Размаўляць на сваёй мове — як форма пратэсту

Пасля палітычнай зачысткі ў Ганконгу адной з галоўных форм супраціву стала ўжыванне жыхарамі мясцовага дыялекту.

Дэманстрацыя ў падтрымку кантонскага дыялекту ў ліпені 2010. Фота Paul Wong. commons.wikimedia.org

Дэманстрацыя ў падтрымку кантонскага дыялекту ў ліпені 2010. Фота Paul Wong. commons.wikimedia.org

Калі ў 1997 годзе Ганконг быў вернуты Вялікабрытаніяй у склад Кітая, новая кітайская адміністрацыя гораду сутыкнулася ў тым ліку з моўнай праблемай. Большасць мясцовых жыхароў размаўляла на кантонскім дыялекце. У той жа час «мандарын» (ён жа пунтунхуа) — афіцыйная мова ў КНР, выкарыстоўвала толькі чвэрць насельніцтва.

Тое, што на поўдні Кітая ўзнік асаблівы моўны анклаў, абумоўлена гісторыяй рэгіёна. Паколькі поўдзень стаў ключавым камерцыйным цэнтрам знешняга гандлю  Кітая яшчэ ў 1700-х гадах, мясцовы кантонскі дыялект актыўна ўжываўся спачатку ў камерцыі, а пасля ў іншых сегментах грамадства. 

У мацерыковым Кітаі толькі на пачатку ХХ стагоддзя мандарынская мова была рэкамендавана да вывучэння ў дзяржаўных школах. Аднак сістэмна яе пачалі папулярызаваць толькі пасля прыходу да ўлады камуністаў у 1949 годзе. Ганконг і Макао, якія былі калоніямі Англіі і Партугаліі, гэтая моўная кампанія не закранула. Тут кантонскі дыялект заставаўся афіцыйным варыянтам кітайскай мовы як падчас, так і пасля заканчэння каланіяльнага перыяду. 

Характэрна, што ў першыя гады пасля рэінтэграцыі ў Кітай ганконгцы асабліва не пярэчылі прыходу кітайскай мовы. За два дзесяцігоддзі колькасць тых, хто карыстаецца ёю ў Гангконгу, вырасла ўдвая. 

Аднак потым быў зафіксаваны зваротны трэнд. Некаторыя жыхары Ганконга губляюць цікавасць да мандарына ці нават зусім адмаўляюцца размаўляць на ім. Лічыцца, што непрыманне афіцыйнай мовы КНР звязана з палітычнымі працэсамі. У 1997 годзе, напярэдадні ўз'яднання, гангконцы спадзяваліся, што горад захавае мадэль свабодных выбараў гарадской адміністрацыі. 

Аднак Пекін паступова ўзяў курс на, у тым ліку, палітычную асіміляцыю былой брытанскай калоніі. Прыкладна да 2015 года ўсе апазіцыйныя цэнтры былі ліквідаваныя, пратэсты (напрыклад, «рэвалюцыя парасонаў») задушаныя, а горадам зараз фактычна кіруе стаўленік цэнтра. Як пішуць некаторыя заходнія медыя, на сённяшні момант Ганконг знаходзіцца ў палітычным тупіку.

На фоне апісаных вышэй падзей для многіх тутэйшых путунхуа стаў непажаданым напамінам аб прымусовай інтэграцыі Ганконга ў сістэму Кітая. Як вынік, кантонская мова атрымала незвычайны імпульс для развіцця. 

Яшчэ прыкладна 10 гадоў таму ў мясцовых рэкламных аб'явах сталі публічна з'яўляцца першыя тэксты на кантонскім дыялекце, акрамя стандартнага кітайскага. Гэтая тэндэнцыя значна ўзмацнілася за апошнія чатыры гады. Шэраг валанцёраў склалі анлайн-слоўнік кантонскай мовы, дакументуюць яе гісторыю і фіксуюць нормы выкарыстання. Апублікаваны кантонска-ангельскі слоўнік, які даступны анлайн і ў выглядзе кнігі. 

Публічная знявага кантонскай мовы выклікае калектыўны пратэст. Аднойчы на сваім сайце гарадская адміністрацыя заявіла, што кантонскі дыялект — гэта «кітайскі дыялект, і таму не з'яўляецца афіцыйнай мовай». Гэта выклікала абурэнне ў форме петыцый і заяў, у якіх жыхары Ганконга сцвярджалі, што іх мова — гэта правільная форма кітайскай, а не проста дыялект. У выніку адміністрацыя была змушаная папрасіць прабачэння і выдаліць з сайта фразу аб другаснасці кантонскага дыялекту.

Сацыяльнае непрыманне путунхуа ў сваю чаргу трывожыць улады Ганконга і мацерыковага Кітая. Яны лічаць, што такім чынам людзі ставяць пад сумнеў сваю кітайскую ідэнтычнасць. Гэта, дарэчы, можа мець рацыю. Нядаўняе апытанне, праведзенае Універсітэтам Ганконга сярод гараджан, паказала, што толькі 31% рэспандэнтаў ганарацца тым, што з'яўляюцца грамадзянамі Кітая. Гэта значна менш, чым у папярэднія гады і з'яўляецца рэкордна нізкім паказчыкам з моманту пачатку правядзення падобных апытанняў у 1997 годзе. 

Таму Пекін у апошнія гады яшчэ больш узмацніў палітыку моўнай асіміляцыі ганконгцаў. Стаўка была зроблена на навучанне маладога пакалення. Прыкладна да 2017 года 70% усіх пачатковых школ і 25% сярэдніх школ у Ганконгу вучылі дзяцей мандарыну, а не кантонскай мове. Не абышлося без скандалаў. Міністэрства адукацыі абвінавачвалі, што ягоныя супрацоўнікі па сутнасці, «падкуплялі» школы, каб яны перайшлі з кантонскага дыялекту на мандарынскую мову.

Якія вынікі моўнага супраціўлення на сённяшні момант? Ацэнкі мясцовых экспертаў супярэчлівыя. Аптымісты сцвярджаюць, што кантонскі дыялект, магчыма, не ў поўнай меры карыстаецца «прэстыжам» нацыянальнай мовы, але ён вельмі важны і неабходны для ўсіх, хто жыве і працуе ў Ганконгу. 

Песімісты ў сваю чаргу занепакоеныя доўгатэрміновымі наступствамі насаджэння путунхуа ў Ганконгу, асабліва з улікам таго, што ўсё больш школ, здаецца, імкнуцца выкладаць на гэтай мове. Нягледзячы на нарастальную незадаволенасць моўнай палітыкай Пекіна, існуе неахвотнае ўсведамленне таго, што — пры амаль мільярдзе носьбітаў кітайскай мовы ў свеце — свабоднае валоданне мандарынам можа стаць ключом да багацця і поспеху. 

Таму мясцовыя жыхары па-ранейшаму занепакоеныя, што самабытная культура і самабытнасць горада ў канчатковым выніку будуць паглынуты мацерыковым Кітаем. А некаторыя пры гэтым лічаць, што родны горад памрэ як толькі памрэ ягоная мова.