Расія працуе над стварэннем «альтэрнатыўнага інтэрнэту»
Маскву зацікавілі ідэі інфармацыйнай бяспекай Кітаю. Сістэма «Залаты шчыт» дазваляе кітайскім ўладам кантралююць інтэрнэт у сваёй краіне, паведамляе «Радыё Свабода».
Расійскія ўлады актывізавалі працу над стварэннем «альтэрнатыўнага інтэрнэту» паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на свае крыніцы.
Выданне нагадвае, што ў лістападзе леташняга году Рада бяспекі РФ даручыла Міністэрству сувязі і МЗС заняцца стварэннем уласнай сістэмы каранёвых сэрвераў DNS. Тады ідэя была раскрытыкаваная як занадта дарагая. Нягледзячы на гэта, праца над сістэмай працягваецца, пры гэтым расійскія ўлады сталі актыўна ўзаемадзейнічаць з Кітаем.
Паводле дадзеных газеты, Маскву зацікавілі ідэі галоўнага інжынера Цэнтру кіравання інфармацыйнай бяспекі Кітаю Фан Бінсіна. Ён з’яўляецца стваральнікам сістэмы «Залаты шчыт», дзякуючы якой кітайскія ўлады кантралююць інтэрнэт у сваёй краіне.
На травень 2018 году сістэма заблакавала 8 тысячаў сайтаў, сацыяльных сетак і СМІ, праз якія, на думку кітайскіх уладаў, распаўсюджваўся «непажаданы» кантэнт. Сярод іх — YouTube, Twitter, Instagram і амерыканскі тэлеканал HBO. Апошні быў заблакаваны пасля таго, як вядучы гумарыстычнага шоў параўнаў старшыню КНР Сі Цзіньпіна з Віні-Пухам.
Акрамя гэтага, паводле інфармацыі «Коммерсанта» на вераснёўскай сесіі генеральнай асамблеі ААН Расія прапануе рэзалюцыю па інтэрнэт-бяспецы. У адным з пунктаў дакумента сказана, што «правы, якія чалавек мае ў афлайнавым асяроддзі, могуць быць абмежаваныя ў мэтах аховы дзяржбяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва».