КАП. Выведнікі на мяжы цывілізацый

На працягу 1927–1931 гадоў польская выведка нармалізавала працу на ўсходнім кірунку. Асаблівую ўвагу надавалі агентам Камінтэрну і ДПУ, якія дзейнічалі «на крэсах», а таксама вывучэнню вайскова-палітычнай сітуацыі ў БССР. Так, летам 1929 года камандзір штаба 2-й брыгады КАП маёр Крамарчык...

Жаўнер КАП назірае за тэрыторыяй БССР, 1930-я гады

Жаўнер КАП назірае за тэрыторыяй БССР, 1930-я гады

Падчас працы над альбомам «Мяжа была пад Мінскам 1921–1941 гг.» мне давялося наведаць вялікую колькасць месцаў, дзе ў міжваенны час знаходзіліся стражніцы польскага Корпуса аховы памежжа (КАП).
У адным з будынкаў, які захаваўся да нашых дзён і дзе па сёння жывуць людзі, мяне чакаў сюрпрыз. Сярод вялікай колькасці розных рэчаў «даваеннага паходжання», якія гаспадары лічылі смеццем, была і невялікая кніжачка «Вайсковы шпіянаж», выдадзеная пад рэдакцыяй Язэпа Фядунішына ў Львове ў 1924 годзе. Гэта быў падручнік, якім карысталіся польскія памежныя выведнікі ў міжваенны час.

Як жа выглядала праца выведнікаў КАП у 1920–1930-я гады і з чым яны сутыкаліся падчас сваёй службы на «рыжскім кардоне»?

"Мяжа была пад Мінскам 1921–1941 гг". Новая кніга Ігара Мельнікава

"Мяжа была пад Мінскам 1921–1941 гг". Новая кніга Ігара Мельнікава

Новая служба

Значную частку выведавальных і контрвыведавальных задач у памежнай з СССР зоне 1 лістапада 1924 года Другі аддзел Генштаба Войска Польскага і другія аддзелы камандавання карпусных акруг ІІІ і IX перадалі ў распараджэнне Корпуса аховы памежжа. З гэтага моманту менавіта польскія памежнікі павінны былі высочваць варожую агентуру на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, а таксама праводзіць выведку на сумежных з Польшчай тэрыторыях БССР і УССР. Ужо 3 лютага 1925 года быў зацверджаны праект арганізацыі выведкі КАП. Яе структура складалася з самастойнага выведвальнага аддзела пры Штабе Корпуса аховы памежжа, а таксама афіцэраў-выведнікаў пры штабах брыгад і камандаванні батальёнаў КАП.

На працягу 1927–1931 гадоў польская выведка нармалізавала працу на ўсходнім кірунку. Асаблівую ўвагу надавалі агентам Камінтэрну і ДПУ, якія дзейнічалі «на крэсах», а таксама вывучэнню вайскова-палітычнай сітуацыі ў БССР. Так, летам 1929 года камандзір штаба 2-й брыгады КАП маёр Крамарчык даслаў у Экспазітуру №1 Другога аддзела Генштаба Польшчы ў Вільні службовую нататку, у якой падрабязна апісвалася не толькі дыслакацыя савецкіх памежных частак, але і сітуацыя ў Мінску.

Жаўнеры КАП, Заходняя Беларусь, 1930-я гады

Жаўнеры КАП, Заходняя Беларусь, 1930-я гады

«У Цімкавічах знаходзіцца камандаванне 17-га памежнага атрада. Штаб размяшчаецца ў былым царкоўным будынку. Начальнікам 17 ПА з’яўляецца Бушман, яго памочнік па палітычнай частцы Паўлаў. У Сакрэтна-аператыўнай частцы (САЧ) працуюць Быстроў і Явароўскі. У Капылі размешчаная апергрупа 17 ПА ў колькасці 15 чалавек. Яе камандзіра завуць Скрыпкоў. [...] Аддзел міліцыі знаходзіцца ў РВК. Прозвішча начальніка міліцыі Галубец. [...] На сумежнай тэрыторыі адзначаюцца масавыя арышты насельніцтва памежнай паласы. Людзей арыштоўвае памежная ахова і абвінавачвае ў нелегальных кантактах з Польшчай ці ў занятках кантрабанднай дзейнасцю. Гаўптвахта 17 ПА была настолькі перапоўненая, што людзей трымалі ў ёўнях. [...] У турме АДПУ ў Мінску знахо­дзяцца Шчапоццеў, былы чалец акруговага суда ў Мінску, якога абвінавачваюць у контррэвалюцыйнай агітацыі; Капелан з Мінска — за кантрабанду; Рудэльман з Мінска — за супраціў уладзе; Чартовіч з Маладзечна — нелегальны пераход мяжы; Станіслаў Сабалеўскі з вёскі Дзяўгі, гміна Рубяжэвічы — за кантрабанду; Некрач з Мікуліч, гміна Рубяжэвічы — за кантрабанду; Міклашэўскі з СССР — за шпіянаж; Казлоўскі з гміны Ракаў — за шпіянаж; Наркевіч з СССР — за шпіянаж; Раманчык з вёскі Крапіўнікі, гміна Ракаў — за шпіянаж», — гаварылася ў дакуменце.

Звесткі, згаданыя ў нататцы, капаўцы атрымалі ад перабежчыка з БССР, а таксама ад выведнікаў, якія працавалі ў Саўдэпіі. У 1933–1934 гадах быў ліквідаваны Самастойны інфармацыйны аддзел Корпуса аховы памежжа, а яго месца заняло Кіраўніцтва выведкі КАП, якому былі перададзеныя Экспазітура №1 у Вільні (мела свае прадстаўніцтвы ў Глыбокім, Вілейцы, Стоўбцах, Лунінцы, Сувалках) і Экспазітура №5 у Львове. Акрамя гэтага ў Берасці-на-Бугу існавала Экспазітура №6, якая таксама сачыла за дзейнасцю савецкіх агентаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Стражніца КАП. Заходняя Беларусь

Стражніца КАП. Заходняя Беларусь


«Слухалі» тэлефоны…

Вялікую ўвагу выведнікі КАП надавалі праслухоўванню міжнародных тэлефонных ліній, якія праходзілі праз камутатар у Стоўбцах. Асабліва ўважліва адсочваліся размовы савецкіх дыпламатаў з абанентамі ў СССР.

«У прыватных размовах, якія праводзяць савецкія дыпламатычныя чыноўнікі, часта чутная прыкрасць і паўтараецца слова «інтрыга». Некалькі разоў саўдэпаўцы, якія знаходзяцца за мяжой, скардзіліся, што нехта, карыстаючыся іх адсутнасцю ў краіне, «падклаў ім свінню». Часам, пасля другой гадзіны ўначы, шляхам індукцыі было чуваць размовы па тэлефоне на тэрыторыі СССР, аднак зразумець словы было цяжка. Гэтыя размовы адбываліся паміж Масквой і гарадамі Мінск, Смаленск, Калуга, Кіеў. [...] Найбольш размоў па пытаннях гандлю можна было пачуць на лініі Масква — Лондан, дзе знаходзіцца некалькі савецкіх камісій па экспарце і імпарце. Між іншым, у Лондане ёсць камісія пад назвай «Танкаімпарт». З гэтых размоў вынікала, што: паміж партамі Англіі і Ленінграда курсавалі савецкія і зафрахтаваныя СССР параходы. З ліку савецкіх параходаў заўважаныя: «Дзяржынскі», «Бэла Кун», «Кааперацыя» і «Карл Лібкнехт». Часцей за ўсё курсаваў «Дзяржынскі». У Лондане знаходзілася асобная камісія па справах гандлю з Далёкім Усходам. [...] Два разы на дзень перадаваліся інфармацыйныя паведамленні для прэсы (апоўдні і падвечар — І.М.). Часцей інфармацыйныя паведамленні дасылалі: у «Известия» — Кармэн з Мадрыда, у «Правду» — Кальцоў з Барселоны, у «Камсамольскую праўду» — Кальцоў з Барселоны і Валенсіі», — адзначалася ў інфармацыйным паведамленні намесніка кіраўніка выведкі КАП маёра Яна Гурбскага ў студзені 1937 года.

Кніга, знойдзеная аўтарам у будынку былой стражніцы КАП

Кніга, знойдзеная аўтарам у будынку былой стражніцы КАП


…і лавілі нелегальных «назіральнікаў»

Контрвыведнікі КАП сачылі за распаўсюдам інфармацыі пра вайсковыя манеўры на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Толькі ў 1935 годзе было затрымана 67 чалавек, частка з якіх была абвінавачана ў шпіянажы. Сярод іх аказалася жанчына, якую падазравалі ў зборы выведвальнай інфармацыі пра дзейнасць брыгады КАП «Вільня», а таксама жыхар Львова, пры якім былі знойдзеныя мапы і планы гарнізонаў Войска Польскага. У наступным годзе ў раёнах вучэнняў КАП былі затрыманыя 18 чалавек, сярод якіх было некалькі агентаў савецкіх спецслужбаў. У 1937 годзе побач з летнімі лагерамі батальёна КАП «Сноў» жандармерыя затрымала невядомага, пры якім быў знойдзены фотаапарат. Тады ж у раёне канцэнтрацыі палка КАП «Валожын» у рукі памежнікаў трапіў польскі жаўнер, які аказаўся дэзерцірам з 83-га палка палескіх стралкоў у Кобрыне. Хлопец збіраўся збегчы ў БССР.

У справаздачы, якую кіраўнік выведкі КАП маёр Ян Гурбскі склаў пасля пачатку Другой сусветнай вайны (у 1940 годзе), адзначалася, што ў 1935 годзе тактыка дзейнасці польскай памежнай выведкі на сумежнай тэрыторыі (у тым ліку і БССР — І.М.) змянілася.

Затрыманне дыверсанта на рыжскай мяжы

Затрыманне дыверсанта на рыжскай мяжы

«Я пачаў разумець, што адпраўка адзіночных агентаў не дасягае пастаўленай мэты. Было вырашана працаваць групамі агентаў, ад 3 да 12, смелых, добра і выдатна валодаючых зброяй, часта са службовымі сабакамі, якія спецыяльна навучаныя атакаваць людзей па сігнале і без брэху. Такім чынам, група добра ўзброеных людзей, якае мае нажніцы да рэзання дроту, фотаапараты, спецыяльны абутак для перасячэння баранаванай паласы, гумавыя лодкі, была больш паспяховая. Правядзенне аперацый на перадполлі супраць акрэсленага аб’екта ці чалавека стала ўдавацца, і мы пачалі працаваць з меншымі стратамі, а агенты пачалі адчуваць сябе больш упэўнена», — адзначаў польскі афіцэр.

Такім спецгрупам удалося здабыць ручны кулямёт Дзегцярова разам з поўным боекамплектам (відавочна, зброю захапілі ў савецкага памежнага нарада. — І.М.); шыфры афіцэрскай школы РСЧА у Мінску; чыгуначныя інструкцыі на выпадак мабілізацыі. Але найбольшы поспех — здабыццё дэталёвых звестак аб арганізацыі савецкай супрацьпаветранай і супрацьгазавай абароны ў раёне Мінска і матэрыялаў, звязаных з доўгатэрміновымі агнявымі кропкамі на савецка-польскай мяжы. Пры гэтым польскія выведнікі ўзялі пробы бетону і атрымалі пэўную дакументацыю памежных ДАКаў.

Лінія савецка-польскай мяжы пад Мінскам

Лінія савецка-польскай мяжы пад Мінскам

Непасрэдна перад пачаткам Другой сусветнай вайны агентурная сетка КАП была падзеленая на тры групы: сігнальную, аператыўную і стратэгічную. Менавіта ад памежных агентаў прыходзіла інфармацыя аб канцэнтрацыі савецкіх войскаў побач з кардонам, а таксама — пра парушэнне мяжы савецкімі дыверсійнымі групамі напярэдадні 17 верасня 1939 года.