Украіна, Ізраіль і ЗША абураныя новым польскім законам пра Халакост

Верхняя палата польскага парламента ўхваліла закон, які забараняе вінаваціць палякаў у спрыянні Халакосту. Крытыкі закона называюць яго спробай перапісаць гісторыю.

lager.jpg

Закон таксама забараняе называць разгорнутыя на тэрыторыі Польшчы нацысцкія лагеры смерці «польскімі». За гэта прадугледжаны штраф або пазбаўленне волі на тры гады.
Закон быў ухвалены ніжняй палатай польскага парламента (соймам) 57 галасамі супраць 23 пры двух тых, хто ўстрымаўся. Каб увайсці ў сілу, ён павінен быць падпісаны прэзідэнтам.
Гэты закон ужо выклікаў незадаволенасць Ізраіля, які абвінаваціў у мінулыя выходныя Польшчу ў спробе перапісаць гісторыю.
У нядзелю прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заклікаў Польшчу адмовіцца ад яго прыняцця.
«Я катэгарычна выступаю супраць яго. Нельга перапісаць гісторыю, факт Халакоста нельга адмаўляць», — сказаў Нетаньяху ў сваёй афіцыйнай заяве.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адказаў на гэта ў сваім тэлеінтэрв'ю, сказаўшы, што Польшча не будзе пераглядаць сваё рашэнне і што ў краіны ёсць права «абараніць гістарычную праўду».
У сераду прадстаўнік дзярждэпартамента ЗША таксама звярнулася да польскага ўрада з просьбай перагледзець гэты законапраект, заявіўшы, што ЗША заклапочаныя тым, што ён можа падарваць свабоду слова ў краіне і ўскладніць дыпламатычныя адносіны Польшчы з іншымі краінамі.
«Мы занепакоеныя тымі наступствамі, якія ў выпадку прыняцця гэтага законапраекта рушаць услед для стратэгічных інтарэсаў Польшчы і для яе ўзаемаадносін з іншымі краінамі», — заявіла прадстаўнік дзярждэпартамента ЗША Хізэр Нойерт.

Рэакцыя Украіны

Афіцыйная назва дакумента — «Аб унясенні змяненняў у закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці — Камісію па пераследзе злачынстваў супраць польскага народа і некаторыя іншыя законы».
Ухвалены сенатам закон таксама тычыцца вызначэння злачынстваў украінскіх нацыяналістаў і ўкраінскіх арганізацый, якія супрацоўнічалі з Трэцім рэйхам і магчымасці крымінальнага пераследу асоб, якія адмаўляюць гэтыя злачынствы.
Міністэрства замежных спраў Украіны выступіла з крытыкай гэтага закона.
«Катэгарычна не ўспрымаем чарговую спробу навязаць аднабаковую трактоўку гістарычных падзей, у тым ліку — некарэктнага выкарыстання ў афіцыйным дакуменце Рэспублікі Польшча назвы часткі тэрыторыі сучаснай Украіны», — гаворыцца ў заяве ўкраінскага МЗС.

«У гэтым кантэксце надзвычайную занепакоенасць выклікае намер адлюстраваць украінцаў выключна як "злачынных нацыяналістаў" і "калабарацыяністаў Трэцяга рэйха», — заявіў МЗС Украіны.

Свабода абмеркаванняў

Польшча даўно спрабавала апратэставаць выраз «польскія лагеры смерці», быццам бы маецца на ўвазе адказнасць палякаў і польскіх уладаў за нацысцкія канцлагеры.
Гаворка ідзе пра канцлагеры на польскай тэрыторыі, такія як Асвенцым, якія былі пабудаваныя нацыстамі пасля акупацыі Польшчы ў 1939 годзе.
У гады вайны былі забітыя мільёны палякаў, уключаючы 3 млн польскіх габрэяў, якія загінулі ў выніку Халакоста.
Польскія ўлады заяўляюць, што закон не мае на ўвазе абмежаванняў на навуковыя пошукі або абмеркаванне Халакоста, але абараняе рэнамэ краіны за мяжой.
Аўтар законапраекта, намеснік міністра юстыцыі Польшчы Патрык Які, заявіў, што рэакцыя Ізраіля з'яўляецца «доказам таго, наколькі такі закон патрэбны».
Аднак прадстаўнік польскай апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа» Богдан Кліч заявіў, што гэты закон прадугледжвае занадта шырокае прымяненне і можа абмежаваць свабоду абмеркавання гістарычных падзей.
«Гэта абмеркаванне ідзе ў любой краіне, у тым ліку і ў Польшчы. Асабліва гэта тычыцца нядаўняй гісторыі нацысцкай акупацыі. Такое абмеркаванне павінна праходзіць свабодна і без якіх-небудзь перашкод. Яны не могуць праходзіць пад наглядам пракурора», — заявіў польскі палітык.
Паводле BBC