Дуда: Польшча павінна патрабаваць рэпарацый ад Расіі

Прэзідэнт Польшчы адзначыў, што няма прычын, каб не патрабаваць ад Расіі рэпарацый за ваенныя злачынствы падчас Другой сусветнай вайны.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Фота:  Якуб Шымчук / KPRP

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Фота:  Якуб Шымчук / KPRP

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што Польшча павінна запатрабаваць ваенныя рэпарацыі за прычыненую шкоду падчас Другой сусветнай вайны не толькі ад Германіі, але і ад Расіі. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю выданню «Wprost».

Дуда доўга разважаў наконт таго, што варта патрабаваць кампенсацый ад Германіі: «Калі мы нешта разбураем, трэба кампенсаваць. На жаль, ніхто не пакрыў страты, якія панесла Польшча падчас вайны, а ўсё ж гэта 6,2 мільярда злотых. Польшча ў многіх месцах была паспяхова адноўлена, але Варшава была незваротна знішчана немцамі. Гэта быў спланаваны, жорсткі знос горада. Калі нехта сёння скажа, што мы без патрэбы выклікаем канфлікт, патрабуючы рэпарацый, няхай спытае ў немцаў, чаму яны выклікалі гэты канфлікт у 1939 годзе. Польшча заслугоўвае кампенсацыі — і ўсё. І я думаю, што Германія гэта таксама ўсведамляе».

Прэзідэнт Польшчы дадаў: апазіцыя кажа, што калі мы патрабуем ад Германіі рэпарацый, то чаму не ад Расіі?

«Германія пачала Другую сусветную вайну і напала на Польшчу. Вядома, Расія потым далучылася да гэтай вайны. Таму лічу, што рэпарацый павінны таксама патрабаваць і ад Расіі», — адзначыў ён.

Са слоў Дуды, «няма прычын, каб не патрабаваць» рэпарацый ад Расіі.

Нагадаем, сейм Польшчы 14 верасня прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў Германію ўзяць на сябе адказнасць за шкоду, прычыненую Польшчы падчас Другой сусветнай вайны, і выплаціць польскай дзяржаве кампенсацыю.

Паводле www.wprost.pl, korrespondent.net