Топ-10 фільмаў пра журналістаў. Прафэсія, якая стала асабліва небясьпечнай у Беларусі

Тое, з чым сутыкнуліся нашыя калегі ў Беларусі — арышты, страшэнныя прысуды на больш чым 10 гадоў — на жаль, зьяўляецца нормай гэтай даволі рамантызаванай прафэсіі. Мы падрыхтавалі для вас 10 фільмаў, каб пагрузіцца ў гэтае жыцьцё, поўнае цікавасьці і небясьпекі.

movie_1200_630.jpg

Нумар 10. Афёра Стывена Гласа (Shattered Glass). 2003 год

shattered_glass.jpg

Грамадзкасьць любіць скандалы, а вялікія скандалы яна любіць яшчэ больш. У 1998 годзе адбыўся акурат скандал вышэйшага гатунку. Выявілася, што Стывен Глас, малады журналіст, сапраўдная новая зорка сусьветнай журналістыкі, які пісаў для шэрагу часопісаў, у тым ліку для Rolling Stone і ў першую чаргу для The New Republic, сфабрыкаваў 21 (а быць можа і ўсе 41) свой артыкул пра гісторыі людзей. Гэта неверагодна ўскалыхнула сьвет журналістыкі. Хэйдэн Крысьценсэн у ролі Гласа дзівосна і па-майстэрску паказвае, як яго герой спраўляецца з патрэбамі сваёй хітрай натуры. Гледачу становіцца складана прыняць канкрэтны бок — станоўча ці адмоўна адносіцца да Стывена Гласа? Гэта прыклад стужкі, для якой не патрэбныя шмат спецэфектаў, каб зрабіць уражаньне. Вас чакае пражываньне перажываньняў.

 

Нумар 9. Чырвоныя (Reds). 1981 год

reds.jpg

Радыкальны амерыканскі журналіст уцягваецца ў камуністычную рэвалюцыю 1917 і спадзяецца прынесьці яе дух і ідэалізм у ЗША. Гучыць нібы фантастычна, але на тыя часы чырвань была ўласьціва і за акіянам. Яшчэ не прыйшлі часы актыўнага і пасьпяховага змаганьня з агентамі Крамля. У фільме два галоўныя героі прысьвячаюць вялікую частку свайго жыцьця камуністычнай дзейнасьці. Але ў цэнтры ўвагі людзі, а не дзейнасьць.

Галоўны герой у выкананьні Ўорэна Біці ўгаворвае гераіню Даян Кітан прыехаць зь ім у месца, дзе ствараецца «рэальная гісторыя» — у краіну Саветаў. Яны становяцца сьведкамі «дзесяці дзён, якія ўзрушылі сьвет». Па вяртаньні дадому герой Біці піша запісы відавочцы. Затым, пасьля расколу ў шэрагах камуністаў ЗША, Джэк вяртаецца ў чырвоную Расею 1919-га, каб прадстаўляць ідэі сваёй групы ў плянах сусьветнай рэвалюцыі. У адной з роляў — Джэк Нікалсан.

 

Нумар 8. Замежны карэспандэнт (Foreign Correspondent). 1940 год

foreign_correspondent.jpg

Стужка легендарнага Альфрэда Хічкока «Замежны карэспандэнт» распавядае пра сьвет, ахоплены чуткамі, ростам напружанасьці, палітызаванымі рэпрэсіямі і нявызначанасьцю, якія папярэднічалі Другой сусьветнай вайне. Мы трапляем у амэрыканскую рэдакцыю, дзе нарастае расчараваньне праз адсутнасьць рэальнага асьвятленьня вартых навінаў, якія паступаюць ад карэспандэнтаў. Вырашаецца, што чалавека, які мае досьвед у пошуку гісторый, крымінальнага рэпарцёра, трэба адправіць у Эўропу, і таму Джоні Джонс атрымлівае менш амерыканскі псеўданім Хантлі Хэверстак і адпраўляецца ў Брытанію ў якасьці даволі незацікаўленага карэспандэнта. Адтуль ён наведвае сустрэчу, якую праводзіць Партыя міру ў Амстэрдаме, дзе, па чутках, адбудзецца істотная прамова Ван Меера, якая можа паўплываць на вайну, што павінна пачацца ў Эўропе. Ван Меер адсутнічае на мерапрыемстве. Хутка становіцца зразумелым, што ён забіты. Захапляльны трылер ад майстра гэтага жанру.

 

Нумар 7. Салодкае жыцьцё (La dolce vita). 1960 год

la_dolce_vita.jpg

Гэты фільм — пераможца кінафэсту ў Канах. Фэдэрыка Фэліні здымаў яго на Віа Венэта — рымскай вуліцы начных клюбаў. Герой карціны — калумніст, журналіст Марчэла, які распавядае пра «салодкае жыцьцё» зьнікаючых арыстакратаў, другасных кіназорак, састарэлых плэйбояў і гандлярак. Ролю стомленага чалавека, які марыць аднойчы зрабіць нешта вартае, але апынаецца ў пастцы пустога жыцьця, выканаў Марчэла Мастраяні. Дома яго чакае суіцыдальная нявеста, а па-за домам — яшчэ шмат іншых не-нявестаў. Асобна адзначым музыку Ніна Рота  кампазытара, які напісаў музычнае суправаджэньне ў тым ліку і да «Хроснага Бацькі», бадай што лепшага фільма ў гісторыі. Герой Марчэла Мастраяні знаходзіцца ў пошуках матэрыялу, які прынясе яму супакой. У вялікай ступені аўтабіяграфічны фільм самога Фэліні.

 

Нумар 6. Прафэсія: рэпарцёр (Professione: reporter). 1975 год

professione_reporter.jpeg

Яшчэ адзін італьянскі рэжысэр у нашым спісе — Мікелянджэла Антаніёні — запрасіў у свой фільм геніяльнага Джэка Нікалсана і Марыю Шнайдэр, для якой гэта была завяршальная значная роля ў кар'еры пасьля знакамітага «Апошняга танга ў Парыжы» 1972. У нашай стужцы герой Нікалсана — журналіст Дэвід Лок — трапляе ў Сахару, каб рабіць рэпартаж, які ніяк не вымалёўваецца. Крызіс у працы супадае з нечаканай падзеяй: неўзабаве ў нумары насупраць памірае сусед журналіста, а герой Джэка Нікалсана забірае сабе ягоныя рэчы і нават пераклейвае здымак у пашпарце памерлага, каб пачаць новае жыцьцё. Аднак у хуткім часе ён даведваецца, што гэты чалавек быў гандляром зброяй. З дапамогай гераіні Марыі Шнайдэр Лок спрабуе схавацца як ад паліцыі, так і ад злачынцаў. Фільм пра журналісцкае выгараньне. Пра тое, што можа выбухнуць зь яго.

 

Нумар 5. Тэлесетка (Network). 1976 год

network.jpg

Гісторыя, якую нам паказвае рэжысэр Сідні Люмэт, адбываецца ў залі навін UBS-TV. Вечаровыя навіны, якія вядзе ветэран Говард Біл у выкананьні Пітэра Фінча, недастаткова цікавыя і сьвежыя. Яны саступаюць усе магчымыя паказчыкі ў рэйтынгах. У спробе нешта зьмяніць UBS вырашае прыбраць Біла і прыцягнуць да працы кагосьці новага. У ноч пасьля таго, як Білу паведамілі пра звальненьне, ён абвяшчае ў этэры, што заб'е сябе падчас апошняй праграмы праз тыдзень. «Я зьбіраюся выбіць сабе глузд наўпрост тут, на гэтай праграме», — заяўляе ён. Тэлесетка перапоўненая зваротамі гледачоў. Рэйтынгі UBS растуць. Фільм вылучае тры характарыстыкі тэлегледачоў: любоў да скандалаў, прагу да ўсяго жудаснага і шакавальнага і кароткую працягласьць увагі.

 

Нумар 4. Хвост матляе сабакам (Wag the Dog). 1997 год

wag_the_dog.jpg

Першая камедыя ў нашым спісе — і адразу на такім высокім месцы. Бары Левінсан у 1997 зьняў стужку, якую некаторыя лічаць прарочай. Бліскучыя акторскія працы Робэрта Дэ Ніра і Дасьціна Хофмана. Першае, што мы бачым на экране — выраз «Чаму сабака матляе хвастом? Таму што сабака разумнейшы за хвост. Калі б хвост быў разумнейшы, ён матляў бы сабакам». Падчас кампаніі па пераабраньні прэзідэнта ЗША адбываецца секс-скандал: нешта здарылася паміж непоўнагадовай дзяўчынай-скаўтам і прэзідэнтам у Авальным кабінеце. Каб паспрабаваць утрымаць рэйтынг прэзыдэнта за два тыдні да выбараў быў выкліканы палітоляг у вакананьні Дэ Ніра. У сваю чаргу ён наймае галівудзкага прадусэра (Хофмана). Той мадэлюе ўвод амерыканскіх войскаў у Албанію, каб адцягнуць увагу СМІ ад рэальнай гісторыі. Фільм быў зьняты яшчэ да таго, як Біла Клінтана абвінавацілі ў непрыстойных паводзінах з Монікай Левінскі, і да аперацыі NATO у Югаславіі. Стужка пра маніпуляцыі СМІ, на якія вядуцца амаль усе. 

 

Нумар 3. Яго дзяўчына Пятніца (His Girl Friday). 1940 год

his_girl_friday.jpg

Яшчэ адна камедыя на ганаровым трэцім месцы. Адзін з галоўных рэжысэраў «залатога Галівуда» Хоўвард Хоўкс стварыў гэтую прыгожую гісторыю. У цэнтры ўвагі  гераіня Разалінд Расэл  адна з лепшых рэпарцёрак, якая вырашыла адысьці ад працы, бо зьбіраецца выйсьці замуж за заможнага страхавальніка жыцьця. Яе былы рэдактар, герой Кэры Гранта, па сумяшчальніцтве былы муж журналісткі. Ён даведваецца пра пляны жанчыны і зьбіраецца прадухіліць вясельле. Сітуацыя ўскладняецца, бо становіцца відавочным, што гераіня Разалінд Расэл усё яшчэ кахае свайго былога мужа. Герой Гранта прыдумляе для яе апошняе заданьне: узяць інтэрвію ў чалавека, якога прысудзілі да сьмяротнага пакараньня. Падзеі стужкі разгортаваюцца ў 24-гадзінным прамежку. Калі жадаеце прыўзьняць сабе настрой — гэта тое, што трэба.

 

Нумар 2. Туз у рукаве (Ace in the Hole). 1951 год

ace_in_the_hole_kirk_douglas_900x0_c_default.jpg

Фільм-нуар ад Білі Ўайлдэра. Кірк Дуглас, які зьняўся ў галоўнай ролі, найбольш знакаміты ў нас па фільму «Спартак» 1960 года. Кірк — бацька актора Майкла Дугласа. Яшчэ адзін цікавы факт — яго бацькі эмігравалі ў ЗША з Гомеля ў 1908 годзе. Вернемся да нашае стужкі. Кірг Дуглас грае Чарльза Татума, дасьведчанага рэпарцёра з праблемамі алкаголю, якога звальнялі шмат разоў. Урэшце ён адпраўлены ў маленькі горад, каб асьвятляць спаборніцтвы з грымучымі зьмеямі, журналіст спыняецца ў доміку ў пустыні і даведваецца, што ўладальнік крамы апынуўся ў закінутай шахце пасьля абвалу. Герой Дугласа забывае пра зьмеяў і прабіраецца ў тунэль, каб паразмаўляць з чалавекам, чые ногі заціснутыя. Калі Татум зноў выходзіць на паверхню, ён разумее сваю будучыню:  рэпарцёр авалодаў гісторыяй, ён зможа раскручваць яе столькі, колькі зможа, і будзе рабіць гэта дзеля грошай, славы і працы ў буйной газэце. Галоўны герой у пэўны момант заяўляе: «Я спраўляюся зь вялікімі і маленькімі навінамі. А калі навінаў няма, я пайду і ўкушу сабаку».

 

Нумар 1. Уся прэзыдэнцкая раць (All the President's Men). 1976 год

all_the_presidents_men_1976_ievenn_1.jpg

Наш фаварыт — знакамітая стужка Алана Пакулы, з Робэртам Рэдфардам і Дасьцінам Хофманам у галоўных ролях. Нават калі б сама гісторыя Ўотэргейта не была такой цікавай, якой яна ёсьць, гэты фільм, верагодна, быў бы такім жа добрым. Атрымаўся захапляльны аповед, як двое зьнялі прэзідэнта. Стужка адлюстроўвае хаатычнае жыцьцё журналіста-рассьледавальніка. Дзеяньне фільма пачынаецца 1 чэрвеня 1972 года з моманту прыбыцьця ў Капітолій прэзідэнта Ніксана. Ён знаходзіцца на піку сваёй папулярнасьці, і здаецца, што яго немагчыма спыніць. Затым стужка пераходзіць да падземнага гаража ў комплексе Ўотэргейт у Вашынгтоне, дзе ахоўнік заўважае прыадчыненыя дзьверы. Ён тэлефануе ахове, якая ловіць пяцёра чалавек, якія ўварваліся ў офіс Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі. Што адбылося далей — глядзіце ў захапляльнай працы Алана Пакулы.