Самыя вядомыя скандалы Сільвіа Берлусконі. Дасье ў карыкатурах

Сільвіа Берлусконі сярод іншага вядомы тым, што быў галоўным героем шматлікіх скандалаў. З дапамогай карыкатур успомнім самыя гучныя з іх.

8_192.jpg

Карыкатура ў The Independent

Берлусконі стаў публічнай фігурай у 1980-х, калі заснаваў першы ў Італіі камерцыйны тэлеканал і шмат інвеставаў у футбольны клуб “Мілан”. Але ўжо тады да яго бізнесу было шмат пытанняў. У 1990-х імідж Сільвіа сапсавала інфармацыя аб тым, што ён з'яўляецца чальцом вядомай масонскай ложы P2. P2 аб'ядноўвала прадстаўнікоў розных элітаў — чыноўнікаў, вайскоўцаў, журналістаў, прадстаўнікоў спецслужбаў, і была распушчаная ў 1981 годзе як падрыўная арганізацыя.

Акрамя таго, суд Палерма ўстанавіў, што яшчэ ў 1970-я — 1980-я гады Берлусконі быў звязаны з лідарамі сіцылійскай мафіі праз свайго паплечніка. Нядзіўна, што па ходзе таго як бізнес-імперыя Берлусконі пачала пашырацца, яе ўладальніка пачалі параўноўваць з мафіёзі. Напрыклад, на малюнку мастака рэсурсу Toonpool Сільвіа выглядае як спрут — так называўся вядомы ў 1980-я гады італьянскі серыял пра мафію.

1_735.jpg


На рубяжы 1980-х — 1990-х у Італіі мела месца серыя палітычных скандалаў, у выніку якіх высветлілася, што практычна ўся эліта карумпаваная. Усе старыя партыйныя цэнтры ўмомант былі дыскрэдытаваны. “Кавалер” (так на той момант празвалі ў прэсе Сільвіа) скарыстаўся момантам, стварыў партыю Forza Italia і пайшоў на выбары, на якіх трыўмфальна перамог. Зрэшты, перамогу яму забяспечыў папулізм (Берлусконі, напрыклад, расказваў, як горача любіць печыва мамы) плюс кантроль над самымі папулярнымі каналамі ТБ. На малюнку мастака Патрыка Чапатта італьянская сям'я не можа знайсці ў тэлевізары канал, які не паказваў бы кандыдата ад Forza Italia. Нядзіўна, што прэса неаднаразова абвінавачвала Берлусконі ў маніпуляцыі электаратам.

2_680.jpg


У маі 1994 года Кавалер быў абраны прэм'ер-міністрам Італіі. Улетку гэтага ж года ён атрымаў шэсць павестак з пракуратуры ў сувязі з абвінавачаннямі ў карупцыі і падатковых махінацыях. Палітыка абвінавацілі ў падатковых парушэннях, а праз некалькі месяцаў суд прыгаварыў прэм'ера да палутара гадоў турмы. Карыкатурыст Paresh адлюстраваў наступным чынам працэс, які прывёў Сільвіа за краты. Зрэшты, Берлусконі неяк выкруціўся. І не толькі на гэты раз. Частка ініцыяваных супраць яго крымінальных працэсаў скончылася турэмнымі тэрмінамі, якія, зрэшты ён ні разу не адседзеў. Кожны раз Вярхоўны суд ануляваў прысуды ніжэйшых інстанцый.

3_611.jpg


Адзін з самых гучных скандалаў з удзелам Сільвіа Берлусконі вядомы як «Рубігейт». У 2010 годзе стала вядома, што Берлусконі нібыта плаціў за секс з непаўнагадовай танцоркай начнога клуба вядомай як "Рубі". У рэшце рэшт Берлусконі было прад'яўлена абвінавачанне за секс з непаўнагадовымі і злоўжыванні ўладай. Мастак Дэрыл Кэгл адлюстраваў сітуацыю так: на яго малюнку Берлусконі ганяецца за Рубі, а Феміда ганяецца за Берлусконі. Зрэшты, нягледзячы на прысуд, пасля апеляцыі Берлусконі быў зноў апраўданы.

4_573.jpg


«Рубігейт» стаў прэлюдыяй да новага буйнага скандалу. Палітыка абвінавацілі ў арганізацыі оргій, вядомых як "бунга-бунга" на віле пад Міланам. Стала вядома, што на "бунга-бунга" Берлусконі выдаткаваў агулам каля 4 млн даляраў. Сільвіа прыцягваў да такіх забаў і сваіх палітычных партнёраў, якім усё аплочваў. Увесь свет іранізаваў над сексуальна заклапочаным італьянскім палітыкам. У тым ліку мастак амерыканскага часопіса The New Yorker

5_527.jpg


Яшчэ ў 2000-я прэса пачала адзначаць занадта цёплыя адносіны паміж Берлусконі і Пуціным. Палітыкі неаднаразова сустракаліся і падтрымлівалі адзін аднаго на міжнароднай арэне. Італьянская энергетычная кампанія Eni устанавіла партнёрскія адносіны з расійскімі энергетычнымі кампаніямі, а ўрад Берлусконі падтрымаў будаўніцтва газаправода "Паўднёвы паток". Таксама Берлусконі выступаў за змякчэнне еўрапейскіх санкцый пасля анексіі Крыма. Усё гэта неаднаразова выклікала скандалы, паколькі, па меркаванні прэсы, гэтыя кантакты не былі платанічнымі. На малюнку аўстрыйскага мастака Мар'яна Камінскі фармат адносін Сільвіа і Уладзіміра выглядае вось так.

6_397.jpg


Вельмі часта Берлусконі трапляў у скандалы з-за сваіх грубых жартаў. Напрыклад, у 2008 годзе падчас сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым Сільвіа Берлусконі адзначыў, што Барак Абама «малады, сімпатычны і нават загарэлы». У ЗША ўбачылі ў гэтым расізм і патрабавалі афіцыйнага прабачэння, аднак Рым іх так і не прынёс. У 2011 годзе ўдзельнікам чарговага скандалу стала Ангела Меркель, якой Берлусконі адрасаваў вельмі вульгарныя «кампліменты». Журналісты нават не наважыліся цытаваць гэтыя словы. Мастак выдання The Times вось так выяўляў гэтую сцэну. На малюнках Кавалер прызнаецца Ангеле, што іх адносіны дасягнулі дна.

7_286.jpg


І вось Кавалера не стала. Да канца жыцця ён так і не адбыў пакаранне за фінансавыя аферы, карупцыю, хабары, удзелу ў сексуальных скандалах. Фактычна Берлусконі стаў піянерам палітычнага персанальнага папулізму на Захадзе. Хутка ў яго з'явілася шмат прыхільнікаў, што сёння ператварылася ў сапраўдны трэнд, які на вачах падрывае фундамент еўрапейскай дэмакратыі. Таму напэўна, больш за ўсё па сыходзе Сільвіа сумуюць аўтарытарныя папулісты, як гэта выяўлена на карыкатуры мастака выдання The Independent.

8_192.jpg