Польская Каталонія: ці даб'ецца аўтаноміі Сілезія?
Падчас развіцця эскалацыі канфлікту паміж Польшчай і ЕС усё больш увагі ў прэсе надаецца Руху за аўтаномію Сілезіі (RAS).
У вачах польскага патрыёта Юзаф Пілсудскі — амаль сакральная фігура. Аднак, думаецца, нават самы фанатычны яго прыхільнік не ў захапленні ад прынятага ім рашэння даць аўтаномію Сілезіі. З іншага боку, магчыма, на той час з боку Пілсудскага тактычна гэта быў правільны крок. Горная Сілезія, дзе жыло шмат этнічных немцаў, атрымала аўтаномію ў ліпені 1920-га ў разгар польска-бальшавіцкай вайны, калі Польшчы быў патрэбны моцны тыл.
Так ці інакш, джын сілезскага аўтанамізму быў выпушчаны. І хаця сама аўтаномія знікла пасля прыходу ў 1939 годзе гітлераўцаў і больш не аднаўлялася, міф пра яе захаваўся. Нездарма, як толькі ў краіне аднавілася дэмакратыя, у Сілезіі ўзніклі ініцыятывы за вяртанне рэгіёну даваеннага статус-кво.
Першыя выбары прынеслі аўтанамістам два мандаты ў Сейме. Пазней на нейкі час Рух за аўтаномію Сілезіі маргіналізаваўся, пакуль прыкладна з 2006-га не пачаў вяртацца ў вялікую палітыку, набіраючы на выбарах каля 5–7 працэнтаў галасоў мясцовых жыхароў. Па выніках апошніх выбараў Рух за аўтаномію Сілезіі атрымаў чатыры мандаты ў краёвых саветах.
Трапіўшы ў заканадаўчыя органы, аўтанамісты намагаюцца рэалізаваць праграму руху. Увогуле, яе кульмінацыя — трансфармацыя Польшчы ў дзяржаву рэгіёнаў, адным з суб’ектаў якой будзе аўтаномная Сілезія. Аднак перш за ўсё, паводле праграмы RAS, трэба вырашыць задачу фармавання ідэнтычнасці сілезцаў. Гэта ў тым ліку азначае тое, што Варшава павінна прызнаць наяўнасць у краіне такога субэтнасу, як сілезцы. Найбольш радыкальныя аўтанамісты кажуць пра існаванне асобнай сілезскай мовы.
Нягледзячы на феномен RAS, грамадскасць Польшчы ён асабліва не цікавіў. Тэму раскручваў хіба што афіцыёз. У лютым мінулага года на першым канале польскага тэлебачання выйшаў фільм пра тое, што сілезцы мараць пра выхад рэгіёну са складу Польшчы і ў дадатак кантактуюць з замежнымі шпіёнамі. Паколькі польскія спецслужбы на «сенсацыю» не адрэагавалі, стужку ўсур’ёз не ўспрынялі. Тым больш, што ў фільме актыўна ўзгадвалі, што менавіта ліберальная апазіцыя ахвотна запрашае RAS у свае кааліцыі.
Сітуацыя кардынальна змянілася восенню, калі пачаліся вядомыя працэсы ў Каталоніі. Менавіта ў гэты час кіраўніцтва Руху за аўтаномію Сілезіі апублікавала заяву, якая стала медыябомбай. Самы вялікі інтарэс у публікі выклікаў наступны фрагмент рэзалюцыі: «Пат у адносінах паміж Барселонай і Мадрыдам даказвае, што спрэчка паміж Еўрапейскім саюзам і правінцыямі, што паўсталі, не можа разглядацца як унутраная справа гэтых краін, якія маюць спакусу выкарыстоўваць сілу супраць уласных грамадзян. Еўрапейская супольнасць павінна распрацаваць правілы і працэдуры для вырашэння падобных канфліктаў».
Натуральна, патрыятычная грамадскасць пабачыла тут замах на суверэнітэт. Эмоцыі зашкальваюць таксама праз некаторыя гістарычныя аспекты. Барацьба за Сілезію ў 1920-я гады — гераічная старонка польскай гісторыі.
Кансерватыўная прэса аператыўна прапанавала аўдыторыі канспіратыўныя версіі наконт таго, хто мог стаяць за сілезцамі. Пакуль дамінуе думка, што сілезскі рух інспіруе Берлін, якому патрэбныя рычагі ціску на адміністрацыю Качыньскага. Як вядома, раней Варшава вырашыла рэфармаваць судовую сістэму, фактычна падпарадкаваўшы яе заканадаўчай уладзе, і не жадае прымаць імігрантаў. «Яны (прыхільнікі аўтаноміі) павінны паехаць у Германію. Рух трэба забараніць. Гэта спроба адарваць частку тэрыторыі з берлінскага салона», — піша адзін з патрыятычных блогераў.
Пра нямецкі след, быццам бы, сведчыць і цікавая рэзалюцыя з’езду RAS у красавіку мінулага года. Яго ўдзельнікі паабяцалі правесці рэферэндум аб незалежнасці горнай Сілезіі ў выпадку выключэння Польшчы са складу Еўрапейскага саюза. Праўда, тое рашэнне было прынятае 1 красавіка, што дазволіла лідарам руху трактаваць яго як жарт.
У руку Берліна вераць не ўсе. На другім месцы — версія, паводле якой за сілезскімі аўтанамістамі тырчаць вушы Крамля. Яшчэ адзін з патрыётаў-блогераў адзначае: «Гэта зноў Расія. Ужо Сувораў пісаў, што ГРУ мае сродак, каб выклікаць сацыяльныя хваляванні ў краіне, і інтэрнэт добра пасуе для выканання гэтай задачы».
Самі аўтанамісты рэагавалі на такія публікацыі і заявы вельмі арыгінальна. Па словах аднаго з правадыроў RAS, істэрыка супраць аўтанамістаў Сілезіі выкліканая прыступамі рэўнасці. Маўляў, узровень жыцця ў Сілезіі заўжды быў на галаву вышэйшы, чым у іншых ваяводствах. Цяпер RAS плануе аб’яднацца з іншымі аўтанамістамі для стварэння агульнай партыі.
Між тым, 30 студзеня камітэт Еўрапарламента па грамадзянскіх свабодах падтрымаў рашэнне Еўракамісіі па запуску працэдуры санкцый супраць Польшчы. Калі Еўрапарламент на сесіі ў лютым ухваліць увядзенне санкцый, то Варшава часова страціць права голасу ў Савеце ЕС, што з’яўляецца беспрэцэдэнтным выпадкам за ўсю гісторыю Еўрасаюза. Можна меркаваць, што інфармацыйная вайна Варшавы і Бруселя будзе працягвацца, і нехта, магчыма, захоча скарыстаць сілезскую карту.