Адэса: Страсці па «Гумарыне»
У змене фармату славутай адэскай «Гумарыны» шмат хто ва Украіне бачыць палітычны падтэкст. Пра падрабязнасці скандалу чытачам "Новага Часу" распавядае адэскі мастак Аляксандр Шаўчук.
Фота www.ukraina.bezsekretov.com
— Чым увогуле новы фармат «Гумарыны» адрозніваецца ад папярэдняга?
— «Гумарына», як вядома, паўстала ў 1973 годзе і ўжо праз тры гады трапіла пад забарону, каб адрадзіцца толькі ў часы Перабудовы. Яе цвіком было карнавальнае шэсце па Дзерыбасаўскай, калі кожны ўдзельнік акцыі мог нейкім чынам прадставіць сябе. Такая схема захоўвалася практычна да 2014 года, калі з-за складанай сітуацыі ў краіне было вырашана афіцыйных мерапрыемстваў не праводзіць. Праўда, некаторыя энтузіясты ўсё роўна спрабавалі 1 красавіка займацца вулічнай «самадзейнасцю». Вырашылі адмовіцца ад «Гумарыны» і ў мінулым годзе. Цяпер «Гумарына» вяртаецца, аднак ужо без традыцыйнага шэсця. У мэрыі думаюць абмежавацца так званымі «лакацыямі» — канцэртнымі кропкамі і вялікім фінальным канцэртам ля помніка Дзюку.
— Чым у мэрыі матывуюць забарону шэсця?
— Матывуючы такое рашэнне, у мэрыі паскардзіліся, што ў натоўпе гледачоў мінулых гадоў назіраецца мала вясёлых касцюмаў, ад вялікіх шэсцяў не дасягаецца патрэбнага эфекту. Таму іх і вырашылі згарнуць. Увогуле, у мэрыі шмат планаў наконт «Гумарыны» аж да таго, каб перанесці свята на больш цёплую пару года, паколькі 1 красавіка ў Адэсе ўсё ж яшчэ холадна, і гэта сапраўды стрымлівае турыстаў. У якасці новай даты прапануецца 1 мая. Як кажа адзін з чыноўнікаў, Адэса ў гэты дзень магла б паказаць свету, што гэта не свята працоўных, а свята вясёлых працоўных. Рэформу абяцаюць ужо на наступны год.
— У адэскіх выданнях можна сустрэць незвычайны тэзіс. Некаторыя адэсіты выступаюць за захаванне «неафіцыйнага» фармату «Гумарыны», які меў месца апошнія два гады. Маўляў, афіцыйная «Гумарына» ператварылася ў нейкую вакханалію алкагалізму і нізкай культуры.
— Прыкладна з часоў мэра Гурвіца «Гумарына» сапраўды стала камерцыйнай акцыяй, якую шырока падтрымлівалі піўныя кампаніі. Таму 1 красавіка цэнтр горада быў перапоўнены ў тым ліку п’янай правінцыйнай моладдзю, якая паводзіла сябе трошкі нахабна і некультурна. Гэта заўсёды выклікала бытавы пратэст сярод адэсітаў, якім хочацца больш камернага, душэўнага фармату свята. Акрамя таго, адчуваецца настальгія па старых «Гумарынах» 1970–1980-х гадоў.
Фота www.km.ru
— Чаму некаторыя лічаць, што забарона шэсця на 1 красавіка — палітычнае рашэнне?
— Гэта пазіцыя апазіцыйнага антымайданаўскага лагеру. Сцвярджаецца, што гарадская ўлада баіцца, што падчас вулічнага карнавалу будзе гучаць жорсткая крытыка на адрас Кіева, дзе хапае неадэкватных палітыкаў. Актыўна праводзіцца паралель з часамі румынскай акупацыі падчас Другой сусветнай вайны, калі ў горадзе таксама дзейнічала суровая забарона на культурныя імпрэзы.
Што можна на гэта сказаць? Калі шчыра, лепшыя «Гумарыны» 1970-х – першай паловы 1980-х гадоў, сапраўды, былі глытком свабоды ў застойным грамадстве, насілі прыкметы смехавага палітычнага пратэсту. І адэскі гумар — гэта не пустое зубаскальства, а заўсёды — сарказм з нагоды. А нагодаў для смеху з нашых чыноўнікаў проста мора. Як кажуць на Прывозе: «У нас цяпер круглы год «Гумарына».
З іншага боку, відавочна, што ў мэрыі няма сродкаў для арганізацыі «Гумарыны», як раней. Акрамя шэсця, улады адмовіліся ад іншых імпрэзаў — аўтапрабегу старых аўтамабіляў, абавязковых кінакамедый у кінатэатрах і камедый у тэатрах, адкрыцця новай скульптуры ў адным з паркаў, шматлікіх конкурсаў. Нават запрасіць Міхаіла Жванецкага і іншых вядомых артыстаў камічнага жанру няма грошаў. Таму, думаецца, што палітычны аспект не быў на першым месцы, калі абмяркоўвалі новы фармат свята.
— Як ацэньваюць новы фармат «Гумарыны» прамайданаўскія партыі?
— Як не дзіўна, нацыяналісты таксама крытыкуюць новую формулу «Гумарыны». Праўда, у іх іншы падыход. На іх думку, смяяцца падчас вайны на Усходзе, адкуль стала ідуць пахаронкі, амаральна. Таксама звяртаецца ўвага на тое, што раней «Гумарына» адзначалася толькі 1 красавіка, а ў гэтым годзе, калі ў краіне гінуць людзі, чамусьці вырашаюць падоўжыць святкаванне аж да 3 красавіка. На думку прамаўданаўскіх сіл, гэта проста ні ў якія рамкі прыстойнасці не ўваходзіць. Нацыяналісты таксама пужаюць мэрыю перспектывай масавых беспарадкаў падчас «Гумарыны», якія могуць арганізаваць прарасійскія палітсілы.
— Чаго, на вашу думку, можна чакаць ад «Гумарыны–2016»?
— Што б ні пісалі палітыкі, людзі ўсё роўна выйдуць у цэнтр. Адэса ў любым выпадку будзе смяяцца. Я асабіста думаю, што вельмі шмат жартаў будзе з нагоды таго, што менавіта ў Дзень дурня газ для ўкраінцаў падаражае на 60 працэнтаў.