Марэк Буцька: Трэба ўзмацніць барацьбу з расійскай прапагандай у Беларусі

Узмацненне барацьбы з расійскай прапагандай у Беларусі з'яўляецца пытаннем бяспекі Польшчы.



marek_bucko_polskieradio_pl_.jpg

Такую заяву ў інтэрв'ю Polskie radio зрабіў намеснік кіраўніка польскага фонду «Свабода і дэмакратыя», былы першы сакратар польскай амбасады ў Мінску Марэк Буцька.

— Мы павінны разумець, што сітуацыя змянілася, — падкрэсліў ён. — Цяпер гэта пытанне бяспекі Польшчы — тое, што адбываецца ў Беларусі, мае прамы ўплыў на бяспеку нашага рэгіёну і, перш за ўсё, на польскую. Калі Беларусь патрапіць у рукі Расіі — мы атрымаем расійскае войска на Бугу і расійскія вайсковыя базы каля нашай мяжы.

Гэта ўжо не жарт. Калі польскія палітыкі разумеюць, што гэта не тое ж самае, што і некалькі гадоў таму, што ёсць непасрэдная пагроза нашым інтарэсам, то на адпор расійскай прапагандзе павінна быць накіравана больш сродкаў — таму што ў гэты момант яна кіруе свядомасцю беларусаў. Перш за ўсё, мы павінны лепш фінансаваць СМІ. Без грошай нічога не атрымаецца тут зрабіць. А гаворка ідзе пра бяспеку Польшчы, і мы павінны інвеставаць па максімуму.

Трэба таксама прыняць да ўвагі тое, што адбываецца цяпер з беларускім грамадствам. Падзеі ў Беларусі і ва Украіне варта разглядаць разам у святле польскай замежнай палітыкі. Там ёсць аналагічныя пагрозы, і аналагічнае жаданне элітаў у абедзвюх краінах абараніць сваю дзяржаўнасць.

Калі мы рыхтуем праграмы для Усходу — у тым ліку і медыйныя — яны павінны распрацоўвацца адначасова з улікам і Украіны, і Беларусі. Тое ж самае тычыцца і маладзёжных абменаў, супрацоўніцтва дэмакратычных моладзевых арганізацый. У гэта мы павінны інвеставаць «пакетам» — і ва Украіну, і ў Беларусь.

На палітыцы ў дачыненні да Беларусі ўжо спатыкнуліся і Польшча, і Швецыя ў 2010 годзе, а раней — ЗША, Нямеччына і Еўразвяз. У Захаду ёсць багаты «траўматычны» досвед — напрыклад, калі Лукашэнка не выконвае абяцанні або падчас больш ліберальнай палітыкі Захаду саджае людзей у турмы.

Пераклад — charter97.org