Польскі аналаг Дахау
75 гадоў таму ў Бярозе-Картузскай на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, пачала працаваць турма для палітычнай апазіцыі. (На здымку: Савецкі абеліск на месцы былога канцлагера ў 1962 годзе)
75 гадоў таму ў Бярозе-Картузскай на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, пачала працаваць турма для палітычнай апазіцыі.
(На здымку: Савецкі абеліск на месцы былога канцлагера ў 1962 годзе)
Ідэя стварыць спецыяльную турму для палітычных праціўнікаў дзяржавы прыйшла ў галаву тагачаснаму прэм’еру Польшчы Казлоўскаму. За прыклад узялі Дахау — пабудаваны нацыстамі
канцлагер для самых небяспечных палітычных апанентаў Гітлера.
Казлоўскі нават не хаваў, што менавіта нацысцкая сістэма пакарання натхніла яго на гэты крок. Больш таго, ён быў заўзятым фанатам Гебельса і ўвесь час цытаваў ягоныя разважанні наконт ролі турэмных
устаноў у падтрыманні палітычнай стабільнасці. Захапленне Казлоўскага фашызмам не знікла нават пасля таго, як немцы акупавалі Польшчу. У часы вайны ён стаў лідэрам руху калабарацыяністаў. Казлоўскі
асабіста абіваў парогі кабінетаў у Берліне, лабіруючы праект стварэння марыянетачнага ўраду на тэрыторыі захопленай немцамі Польшчы. Даведаўшыся пра гэта, польскі эміграцыйны ўрад у Лондане вынес
Казлоўскаму смяротны прысуд.
Нарэшце, ідэя стварэння канцлагеру цудоўна пасавала тагачаснай палітычнай атмасферы. У Польшчы панаваў рэжым санацыі, былі значна абмежаваныя палітычныя свабоды.
Непасрэднай падставай для будаўніцтва польскага Дахау стаў тэрарыстычны акт у Варшаве 15 чэрвеня 1934 года. Украінскі нацыяналіст застрэліў міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Перацкага.
Забойца быў сябрам Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (ОУН), якой кіраваў Сцяпан Бандэра.
Некралог Браніслава Перацкага і яго забойца Рыгор Мацейка
Казлоўскі адразу прапанаваў Пілсудскаму праект супертурмы. Апошні быў вельмі ўражаны забойствам Перацкага, якога лічыў адным з самых блізкіх да сябе людзей. У той жа дзень быў падпісаны адпаведны
дакумент, які дазваляў у мэтах абароны грамадскага спакою папярэднія арышты і ўтрыманне ў спецыяльнай турме небяспечных асобаў. Турма павінна была знаходзіцца ў Бярозе-Картузскай. Пазней гісторыкі
ўстанавілі, што тэкст дакумента быў папросту скалькаваны з нямецкага закона пра турэмную зону ў Дахау.
Карпусамі бярозаўскай турмы сталі старыя казармы царскай арміі. Вакол быў выкапаны роў з вадой і пастаўлены плот з калючага дроту. Па дроту быў пушчаны электрычны ток.
Фармальна аб’ект у Бярозе-Картузскай належаў Міністэрству ўнутраных спраў. Аднак фактычна ён падпарадкаваўся ваяводзе Палескаму. Спецыяльна з нагоды адкрыцця турмы быў зменены ваявода. Новым
рэгіянальным кіраўніком быў прызначаны былы камендант Брэсцкай крэпасці. Костэк-Бернарскі меў рэнаме сапраўднага садыста. Больш таго, кіраўніцтва МУС правяло спецыяльны конкурс сярод сваіх
супрацоўнікаў і выбрала самых брутальных паліцэйскіх. Некаторым злачынцам, якія сядзелі за кратамі, прапанавалі амністыю, калі яны пагодзяцца служыць наглядчыкамі ў Бярозе-Картузскай. Камендантамі
лагера быў спачатку Баляслаў Грэфнер, а потым Йозэф Камала. Лёс апошняга склаўся вельмі цікава. Як польскага афіцэра падчас вайны немцы яго арыштавалі і адправілі ў Асвенцім. Там яго забілі ахоўнікі
ўкраінскага паходжання, якія такім чынам адпомсцілі за катаванне ўкраінскіх палітыкаў, якія сядзелі ў Бярозе-Картузскай.
Увогуле, трапіць у лагер было вельмі лёгка. Рашэнне пра адпраўку грамадзяніна ў Бярозу-Картузскую прымаў не суд, а следчы. Пры гэтым грамадзянін не меў магчымасці скардзіцца на такое рашэнне ў суд.
Праўда, следчы мог засадзіць чалавека толькі на тры месяцы. Пасля камендант турмы павінен быў вынесці прысуд, колькі гэты вязень павінен заставацца за кратамі.
7 ліпеня 1934 года ў Бярозу-Картузскую даставілі першага вязня. На восень 1939 года, калі турма была ліквідаваная Чырвонай арміяй, што ўвайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі, тут сядзелі некалькі
тысяч чалавек розных нацый і розных палітычных поглядаў. Сярод іх былі таксама і жанчыны.
На гэты час у турме ўжо існавалі пэўныя традыцыі. Як толькі новы вязень прыбываў у Бярозу-Картузскую, яго добра збівалі, каб ведаў, куды трапіў. Пасля яму давалі нумар і вялі ў ягоную маленькую
камеру. Наглядальнікі патрабавалі, каб вязень стаяў цэлы дзень каля сцяны, а спаў на голай падлозе. Прычым перад адбоем падлогу палівалі вадой. Уначы вязняў часта падымалі і прымушалі бегаць па
двары.
Дзень у турме пачынаўся а 4-й гадзіне раніцы. За дзесяць секунд вязень мусіў памыцца і схадзіць у прыбіральню. Пасля быў сняданак — кава і чорны хлеб. Затым пачыналася муштра: вязні хадзілі
цэлы дзень па двару ў калонах. Ахоўнікі пры гэтым актыўна падганялі іх палкавымі ўдарамі. Іншая форма занятку вязняў — бессэнсоўнае нашэнне туды-сюды камянёў. Усё пад брэх службовых сабак.
Цікава праходзілі ў Бярозе-Картузскай выходныя. У нядзелю вязні не працавалі і не маршыравалі. Яны мусілі слухаць каталіцкага капелана (гэта вельмі не падабалася грэка-каталікам, праваслаўным, яўрэям
і сацыялістам) і чытаць працы Юзэфа Пілсудскага.
Нельга сказаць, што польскае грамадства маўчала. Выпадкі смерці ў лагеры выклікалі рэакцыю ў прэсе. Напрыклад, справа вязня Маларовіча, які сваёй крывёй напісаў на сценах камеры: «Ганьба
фашысцкім катам!». За гэта яго збілі і кінулі ў карцэр, адкуль ён выйшаў вар’ятам. Увогуле, у Бярозе-Картузскай было забіта 20 чалавек. Але гэта афіцыйная лічба. Прыкладна 60
чалавек сталі калекамі. Іх адпраўлялі ў шпіталь у Кобрыне.
Лагер працаваў, як было сказана вышэй, да 1939 года, калі ў Бярозу ўвайшлі чырвонаармейцы. Яны выпусцілі ўсіх вязняў. Сярод якіх, дарэчы, былі правыя польскія палітыкі і сябры ОУН — будучыя
ворагі саветаў. Затое чырвоныя арыштавалі ўсіх польскіх афіцэраў, якіх потым забілі ў катынскім лесе.
Вось такая іронія гісторыі.