Прэзідэнт Азербайджана Аліеў раптам абвясціў пазачарговыя выбары. Навошта спяшаецца?

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, які кіруе краінай ужо 20 гадоў, раптам абвясціў пазачарговыя прэзідэнцкія выбары. Ён пакуль ніяк не патлумачыў сваё рашэнне. Назіральнікі губляюцца ў здагадках, але ён робіць так не ў першы раз, нагадвае ВВС.

Прэзідэнт Азербайджана за сталом на фоне Баку і журналісткі за кратамі. Фота: PRESIDENT.AZ

Прэзідэнт Азербайджана за сталом на фоне Баку і журналісткі за кратамі. Фота: PRESIDENT.AZ

Прэзідэнт Азербайджана распарадзіўся прызначыць пазачарговыя прэзідэнцкія выбары на 7 лютага.

Чарговы тэрмін Аліева на пасадзе прэзідэнта заканчваўся ў 2025 годзе. Прычым папярэднія прэзідэнцкія выбары таксама былі пазачарговымі і прайшлі замест кастрычніка ў красавіку 2018 года. Тады апазіцыя заяўляла, што ёй не далі падрыхтавацца да выбараў, байкатавала іх, а кандыдатамі на выбарах сталі людзі, якія альбо адкрыта падтрымліваюць Аліева, альбо малавядомыя палітыкі: у некаторых нават не было сацсетак.

Папярэднія парламенцкія выбары таксама былі пазачарговымі. Іх перанеслі з лістапада на 9 лютага 2020 года. І тады таксама апазіцыя скардзілася на раптоўнасць выбараў.

Глядзіце таксама

Навошта?

«Прызначэнне Ільхамам Аліевым пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў на 7 лютага без якога-небудзь грамадскага абмеркавання з'яўляецца падрыхтоўкай рэжыму да фальсіфікацыі гэтых выбараў», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook кіраўнік апазіцыйнай партыі «Народны Фронт Азербайджана» Алі Керымлі.

Паводле яго слоў, арышты апазіцыянераў і журналістаў, якія пачасціліся ў апошнія месяцы, можна растлумачыць якраз падрыхтоўкай да гэтых фальсіфікацый. А раптоўнасць выбараў пазбаўляе апазіцыю магчымасці да іх падрыхтавацца, а значыць, выбары будуць неканкурэнтнымі.

Ён таксама звязвае перанос выбараў з прэзідэнцкімі выбарамі ў Расіі, якія былі прызначаны на сакавік.

«Калі Пуцін, да якога ён апошнім часам стаў бліжэйшы і на якога абапіраецца, у хуткай будучыні пацерпіць вайсковае паражэнне і сур'ёзны палітычны спад, то Ільхам Аліеў спрабуе падоўжыць свой тэрмін паўнамоцтваў шляхам неканкурэнтных і фальсіфікаваных выбараў, пакуль рэжым Пуціна яшчэ існуе», — мяркуе апазіцыянер Керымлі.

Глядзіце таксама

Ільгар Мамедаў, лідар апазіцыйнай партыі «Рэспубліканская альтэрнатыва», пакуль ніяк не каментаваў крок прэзідэнта, але заявіў, што рашэнне аб удзеле або няўдзеле ў выбарах яго партыя прыме ў найбліжэйшыя дні.

«У любым выпадку мы будзем заклікаць усіх выбаршчыкаў прыняць удзел у галасаванні», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook. 

Папярэднія прэзідэнцкія выбары таксама былі пазачарговымі. Перадвыбарчы стэнд, на якім толькі плакат з Аліевым

Папярэднія прэзідэнцкія выбары таксама былі пазачарговымі. Перадвыбарчы стэнд, на якім толькі плакат з Аліевым

І так пераможа

Сябар кіруючай партыі «Ені Азербайджан», дэпутат парламента Нагіф Хамзаеў сказаў мясцоваму агенцтву «Turan», без удакладненняў, што ў рэгіёне адбываюцца «розныя і хуткія працэсы», і таму Азербайджану трэба «рабіць аператыўныя крокі і апярэджваць некаторыя працэсы».

«Азербайджанскі народ і так заўсёды падтрымліваў прэзідэнта, спадара Ільхама Аліева, і абсалютная большасць галасавала за яго», — сказаў Хамзаеў. Падтрымка прэзідэнта асабліва моцная пасля перамогі ў вайне з Арменіяй у 2020 годзе.

«І з гэтага пункту гледжання ўсім ясна, што і на маючых адбыцца выбарах пераможа спадар прэзідэнт, і розніцы няма, калі праводзіць выбары: на год раней ці на год пазней», — мяркуе Хамзаеў.

У інтэрв'ю таму ж «Turan» кіраўнік апазіцыйнай партыі «Мусават» Арыф Гаджылы сказаў, што звычайна пазачарговыя парламенцкія або прэзідэнцкія выбары праводзяць, калі ў краіне ўзнікае крызісная сітуацыя, але цяпер у Азербайджане ніякага палітычнага крызісу няма. Ён заўважыў, што два месяцы да выбараў — гэта вельмі кароткі тэрмін для перадвыбарнай кампаніі.


Глядзіце таксама

Паводле www.bbc.com