Поўдзень за манархію, поўнач за рэспубліку: як адбыўся лёсавызначальны рэфэрэндум 1946 года ў Італіі
Пасьля Другой сусьветнай вайны, калі ўрад Мусаліні быў скасаваны, у Італіі 2 чэрвеня 1946 года адбылася падзея, якая зьмяніла ўсю дзяржаву. Хто будзе кіраваць: кароль Умбэрта ІІ ці замест яго рэспубліканская форма кіраваньня? У Мілане каля 70% прагаласавалі за новую мадэль, а на Сіцыліі каля 70% за караля. З моманту стварэньня аб’яднанай Італіі прайшло ўсяго 85 гадоў, аб’яднанай яна так і не стала.
![Мітынг прыхільнікаў рэспублікі Мітынг прыхільнікаў рэспублікі](/img/v1/images/3_783.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1717332027&w=528)
Мітынг прыхільнікаў рэспублікі
Падзеньне фашызму і караля
Фашысцкі рэжым пад кіраўніцтвам Бэніта Мусаліні абяцаў веліч і вяртаньне славы Рымскай імпэрыі, але замест гэтага прывёў Італію да спусташэньня вайной і міжнароднай ізаляцыі. Да 1943 года ўлада Мусаліні саслабла, калі войскі хаўрусьнікаў рабілі значныя прарывы на тэрыторыю Італіі. Крах рэжыму быў імклівым: Мусаліні быў зрынуты і забіты, а Італія капітулявала перад хаўрусьніамі ў верасьні 1943 года. Тая капітуляцыя стала пачаткам канца як для Мусаліні, так і для традыцыйнай італьянскай манархіі.
З моманту стварэньня аб’яднанай Італіі ў 1861 годзе, на чале дзяржавы былі каралі з Савойскай дынастыі. Першым быў Віктар Эмануіл ІІ, за ім Умбэрта І, а з 1900 года і да траўня 1946 – Віктар Эмануіл ІІІ.
Кароль Віктар Эмануіл III быў вельмі супярэчлівай фігурай на працягу ўсяго праўленьня Бэніта Мусаліні. Рашэньне падтрымаць захоп улады Мусаліні ў 1922 годзе і наступная няздольнасьць як—небудзь уплываць на сітуацыю сур'ёзна заплямілі яго рэпутацыю. Калі набліжаўся канец вайны, кароль спадзяваўся адсунуць у бок манархію ад фашызму. Урэшце ён зрокся ад трона на карысьць свайго сына Умбэрта II у траўні 1946 года.
Гэтая падзея была расцэненая як адчайная спроба выратаваць становішча манархіі ў вачах змучанага вайной і абсалютна разьяднанага насельніцтва. Аднак асацыяцыя манархіі з фашысцкай палітыкай і няўдачамі ваеннага часу моцна падарвала давер грамадзтва, асабліва на поўначы, дзе супраціў фашызму быў найбольш моцным.
![Кароль Умбэрта II Кароль Умбэрта II](/img/v1/images/umberto_ii.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1717332026&w=528)
Кароль Умбэрта II
Уплыў амэрыканцаў і брытанцаў
Сілы хаўрусьнікаў, якія складаліся пераважна з амэрыканскіх, брытанскіх войскаў і войскаў Садружнасьці, адыгралі галоўную ролю ў вызваленьні Італіі ад нацысцкага і фашысцкага кантролю. Працэс вызваленьня стаў у тым ліку значнай палітычнай перабудовай. Хаўрусьнікі імкнуліся стварыць у Італіі дэмакратычныя істытуты, каб палітычна і эканамічна стабілізаваць рэгіён.
Разумеючы неабходнасьць легітымнага ўрада, хаўрусьнікі садзейнічалі стварэньню палітычных партый і падтрымлівалі арганізацыю свабодных выбараў, якіх не было ў Італіі з 1922 года. Самым галоўным з гэтых дэмакратычных працэсаў быў рэфэрэндум 2 чэрвеня 1946 года. Афіцыйна ён быў распрацаваны, каб дазволіць італьянскаму народу выбіраць паміж захаваньнем манархіі або ўсталяваньнем рэспублікі.
Глядзіце таксама
![Джорджа Мелоні год ва ўладзе. Ці мелі рацыю тыя, хто называў яе фашысткай? Год таму Мэлоні кляймілі «ультраправай», «фашысткай» і чакалі на канцлягеры ў Італіі. Што маем на сёньня?](/img/v1/images/3_662.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Жорсткі падзел на два лягера
Паўночная Італія была за Рэспубліку. Такія гарады, як Мілан, Турын і Генуя, былі эканамічнымі цэнтрамі нацыі. І разам з гэтым яны ж сталі цэнтрамі антыфашысцкага супраціву. Спадчына партызанскай барацьбы супраць рэжыму Бэніта Мусаліні надзяліла паўночныя рэгіёны схільнасьцю да рэспубліканства. Тут манархія ўспрымалася як сымбаль старога парадку, саўдзельніка ва ўздыме фашысцкага рэжыму і яго наступных злачынствах.
Эканамічны цэнтр краіны, а значыць у ім было шмат пралетарыяту, працоўных на розных прадпрыемствах, якія былі прасякнутыя левымі ідэалёгіямі. Камуністы і сацыялісты бачылі тут мора магчымасьцяў. Людзі на поўначы Італіі ўяўлялі сабе рэспубліку, якая магла б пачаць новую эру палітычных і эканамічных рэформаў, вольную ад гістарычнага цяжару манархіі.
![Галасаваньне Галасаваньне](/img/v1/images/voto.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1717332026&w=528)
Галасаваньне
Наадварот, больш вясковы і кансэрватыўны поўдзень Італіі заставаўся лаяльным да манархіі. Паўднёвыя рэгіёны перажылі менш індустрыяльных узрушэньняў і рэвалюцыйнага запалу, якія былі характэрнымі для поўначы. Для шмат каго на поўдні манархія ўяўляла сабой пераемнасьць, традыцыі і гарантыю ад хаосу радыкальных зьменаў. Сацыяльныя і эканамічныя структуры на поўдні былі менш парушаныя вайной, што прывяло да больш лагоднага погляду на манархію як сапраўдную моц, што можа стабілізаваць нацыю.
Як манархісты, так і рэспубліканцы імкнуліся апеляваць да эмоцыяў электарату. Прыхільнікі манархіі напярэдадні рэферэндуму часта выкарыстоўвалі выявы каралеўскай сям'і і гістарычныя сымбалі, каб выклікаць пачуцьцё настальгіі і лаяльнасьці. А рэспубліканскія піяр-кампаніі выкарыстоўвалі мадэрнісцкую рыторыку прагрэсу і зьменаў, каб натхніць бачаньне людзей на лепшую будучыню пры рэспубліцы.
Аднак па меры набліжэньня дня рэфэрэндуму кароль Умбэрта ІІ заваёўваў прыхільнікаў. Людзі Поўдня яго любілі. Малады кароль з гонарам служыў у бітве пры Монтэ-Касіна і даглядаў параненых. Ён мог назваць кожную сіцылійскую вёску паміж Мэсінай і Палерма на Сіцыліі, мог апісаць кожную вежу, фантан і цытрусавы гай. І гэта не прыпісаныя якасьці, а сапраўдны факт.
Рэфэрэндум
![Што абралі б вы? Што абралі б вы?](/img/v1/images/ref_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1717332026&w=528)
Што абралі б вы?
2 чэрвеня 1946 года італьянцы пайшлі на гістарычны рэфэрэндум, каб вырашыць будучыню сваёй нацыі. Вынікі паказалі відавочны, моцна падзелены вынік: прыкладна 54,3% прагаласавалі за рэспубліку, у той час як 45,7% падтрымалі манархію.
Мы яскрава бачым гістарычны падзел Італіі на Поўдзень (былое каралеўства Дзьвух Сіцылій) і Поўнач. Нэапаль з 79%, Мэсіна з 78%, Лечэ з 75%, Палерма з 61% галасоў за манархію рэзка кантрастуюць з паўночнымі рэгіёнамі: Балонья 80%, Трэнта 85%, Флярэнцыя 71%, Мілан 68%, Генуя 69% - такія вынікі на карысьць рэспублікі.
І нават у сталіцы, Рыме, большасьць аддала перавагу манархіі.
Адначасова з рэфэрэндумам адбыліся і першыя дэмакратычныя выбары ў парлямэнт з 1922 года. Перамагла Хрысьціянска-Дэмакратычная Партыя, і яе лідар Альчэдэ дэ Гасперы быў прэм’ер-міністрам Італіі да 1953 года.
![Альчэдэ дэ Гасперы Альчэдэ дэ Гасперы](/img/v1/images/de_gasperi.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1717332026&w=528)
Альчэдэ дэ Гасперы
Вынікі рэфэрэндуму зацьвердзілі канец італьянскай манархіі і пачатак Італьянскай рэспублікі. Кароль Умбэрта II, які кіраваў усяго месяц, мусіў адправіцца ў выгнаньне, разам з іншым чальцамі каралеўскай сям’і.
Калі прыхільнікі манархіі набралі крыху меньш паловы галасоў, рэакцыянэры параілі яму зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот. Калі б ён адхіліў вынікі рэфэрэндуму і адышоў у Нэапаль, армія падтрымала б яго ў наступнай грамадзянскай вайне.
«Мой каралеўскі дом аб'яднаў Італію», — сказаў на гэта Ўмбэрта ІІ. «Я ня буду дзяліць».
У сваёй апошняй афіцыйнай заяве ў якасьці караля Умбэрта адмовіўся прыняць рэспубліку, ён заявіў, што стаў ахвярай дзяржаўнага перавароту, зьдзейсьненага яго міністрамі, і што рэфэрэндум быў сфальсіфікаваны супраць яго.
Канстытуцыя Італьянскай Рэспублікі 1948 года не толькі забараняла ўносіць папраўкі ў канстытуцыю для аднаўленьня манархіі, але да 2002 года забараняла ўсім спадкаемцам мужчынскага полу неіснуючага італьянскага трона вяртацца на італьянскую зямлю.
Ніхто з афіцыйных асобаў не прысутнічаў на пахаваньні ўжо былога караля Умбэрта ІІ ў Жэнэве ў 1983 годзе. З тых часоў яго сын (вядомы як патэнцыйны кароль Італіі Віктар Эмануіл IV) патрабаваў ад Італіі выплаціць 260 мільёнаў эўра «каб кампэнсаваць душэўныя страты, панесеныя ў выгнаньні». Урад Італіі адхіліў патрабаваньне і ў адказ заявіў, што можа запатрабаваць кампэнсацыі за гістарычныя крыўды.
Глядзіце таксама
![Жанчыны, якія змаглі: Джорджа Мэлоні, Рабэрта Мэтсола, Урсула фон дэр Ляэн Жанчыны, якімі я захапляюся: Урсула, Рабэрта, Джорджа](/img/v1/images/meloni_metsola_ansa.avif?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Аб’яднаць Італію ў 1861 годзе не атрымалася, і ці зьяўляецца яе народ адзіным у 2024 годзе – сказаць таксама амаль немагчыма. Зрэшты, 2 чэрвеня – дзяржаўнае сьвята.