Польшча запатрабавала ад Расіі вярнуць сем карцін, якія ў Другую сусветную вайну вывезлі ў Пушкінскі музей

Міністэрства культуры Польшчы накіравала ўладам Расіі заяву аб рэстытуцыі сямі твораў мастацтва, вывезеных у СССР у гады Другой сусветнай вайны.

«Пакланенне немаўляці» Ларэнца дзі Крэдзі

«Пакланенне немаўляці» Ларэнца дзі Крэдзі

Міністэрства культуры Польшчы сцвярджае, што гэтыя карціны цяпер знаходзяцца ў калекцыі Музея выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна ў Маскве.

Гаворка ідзе аб карцінах «Пакланенне немаўляці» Ларэнца дзі Крэдзі, «Двое тужлівых святых» Арэціна Спінелла, «Хрыстос і грэшніца» Лукі Джардана, «Партрэт мастака» Валантэна дэ Булоня, «Італьянскі пейзаж з стафажам» Андрэа Лакатэллі, «Мадонна з дзіцем і Янам Хрысціцелем» і «Мадонна з немаўлём на фоне пейзажу» невядомых аўтараў.

«Справы аб крадзяжы культурных каштоўнасцяў не маюць тэрміну даўніны — не толькі ў этычна-маральных стасунках, але і ў сферы міжнароднага права. Польская дзяржава ніколі не спыніць пошук і вяртанне культурных каштоўнасцяў, разрабаваных у выніку Другой сусветнай вайны», — заявіў міністр культуры Польшчы Пётр Глінскі.

Ён сказаў, што раней Польшча накіроўвала Расіі 20 заяў аб рэстытуцыі — у 2004, 2012 і 2014 гадах з патрабаваннем вярнуць некалькі тысяч твораў мастацтва, але Расія іх нават не разглядала. У той жа час за апошнія шэсць гадоў краіна вярнула сабе больш за 600 твораў мастацтва з іншых дзяржаў, дадаў ён.


У Мінкультуры Расіі заявілі, што не атрымлівалі афіцыйных запытаў ад польскага боку з нагоды апошніх сямі карцін. Пры гэтым расійскі бок адзначыў, што пытанне з гэтымі карцінамі павінна вырашацца ў адмысловым парадку. «Гэты від каштоўнасцяў належыць да асаблівай катэгорыі, таму што яны былі перамешчаныя на тэрыторыю СССР у ажыццяўленне кампенсаторнай рэстытуцыі за дзеянні нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны», — прыводзіць РБК каментар Мінкульта.

Паводле Медузы, РБК