятыве правых партый прыняў рашэнне пра папраўкі ў закон аб мясцовых мовах. Адпаведна яму, каталонская мова, на якой размаўляе частка тубыльцаў, цяпер будзе называцца LAPAO. Ніякіх лапайцаў у Арагоне няма. LAPAO — гэта абрэвіятура, якая значыць «аўтэнтычная арагонская мова ўсходняй вобласці». На думку заканадаўцаў, на LAPAO размаўляюць 60 тысяч з 1,2 мільёна насельніцтва краю.

Каталонскія партыя і левыя, якія галасавалі супраць рэформы, называюць падзеі 9 мая цыркам. На думку крытыкаў пастановы, ініцыятарамі зменаў рухалі выключна фобіі. Так, кансерватыўная «Народная партыя» (РР), якая адстойвае палітычнае адзінства Іспаніі, галасавала за закон, паколькі ненавідзіць усё, што парушае дзяржаўны маналіт. У дадзеным выпадку, гэта ўсё арагонскае і каталонскае (як вядома, на наступны год прызначаны плебісцыт наконт стварэння каталонскай дзяржавы). Іншая партыя, якая падтрымала законапраект, — Арагонская партыя (PAR) — у сваю чаргу цураецца ўсяго каталонскага. У выніку гэтага незвычайнага альянсу каталонская мова знікла з лінгвістычнай мапы камуны Арагон.

Натуральна, такая валюнтарысцкая акцыя выклікала шок у Барселоне. Па сутнасці, штучна скарочаны арэал, дзе жыве каталонскі народ. Вядучыя каталонскія нацыяналістычныя партыі — «Канвергенцыя і саюз» (CiU) і «Левыя рэспубліканцы» (ERC) — ужо прынялі гнеўныя рэзалюцыі супраць LAPAO. На іх думку, гэта самая LAPAO — не проста іншая назва для каталонскай мовы, а замах на яе. Быццам, з’яўленне новай мовы абавязкова выклікае патрэбу ў яе кадыфікацыі, што значыць неабходнасць растлумачыць, чаму лапайская мова не ёсць каталонская. Адпаведна, давядзецца ўносіць карэктывы ў падручнікі.

У выніку, калі верыць каталонскім нацыяналістам, усе закончыцца тым, што на свет з’явіцца нейкая каталонска-іспанская трасянка, якая па сутнасці будзе інструментам асіміляцыі арагонскіх каталонцаў. Некаторыя гарачыя галовы з асяроддзя каталонскіх нацыяналістаў нават заклікаюць Міністэрства культуры Каталоніі прадумаць сістэму нелегальнай працы ў Арагоне, каб не дапусціць у будучыні татальнай «лапаізацыі» компатрыётаў.

Міністэрства культуры Каталоніі, дарэчы, ужо зрабіла афіцыйную заяву наконт рашэння арагонскіх уладаў. Паводле слоў кіраўніка Мінкультуры, закон выкліканы антыкаталонскімі забабонамі некаторых колаў у Мадрыдзе. Праўда, арганізоўваць падпольныя курсы каталонскай мовы ў Арагоне Барселона не збіраецца. Міністр культуры Каталоніі спадзяецца, што ніводны філолаг, які паважае сябе, не скаціцца да таго, каб па інструкцыі з цэнтру прыдумляць правілы лексікі і арфаграфіі новай штучнай мовы LAPAO.

Аднак, думаецца, аматары LAPAO ў Арагоне знойдуцца. «Новы Час» ужо пісаў пра феномен каталонскага імперыялізму (pancatalanismo). Яго стваральнікі сцвярджаюць, што межы цяперашняй Каталонскай аўтаноміі і зона пражывання этнічных каталонцаў не супадаюць. Таму праект незалежнай Каталоніі павінен уключаць у сябе Валенсію, некаторыя камуны паўднёвай Францыі, частку Арагона, Балерыянскія выспы і нават частку Сардзініі. Галоўнай прыкметай прыналежнасці абарыгенаў пералічаных тэрыторый да каталонскай нацыі з’яўляецца мова.

Аднак такая ўстаноўка сустрэла на мяжы 1970–1980-х адваротную рэакцыю ў суседзяў. Нацыяналісты ў той жа Валенсіі выкінулі лозунг барацьбы з каталонскім імперыялізмам, і нават былі гатовыя будаваць супольны антыкаталонскі фронт разам з іспанскім цэнтрам. Адным з прыкладаў такога незвычайнага накірунку з’яўляецца фракцыя арагонскага нацыяналізму, якую прадстаўляе згаданая «Арагонская партыя» (PAR).

PAR узнікла напрыканцы 1970-х гадоў як правая партыя. Адрозніваў гэту арганізацыю ад РР большы антыкаталонскі імпэт і патрабаванне большых паўнамоцтваў для адміністрацый рэгіёнаў. Хаця ў 1990-я гады PAR пачала дрэйф у бок цэнтру, антыкаталонскія фобіі ў сяброў партыі захаваліся. Сябры PAR не хаваюць, што прыняты закон антыкаталонскі, паколькі, на іх думку, каталонскі ўплыў перашкаджае арагонцам цалкам адчуць сябе арагонцамі. Як кажа Марыя Херэра (María Herrero), адзін з лідараў PAR: «Для таго, каб арагонцы нарэшце ўсвядомілі сябе арагонцамі, усе мясцовыя гаворкі павінны называцца арагонскімі».

Мала хто, у тым ліку і арагонскія каталонцы, верыць у тое, што справа сапраўды дойдзе да кадыфікацыі LAPAO. Адзін з дэпутатаў, які прадстаўляе каталонскую грамаду ў мясцовым парламенце, смяецца: уяўляеце, я за адну ноч вывучыў новую мову. Зранку прачнуўся і пачаў свабодна размаўляць на LAPAO.

Дарэчы, ёсць у камуне і арагонская мова. На гэтай мове, якую шмат хто лічыць дыялектам іспанскай, сёння гавораць усяго каля 11 тысяч чалавек. Увогуле, арагонскую гаворку сістэматычна пачалі вывучаць напрыканцы 1980-х гадоў. У 1987 годзе адбыўся Кангрэс кадыфікацыі арагонскай мовы. У 2004-м была заснаваная Лінгвістычная арагонская асацыяцыя. Нарэшце, у 2009 годзе парламент Арагона вырашыў, што мову трэба не толькі вывучаць, аднак таксама абараняць і развіваць. У 2011-м была заснаваная Акадэмія арагонскай мовы.

Падыход PAR крытыкуе левая фракцыя руху арагонскіх нацыяналістаў, якую ўвасабляе блізкая да зялёных партыя «Арагонская хунта» (CHA). Як гаворыцца на партыйным сайце «Арагонскай хунты», закон у прынцыпе накіраваны супраць правоў любой моўнай меншасці, якой па сутнасці таксама з’яўляецца арагонкамоўная камуна. CHA заклікае свядомых арагонцаў паважаць правы малых этнасаў, каб у адзін цудоўны дзень таксама не стаць ахвярай падобных лінгвістычных рэпрэсій. Партыя таксама сцвярджае, што PAR намагаецца прыватызаваць права на мовы. Між іншым, менавіта з ініцыятывы CHA ў Арагоне паўсталі першыя інстытуты, якія пачалі займацца адукацыяй на арагонскай мове.

Пакуль палітыкі спрачаюцца, нараджаюцца ўсе новыя і новыя жарты наконт LAPAO. Так, каталонскія сатырыкі раяць усім каталонцам дадаць у сваё рэзюме, якое патрабуюць пры працаўладкаванні, пункт «свабодна валодаю мовай LAPAO». Дадатковы камічны прысмак падзеям надае той факт, што ў свеце ўжо ёсць мова лапао. Лапао — гэта дыялект, на якім размаўляе насельніцтва памежжа Тыбета і Бірмы.