Польшча. Высокапастаўлены ватыканскі святар здзейсніў камінг-аўт
«Я святар-гей. Я шчаслівы і горды святар-гей».
Польскі святар Кшыштаф Харамса — высокапастаўлены чыноўнік Кангрэгацыі дактрыны веры Ватыкану, 3 кастрычніка на прэс-канфэрэнцыі ў Рыме здзейсніў публічны камінг-аўт. Пры гэтым ён прадставіў свайго партнёра Эдуарда, які з'яўляецца іспанцам, і асудзіў Каталіцкі касцёл за «паўсюдную і сляпую гамафобію».
У сваю чаргу Ватыкан апублікаваў заяву, якая адносіцца да камінг-аўту святара. У паведамленні гаворыцца, што крок Харамсы сур’ёзны і безадказны,
таму ён ня можа працягваць сваю працу ў Кангрэгацыі дактрыны веры і ў папскіх універсітэтах.
42-гадовы ксёндз-прэлат Кшыштаф Харамса стаў святаром 18 гадоў таму. Акрамя працы ў Кангрэгацыі дактрыны веры, ён з'яўляецца таксама другім сакратаром Міжнароднай тэалагічнай камісіі і выкладчыкам папскіх універсітэтаў, мае навуковы тытул доктара.
«Я святар-гей. Я шчаслівы і горды святар-гей», — напісаў Харамса ў лісце польскай штодзённіка «Gazeta Wyborcza». Ён таксама дадаў, што за сваю радасць і свабоду ўдзячны чалавеку, якога любіць, — свайму партнёру Эдуарда.
«Я гей, і за гэта ні ў каго не буду прасіць прабачэння. Няхай прабачэнне просяць тыя хрысціяне, якія трапілі пад уплыў агіднай гамафобіі. Мяне гэта не датычыць», — напісаў ксёндз Харамса.
Кшыштаф Харамса зняўся ў фільме «Артыкул васямнаццаць» — першым польскім фільме пра барацьбу за правы ЛГБТ-супольнасці на сямейнае жыццё.
«Я патрабую ад касцёла, каб ён пачаў ставіцца да нас сур’ёзна, каб паглядзеў нам у вочы — так з кожным чалавекам паступаў Ісус. Я патрабую, каб касцёл перастаў нас стыгматызаваць, выклікаць у свеце агіду да нас, зневажаць нас. Сёння я адчуваю, што я стаў святаром для таго, каб заступіцца за правы гэтай пастаянна зневажанай часткі грамадства і касцёла», — напісаў Харамса ў лісце.
Паводле ксяндза Харамсы, святары ў сваёй большасці «з'яўляюцца гомасексуалістамі і паранаідальнымі гамафобамі, таму што яны паралізаваныя непрыманнем уласнай сексуальнай арыентацыі».
Святар патлумачыў, што доўгі час не змог бы жыць двайным жыццём. «Калі я закахаўся ў мужчыну, я адчуў, што як святар раблюся лепшым, што я чытаю лепшыя пропаведзі, што лепш дапамагаю іншым
людзям. І што я станаўлюся шчаслівейшым», — дадаў ён.
Валеры Саўко, www.radyjo.net