Рэвалюцыя — Люстрацыя — Свабода!
Калі прыглядзецца, то можна ўбачыць вельмі шмат паралеляў. 17 лістапада ў Чэхіі і Славаччыне адзначаюць
гадавіну «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 году, якая пакончыла з камуністычным
рэжымам у тагачаснай ЧССР. Як гэта было, узгадвае Радыё Свабода.
Рэвалюцыя пачалася ў Празе даволі нечакана. У
цэнтры гораду 17 лістапада 1989 павінна была прайсці дазволеная ўладамі
студэнцкая акцыя, прысвечаная памяці ахвяр нацысцкіх рэпрэсіяў: за 50 гадоў да
гэтага, у лістападзе 1939-га, у акупаванай Празе былі здушаныя дэманстрацыі
пратэсту, арыштаваныя і расстраляныя дзевяць праскіх студэнтаў. Іх пераемнікі
праз паўстагодздзя, аднак, не абмежаваліся памінаннем загінулых — студэнцкія
дэманстрацыі, даволі шматлюдныя, перараслі ў некалькіх раёнах гораду ў
антыўрадавыя выступы.
У Чэхаславаччыне ўжо больш як год было
неспакойна, людзі ня раз выходзілі на несанкцыянаваныя акцыі пратэсту, якія
разганяліся ўладамі. Найбольш значныя з іх адбыліся ў жніўні 1988 — у дваццатую
гадавіну ўварвання ў Чэхаславаччыну войскаў краін Варшаўскай дамовы — і ў
студзені 1989, у памяць аб самаспаленні 20 гадамі раней студэнта Яна Палаха на
знак пратэсту супраць савецкай акупацыі.
Тым ня менш, да вечара 17 лістапада стала
ясна, што гэтым разам гаворка ідзе аб небывалых паводле маштабу пратэстах.
Паліцэйскі спэцназ блякаваў студэнтаў на Народным праспэкце ў цэнтры Прагі і
пачаў выцясняць іх у бакавыя вуліцы, пры гэтым жорстка збіваючы. Пацярпелі
больш за 500 чалавек. Пранёсся слых аб гібелі аднаго са студэнтаў. Гэтая
інфармацыя пасля не пацьвердзілася, але дэманстрантаў яна падбухторыла: у
наступныя дні да студэнтаў на вуліцах Прагі далучыліся іншыя гараджане, сітуацыя
пачала выходзіць з-пад кантролю ўладаў.
18 лістапада розныя апазіцыйна настроеныя
групы стварылі адзіную арганізацыю — Грамадзянскі форум, нефармальным лідэрам
якога неўзабаве стаў драматург-дысідэнт Вацлаў Гавэл. У Славаччыне паўстаў
аналягічны рух «Грамадзкасць супраць гвалту». Палітычнымі арганізацыямі ў
поўным сэнсе слова яны спачатку не з’яўляліся і задачу ўзяцця ўлады перад сабой
не ставілі. Аднак сітуацыя на вуліцах Прагі і іншых гарадоў усё змяніла ў
лічаныя дні.
У апошнюю дэкаду лістапада масавыя выступы не спыняліся, а ўлада выглядала паралізаванай. На той час у суседніх з Чэхаславаччынай краінах камуністычныя рэжымы былі альбо ўжо зрынутыя, альбо блізкія да падзення. Савецкае кіраўніцтва на чале з Міхаілам Гарбачовым, чыя палітыка «перабудовы» падштурхнула рэвалюцыйныя працэсы ва Ўсходняй Эўропе, адмовілася ад сілавога ўмяшання ў сітуацыю.
Нарэшце, сам чэхаславацкі рэжым не быў адзіны:
састарэлы прэзідэнт ЧССР Густаў Гусак і лідэр кампартыі Мілаш Якеша не
карысталіся шырокай падтрымкай нават у шэрагах апарату КПЧ. У выніку ўлада
камуністаў, якая пратрымалася амаль 42 гады, на працягу некалькіх тыдняў стала
здабыткам гісторыі.
Пра «аксамітную рэвалюцыю» як гістарычны
фэномэн у інтэрв'ю Радыё Свабода разважае чэскі гісторык, навуковы супрацоўнік
Інстытуту сучаснай гісторыі Акадэміі навук ЧР Павел Мюке:
— Як чэскае грамадства цяпер успрымае падзеі
лістапада — снежня 1989? Ці можна лічыць, што яно ў дастатковай меры
інфармаванае пра іх? Паводле нядаўняга сацыялягічнага апытання, 10% чэхаў ва
ўзросце да 30 гадоў наогул ня ведаюць, што, уласна, адзначаецца 17 лістапада...
— Чэскае грамадства стала за гэтыя гады,
натуральна, разнастайным, у ім адыгрывае вялікую ролю тая маладая ўзроставая
катэгорыя, пра якую вы згадалі. Для гэтых людзей «аксамітная рэвалюцыя» —
падзея амаль гэтак жа далёкая, як Другая сусветная вайна. Так што тут ужо
адыгрывае ролю не асабісты вопыт, а школа, мас-мэдыя, самаадукацыя... У цэлым
інфармаванасць людзей пра тыя падзеі, як мне ўяўляецца, даволі высокая. Іншая
размова, што ня ўсе гісторыяй цікавяцца. Але я б не наважыўся каго-небудзь
папракаць у тым, што яго не цікавяць тыя альбо іншыя рэчы.
— Распаўсюджаныя ўяўленні аб тым, што бяз
добрай волі Масквы, у першую чаргу Міхаіла Гарбачова, не было б ні «аксамітнай
рэвалюцыі», ні іншых тагачасных пераменаў у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй
Эўропы...
— Знешні фактар, вядома, ніяк нельга скідаць з
рахунку. Калі б Міхаіл Гарбачоў не стаў лідарам СССР, не пачаў палітыку
«перабудовы і галоснасці» і не адмовіўся б ад сілавога ўтрымання
ўсходнееўрапейскіх сатэлітаў, перамены ў нашым рэгіёне былі б наўрад ці здзяйсняльныя.
З іншага боку, не бывае рэвалюцыяў без масавага ўздыму, бяз «вуліцы». Так што
тут у працэнтах разлічыць цяжка, але, вядома, падзеі за мяжой прыкметна
паўплывалі на тое, што адбывалася ў Чэхаславаччыне. Можна сказаць, што на
ўсходзе Эўропы тады паўстаў «эфект даміно»: варта было ўпасці аднаму рэжыму, як
захісталіся і астатнія.
— А наколькі само чэхаславацкае грамадства
тады было гатовае да пераменаў? Ці было моцным імкненне да іх, дапусцім, у
правінцыі? Бо «аксамітная рэвалюцыя» часта ўспрымаецца як перш за ўсё
сталічная, праская, ды яшчэ і інтэлігенцка-студэнцкая...
— Да любой рэвалюцыі, мабыць, нельга
падрыхтавацца загадзя. Ніхто не чакаў, што падзеі пачнуцца менавіта тады, калі
яны пачаліся, а тым больш — што яны будуць развівацца так хутка. Характэрна,
што рэвалюцыя заспела знянацку як тагачаснае камуністычнае кіраўніцтва, так і
дысідэнтаў. У справу ўступілі «нечаканыя» фактары ў выглядзе якраз студэнцкага
руху, а потым і мноства іншых людзей, якія да таго часу асаблівай
грамадзка-палітычнай актыўнасці не праяўлялі.
Што тычыцца «праскага» характару рэвалюцыі, то так, яна пачалася ў Празе, але многія няпраскія падзеі ў агульным кантэксце неяк забыліся, а гэта няправільна. Напрыклад, тагачасныя экалягічныя выступы на поўначы Чэхіі, у горадзе Тэпліцэ — гэта не былі непасрэдна акцыі пратэсту супраць рэжыму, але гэта было прыкметнай праблемай, якая хутка, як і ўсё тады, палітызавалася. А затым усе гэтыя выступы зліліся ў адзін паток. І, калі пафантазаваць, не пачніся ў Празе падзеі 17 лістапада, невядома, ці не адзначалі б мы сёння гадавіну тых дэманстрацыяў на поўначы Чэхіі як падзеі, якая паклала пачатак рэвалюцыі.
— А чаму рэжым абрынуўся так хутка, за пару
тыдняў? Бо сярод ўсходнеэўрапейскіх камуністычных дыктатураў чэхаславацкая
адносілася хутчэй да найбольш жорсткіх — разам з рэжымамі Румыніі і ГДР. Што
адбылося?
— Прычынаў было некалькі. У рамках
камуністычнай іерархіі тады ўжо супернічалі розныя плыні. Да гэтага трэба
прыплюсаваць эканамічныя фактары, а пасля 17 лістапада — гэтую хвалю грамадзкай
актыўнасці, якая раптам узнялася, ціск «вуліцы». Паўстаў свайго роду
сінергетычны эфект.
Вырашальнымі сталі адзін-два тыдні, падчас
якіх рэжым спрабаваў неяк мабілізаваць сваіх нешматлікіх прыхільнікаў. Былі
спробы перакінуць у Прагу «народную міліцыю» — нешта накшталт узброеных дружыннікаў,
распаўсюджваліся МУС і таемнай паліцыяй нейкія праўрадавыя заклікі і пэтыцыі...
Але шалі вагаў хутка схіліліся на другі бок, і пачало праяўляць сябе, так бы
мовіць, больш прагрэсіўнае крыло ў шэрагах самой КПЧ, напрыклад, будучы прэм’ер
Марыян Чалфа.
Але гэта было і на мясцовым узроўні — пачалася масавая здача партыйных білетаў. Многія з нядаўніх камуністаў далучыліся да Грамадзянскага форуму і тым самым сталі часткай рэвалюцыі.
— Калі казаць пра тое, што прыйшло пасля
рэвалюцыі — возмем законы аб люстрацыі, прынятыя ў пачатку 90-х гадоў. Яны былі
закліканы перакрыць шлях у палітыку прадстаўнікам камуністычнага рэжыму, перш
за ўсё спецслужбаў. Гэтыя законы выканалі сваю гістарычную функцыю?
— Гэтыя законы былі вынікам імкнення, з аднаго
боку, разабрацца са сваім мінулым, а з другога — не дапусціць вяртання ў
кіраўніцтва краіны прадстаўнікоў далістападаўскіх кіруючых колаў. У прынцыпе,
гэтага ўдалося дамагчыся.
З іншага боку, выглядае дзіўна той факт, што і цяпер, праз столькі гадоў пасля рэвалюцыі, гэтыя тэмы застаюцца прадметам ажыўленай палітычнай палемікі. Цяжка ўявіць сабе, каб цяпер сур’ёзна хтосці разглядаў магчымасць вяртання да сітуацыі, якая існавала да лістапада 1989 году, а галоўнае — як бы ён хацеў гэтага дамагчыся? Па-мойму, сваёй мэты гэтыя законы дасягнулі і цяпер хутчэй з’яўляюцца здабыткам мінулага — але ў той жа час актыўна выкарыстоўваюцца ў палітычнай барацьбе, — адзначае чэскі гісторык Павел Мюке.