Прэзідэнт, які змагаўся з трусам. Дасье ў карыкатурах

У ЗША шырока адзначылі стагоддзе былога прэзідэнта Джымі Картэра, які зрабіў тэму абароны правоў чалавека адмысловай рысай амерыканскай дыпламатыі. Постаць Картэра і раней цікавіла карыкатурыстаў, не абмінулі яны ўвагай і ягоны юбілей.

Джымі Картэр стаў першым прэзідэнтам ЗША, які дажыў да 100-га дня нараджэння. Менавіта гэтая фантастычная лічба стала галоўнай інфанагодай, а не заслугі экс-гаранта. Трэнд лёгка заўважыць, гледзячы на змест карыкатур, прысвечаных юбілею.

photo_2024_10_20_17_10_30.jpg

Джымі Картэр знаходзіцца ў ценю Рональда Рэйгана, пры якім ЗША зноў сталі сусветным лідарам, перамаглі ў халоднай вайне. Але насамрэч Штаты шмат чым абавязаныя юбіляру. Нагадаем, Картэр пачаў прэзідэнцкую кампанію малавядомым на нацыянальным узроўні губернатарам не самага перадавога штата Джорджыя. Нечакана яго «правінцыялізм» стаў плюсам. Электарату спадабалася аддаленасць палітыка ад вашынгтонскіх інтрыг, накшталт Уотэргейцкага скандалу. Плюс харызма, у якой важную ролю грала шырокая ўсмешка, што стала брэндам Картэра. Карыкатура 1976 года.

photo_2024_10_20_17_10_33.jpg

У  1976 Картэр, будучы кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі, перамог рэспубліканца Джэральда Форда. Галоўнай фішкай знешняй палітыкі новай адміністрацыі ЗША ўпершыню стала ідэя абароны правоў чалавека. Прычым ва ўсім свеце. Пры гэтым Картэр паслядоўна ціснуў як на левыя, так і на антыкамуністычныя рэжымы, якія заўсёды лічыліся саюзнікамі ЗША. 

Паспрабаваў Картэр вырашаць і блізкаўсходняе пытанне. І на нейкі час мір сапраўды прыйшоў у рэгіён. У верасні 1978 года на сустрэчы ў Кэмп-Дэвідзе пад старшынствам Картэра прэзідэнт Егіпта Анвар Садат і прэм'ер-міністр Ізраіля Менахем Бегін дамовіліся аб міры, узаемным прызнанні і перадачы Егіпту Сінайскага паўвострава. Гэта завяршыла серыю з чатырох егіпецка-ізраільскіх войн, што вітала прэса, у тым ліку графікі.

photo_2024_10_20_17_10_41.jpg

А вось унутры краіны справы ў Картэра ішлі, мякка кажучы, кепска. Па стане на 1979 год рэпутацыя прэзідэнта была шмат у чым падарваная няўдалай унутранай і знешняй палітыкай, нафтавым і энергетычным крызісам, а таксама вельмі высокімі паказчыкамі беспрацоўя і інфляцыі, што адлюстравана ў карыкатурах таго часу. 

photo_2024_10_20_17_10_45.jpg

У красавіку 1979 года Картэр наведаў роднае мястэчка Плейнс з мэтай адпачыць і павудзіць рыбу. Падчас рыбалкі да яго лодкі падплыў дзікі вадзяны трусік і паспрабаваў забрацца ў лодку. Адбіваючы напад, прэзідэнт пусціў у ход вясло і адагнаў жывёлу. Праз некаторы час газеты выйшлі з загалоўкамі, накшталт «Прэзідэнт атакаваны трусам!» Многія, у тым ліку карыкатурысты, іранічна апісвалі эпічную бітву труса і прэзідэнта. Па факце гэтае здарэнне стала метафарай малапаспяховай і слабой палітыкі Картэра. 

photo_2024_10_20_17_10_48.jpg

Аднак наймацнейшы негатыў быў звязаны з крызісам закладнікаў — амерыканскіх дыпламатаў, якія трапілі ў палон да іранскіх фундаменталістаў падчас ісламскай рэвалюцыі 1979-га. Захоп супрацоўнікаў пасольства стаў прыніжэннем Амерыкі. Да пачатку прэзідэнцкай кампаніі 1980-га Картэр не змог дамагчыся вызвалення закладнікаў, што ахвотна выкарыстоўваў яго апанент Рональд Рэйган. На гэтай карыкатуры намаляваны дэбаты кандыдатаў. Акрамя кандыдатаў на іх прысутнічае захоплены іранцамі дыпламат. 

photo_2024_10_20_17_10_50.jpg

У выніку Картэр прайграў Рэйгану. Пасля завяршэння палітычнай кар'еры 39-ты прэзідэнт ЗША з жонкай заснавалі дабрачынны фонд. Апроч гэтага, ён напісаў некалькі кніг, навучыўся катацца на лыжах. А днямі вось адзначыў стагоддзе. За кошт чаго Картэр пабіў рэкорды даўгалецця? Першым чыннікам эксперты лічаць яго мэтанакіраванасць і любоў да працы. А вось адзін з мастакоў з гэтым не згодны. На яго думку, Джымі Картэр дасягнуў 100-гадовага ўзросту таму, што хоча дажыць да 5 лістапада, калі пройдуць выбары прэзідэнта, і прагаласаваць за кандыдата дэмпартыі Камалу Харыс. 

photo_2024_10_20_17_10_54.jpg